СТАРЫЯ ДАРОЖКІ

Людзі любяць размаўляць пра палітыку, крытыкаваць дзеяньні ўлады, стараюцца зразумець становішча і прычыны падзей. Тым часам шмат якія падзеі і зьявы маюць пастаянную тэндэнцыю і пастаянны характар пераменаў, паўтараюцца з году ў год і нават — зь веку ў век, існуюць стагоддзямі. Асабліва ў зьнешняй палітыцы, якая моцна ўплывае на ўнутранае наша жыцьцё.

Значыць, існуюць пастаянныя прычыны такіх тэндэнцыяў. Гэтыя прычыны абумоўленыя, перш за ўсё, балянсам сілаў і парадкам у сьвеце.

Тэндэнцыі сьветабудовы ў Эўропе не зьмяняюцца ўжо тысячы гадоў і ўзьніклі яшчэ за часы Рымскай імпэрыі. Яны выяўляліся ў сутыкненьні цывілізацыі і варвараў, пазьней — Захаду і Ўсходу у супроцьстаяньні ўзаемных экспансіяў.

Тым часам парадак дачыненьняў зьмяняўся некалькі разоў за гісторыю, у залежнасьці ад разьмеркаваньня сілаў у гэтых тэндэнцыях.

У позьнім сярэднявеччы (а менавіта ў ХІV-ХVII стагоддзях, якія мы, беларусы, называем для сябе “Залатым векам") балянс тэндэнцыяў на Ўсходзе Эўропы у значнай ступені вызначаўся існаваньнем Вялікага Княства Літоўскага і пазьней — Рэчы Паспалітай.

Моцная славянская краіна распрасьціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора і трымала пад кантролем ўвесь Усход Эўропы. Вялікае Княства выконвала тут стабілізуючую ролю. Дзяржава ўзьнікла на старажытным міжморскім шляху і амартызавала дзьве ўзаемавыключаючыя экспансіі: цывілізацыйную з Захаду і варварскую — з Усходу. Пасьля распаду Рымскай імпэрыі цывілізацыйную функцыю зьяднаньня Эўропы і пашырэньня яе на Усход узялі на сябе немцы. На Усходзе, пасьля распаду Залатой Арды, разбуральную варварскую экспансію на Захад пераняла Масковія.

На працягу стагоддзяў старажытная беларуская цывілізацыя трымала ўдары з Усходу і з Захаду пільнуючы пэўны парадак у гэтай частцы Эўропы. Стабілізуючая роля нашай краіны, аднак, паступова малела, разам з заняпадам магутнасьці Вялікага Княства. Заключэньне Люблінскай Уніі з Польшчай і ўтварэньне Рэчы Паспалітай не ўратавала становішча, бо прывяло да аб'яднаньня нямецка-расейскіх інтарэсаў. Антаганісты з Захаду і з Усходу не хацелі існаваньня Рэчы Паспалітай, кожны імкнуўся ўступіць на тэрыторыю, што ляжала паміж інтарэсамі.

Менавіта немцы, ажыцьцяўляючы свае пляны, прычыніліся ў XVIII стагоддзі да арганізацыі і росту магутнасьці Расейскай імпэрыі. Лёс Рэчы Паспалітай быў вырашаны. У канцы XVIII стагоддзя яна перастала існаваць.

Адбылася кардынальная перамена становішча і парадку ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе. Становішча стала нестабільным, бо дзьве экспансійныя лініі адвечнага цывілізацыйнага канфлікту сустрэліся “твар у твар" і выйшлі на агульныя межы.

Глябальнае ваеннае сутыкненьне паміж імі стала непазьбежным, але адбылося яно толькі праз сто гадоў (у 1914-м), таму што спатрэбілася яшчэ сто гадоў, каб палітычна пераварыць Беларусь, Польшчу, Летуву і Украіну, ды задушыць чатыры паўстаньні.

Пасьля сканчэньня 1-й Сусьветнай вайны міру фактычна не наступіла. Гэта была толькі перадышка, бо нестабільнае становішча ў Цэнтры і на Усходзе Эўропы, створанае пасьля разбораў Рэчы Паспалітай, яшчэ больш абвастрылася. Беларусь падзялілі, а з існаваньнем незалежнай Польшчы ніхто сур'ёзна не лічыўся. Немцы і рускія (то бо Гітлер і Сталін) праводзілі ўзгодненую палітыку.

