СЛАВА СЛУЦКІМ ГЕРОЯМ
Дарагія беларусы! Дарагія суайчыньнікі! Дарагія случакі!
Сёньня мы адзначаем 80-я ўгодкі падзеі, якая мае вялікае ідэйнае і духовае значэньне ў Беларускай гісторыі. 80 гадоў таму беларусы Случчыны паўсталі, каб бараніць незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ад расейска-бальшавіцкай навалы. Гэта было агульнае рушэньне. Падняўся ўвесь народ. Імгненна сабралася войска дабраахвотнікаў, колькасьцю больш за 10 тысячаў чалавек. Не хапала зброі, не было амуніцыі і рыштунку, але беларусы гатовыя былі змагацца з расейскім ворагам за незалежнасьць Беларусі хоць голымі рукамі. Ніхто не жадаў быць пад расейска-бальшавіцкай уладай.
Вось гэты прыклад паводзінаў, гэтая гатовасьць змагацца за волю, за нацыянальны гонар і народную долю ёсьць надзвычай важным узорам для ўсіх нас цяпер, калі на Беларусі пануе прарасейская дыктатура, калі працягваецца ўнутраная акупацыя краіны і незалежнасьць Бацькаўшчыны пад пагрозай.
Свабоду здабывае той народ, які здольны змагацца за незалежнасьць дзяржавы любымі сродкамі і ня лічыцца з сілай ворага. 3 ворагамі, якія ломяцца ў наш дом, трэба ваяваць, хоць бы яны былі веліканамі, хоць бы іх была цьма. Нават птушка малая абараняе сваё гняздо ад вялізнага зьвера, нават мізэрныя пчолы бароняць свайго вульля.
Гэтак змагаецца за сваю радзіму малалікі, але духоўна моцны чачэнскі народ. Ён годны павагі і ён пераможа.
Слуцкія змагары гэтак жа, як Тадэвуш Касьцюшка, Кастусь Каліноўскі, Эмілія Плятар, Францішак Багушэвіч, далі нам прыклад змаганьня, паказалі ўзор паводзінаў беларуса, калі ў яго Бацькаўшчыну лезе акупант.
Наступнае, што трэба адзначыць. Слуцкі Збройны Чын засьведчыў напад войскаў бальшавіцкай Расеі на Беларускую Народную Рэспубліку. Два Слуцкія палкі, аб'яднаныя ў Першую Беларускую Дывізію, баранілі БНР ад агрэсіі Расеі. Гэта была вайна з рускім акупантам.
Вось што заявіла Беларуская Рада Случчыны 21 лістапада 1920 году:
“У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня за самастойнасьць і свабоду, Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону нашае Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету аб тым, што Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах. Абвяшчаючы аб гэтым і выражаючы волю народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаэемных захопнікаў і ў выпадку патрэбы — нават сілаю аружжа. Ня гледзечы на лічбавую перавагу ворага, думаем, што наша справа — справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе”.
У гэты ж самы час у сярэдзіне лістапада ў Мазыры генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч пацьвярджае незалежнасьць БНР і аб'яўляе сваё пяцітысячнае войска войскам Беларускай Народнай Рэспублікі. У Мазыры быў створаны Часовы Ўрад БНР на чале з В. Адамовічам. Войска БНР пачынае адбіваць напады бальшавікоў.
Беларускую Народную Рэспубліку ў яе абарончай вайне тады не падтрымалі ні Антанта, ні Нямеччына, ні Польшча. Эўропа тады прадала Беларусь гатак жа, як цяпер прадала Чачэнію. У сьнежні войска генэрала Булак-Балаховіча і Слуцкія палкі вымушаныя былі адыйсьці перад мільённай расейска-бальшавіцкай ардой у акупацыйную зону палякаў і раззброіцца.
Але на гэтым вайна ня скончылася. Асобныя беларускія атрады ваявалі з акупантамі на Случчыне яшчэ некалькі гадоў.
Мір паміж БНР і савецкай Расеяй ня быў заключаны. Фармальна-юрыдычна Беларусь па сёньняшні дзень знаходзіцца з Расеяй у стане вайны. І мы бачым, як вось ужо больш за 80 гадоў доўжыцца гэтая вайна. Мы ведаем, як расейцы, разам зь немцамі, вынішчылі і забілі мільёны беларусаў.
Чаго нам не хапае цяпер, каб перамагчы ў вайне з Расеяй, якая цягнецца, фактычна, палову нашай гісторыі? Нам не стае нацыянальнай салідарнасьці.
Браты, памятайма: беларус беларуса павінен падтрымліваць. Мы мусім абараняць свой свайго, беларус беларуса перад чужакамі, незалежна ад таго, бедны беларус, ці багаты, разумны, ці неразумны, добры, ці дрэнны. Нельга, каб беларус прадаваў беларуса. Нельга дапускацца, каб нас судзілі акупанты. Мы самы сабе суддзі.
Нельга казаць, што наша хата з краю, у той час, калі топчуць нашага брата, бо не павінен маскаль пляваць нам у твар.
Слуцкі Збройны Чын засьведчыў нам жывы прыклад беларускай салідарнасьці ў змаганьні за свабоду Беларусі. Дык мацуйма ж нашае беларускае адзінства!
Надыходзіць адказная пара. Непрыяцелі Беларусі з Усходу і Захаду хочуць умацаваць свае інтарэсы ў Беларусі. Яны зноў хочуць ашукаць беларусаў і будуюць пляны, каб замяніць Лукашэнку на іншага прамаскоўскага стаўленьніка — “дэмакрата” (у двукосьсі), які за капейку прадасьць Беларусь у Расею. Дамаўляючыся зь немцамі і эўрапейскімі лібэраламі, расейцы выкарыстоўваюць прадажных дэмакратаў у Беларусі, падбіраюць ім “адзінага кандыдата” на прэзыдэнта, на якога прымерваюць чалавека тыпу Міхаіла Мясьніковіча, што кіруе цяпер адміністрацыяй Лукашэнкі. Але мы ведаем, хто такі Мясьніковіч, і што такое нікчэмная і прадажная аб'яднаная апазыцыя.
Мы мусім спыніць і мы спынім гэтую здраду, маючы падтрымку ўсяго Беларускага Народа.
Няхай жыве Беларускі Вызвольны Рух — пераймальнік Слуцкіх герояў! Няхай жыве Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ!
Слава Слуцкім паўстанцам! Слава Вызвольнаму войску Беларускай Народнай Рэспублікі!
Жыве Беларусь!
Жыве вечна!
Зянон Пазьняк