АБ РЭПРЭСІЎНЫМ ЗАКАНАДАЎСТВЕ РЭЖЫМУ

Заява

Ў лістападзе-сьнежні 2005 года нелегітымныя “палаты” і “сэнат” зацьвердзілі папраўкі ў Крымінальны кодэкс. Практычна ў крымінальнае заканадаўства вернуты сталінскі рэпрэсіўны артыкул № 58, паводле якога былі рэпрэсаваныя, зьнішчаныя, растраляныя мільёны беларусаў.

Беларусаў зноў хочуць крымінальна перасьледваць за крытыку акупацыйнай улады і незадавальненьне жыцьцём ва ўмовах прамаскоўскага рэжыму.

Вяртаньне да збочанасьці сталінскага заканадаўства — гэта заканамерны вынік разгортваньня антыбеларускай палітыкі. Маскоўска-лубянскія стратэгі рукамі Лукашэнкі, скарыстаўшы ягоны страх перад выбарамі, падрыхтавалі сабе псэўдазаконную падставу для апраўданьня рэпрэсіяў супраць беларусаў у пэрыяд выбараў, а таксама у працяг далейшага вынішчэньня беларускай нацыі.

Гэта лягічнае прадаўжэньне гэбоўскай антычалавечай палітыкі, разьвіцьцё якой прыводзіць да масавага зьнішчэньня людзей, генацыду і калючага дроту.

Але дарэмна спадзяюцца нішчыцелі Беларусі, што ім зноў удасцца стварыць і паўтарыць тое, што зрабілі яны ў 1920-1940-х гг. Беларусы не забыліся пра гэтыя злачынствы і пра тых, хто забіваў народ ў Курапатах. Гісторыя не паўтараецца. Яны яшчэ дрэнна ведаюць беларусаў, калі зьбіраюцца паўтараць свае злачынныя экспэрымэнты над народам. Але беларусы павінны ведаць пра зьмест іхных плянаў, мусяць гуртавацца вакол ідэі вольнай незалежнай Беларусі і рыхтавацца, каб недапусьціць вынішчэньня людзей і зьневажэньня Радзімы.

Вялікі беларускі народ жыў і будзе жыць. Ніякія пляны нішчыцеляў ня спыняць яго сьветлую будучыню і вечнае існаваньне.

11 сьнежня 2005 г.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