У 1939 годзе яны зноў сумесна вышлі “твар у твар" на лінію Керзона — часовы геапалітычны падзел. Вайна запалала ізноў.

Ялцінскі эўрапейскі парадак, які ўзьнік пасьля 2-й Сусьветнай вайны, гэта ёсьць той самы парадак, што стварылі пасьля разбораў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя, толькі папраўлены цяпер Злучанымі Штатамі Амэрыкі, якія ўзялі на сябе ролю стрымліваючага фактару.

У 1991 годзе, калі часткова распаўся Савецкі Саюз і аднавіліся незалежныя краіны Усходняй Эўропы, тады зьмянілася і пасьляялцінская сітуацыя, і ўпершыню за 200 гадоў гісторыі ўзьнікла магчымасьць аднавіць Усходнюю Эўропу паміж Балтыкай і Чорным морам, як цывілізацыйны фактар, адрадзіць на новым, незалежным узроўні, той, больш надзейны парадак, які існаваў два стагоддзі таму.

Але аказалася, што ня так гэта проста. Аказываецца, шмат каго ўзнэрвавала пэрспэктыва Балта-Чарнаморскага адзінства ў Эўропе. Аказалася, што зноў сталі супрацоўнічаць старыя сябры-ворагі немцы-рускія, зноў гандлююцца за Беларусь з Расеяй. А нядаўна нямецкі дыплямат у Беларусі Ганс-Георг Вік (былы кіраўнік зьнешняй разьведкі Нямеччыны) так і заявіў у Беластоку, што нямецкая палітыка ў АБСЭ спрыяе ўключэньню Беларусі ў склад Расеі. Выяўляецца, што яны ўжо зноў таемна падзялілі Усходнюю Эўропу пад прыкрыцьцём размоваў аб “правах чалавека".

Яны зноў інтэгруюцца. На Усходзе — хочуць вялікадзяржаўнай Расеі; на Захадзе — аб'яднанай Эўропы. Хто хоча дамінаваць на Усходзе — зразумела. Хто ў Заходняй Эўропе — таксама зразумела. (Калі ня немцы, то Дойчэ Банк.)

Гэтак фармальныя абставіны і пэўныя расстаноўкі сілаў на старым кантыненце ўплываюць на “старыя дарожкі" старых дачыненьняў.

Мушу сказаць, што гэтая змора, гэты кашмар нямецка-рускай палітыкі ўжо стагоддзямі вісіць над Беларусяй і Польшчай. Сітуацыя, якая зноў адраджаецца цяпер, ужо (як мы бачылі) была ня раз і вядзе яна зноў да старога цывілізацыйнага канфлікту, разьвіцьцё якога можа рэальна пачацца, калі давядуць да інкарпарацыі Беларусі ў Расею. Ведаючы правілы гісторыі і назіраючы цяперашнія працэсы ў нашай частцы сьвету мы бяз цяжкасьці зразумеем, што Заходняя Эўропа — вельмі ненадзейны памочнік Беларусі ў яе беларускай нацыянальнай драме. Дамінацыя нямецкай палітыкі тут штораз павялічваецца, узаемадзеяньне Нямеччыны з Расеяй ёсьць гістарычна і сітуацыйна угрунтаванае, палягае на ўзаемных антаганізмах і агульных інтарэсах. Яны ўжо вызначаюць лёс Усходняй Эўропы: Беларусь — пад Расею, Польшчу — у Эўразьвяз.

Дзьве высновы напрошваюцца з таго, што ёсьць. Першая — гэта тое, што наша галоўнае спадзяваньне павінна быць спадзяваньнем на самых сябе. Наша сіла — у нас самых.

Другая выснова ў тым, што пэрспэктыва Беларусі зьлепшала б, калі б у новай расстаноўцы зьявілася трэцяя сіла. Сто гадоў таму не было такой сілы. Цяпер гэта можа быць Амэрыка.

Сёлета распачынаецца чарговая палітычная бітва за Беларусь.* У яе, магчыма, уключыцца і Амэрыка. Але ізноў жа, не забывайма: вырашае ні Амэрыка, ні Масква і ні Брусэль. Вырашае Беларусь і Беларускі Народ.

* Маюцца на ўвазе выбары прэзыдэнта ў Беларусі (аўт.)

Зянон Пазьняк