НОВЫ ПАКТ “МОЛАТАВА-РЫБЭНТРОПА”
У нядзелю ў Беларусі адбыліся парляманцкія выбары, абвешчаныя прэзыдэнтам-узурпатарам Аляксандрам Лукашэнкам. Большасьць апазыцыі, а гэта значыць Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух, а таксама так званая аб'яднаная апазыцыя заклікалі да іх байкоту. Прычыны такой пазыцыі былі ясныя: выбары не маюць законнай сілы, бо Аляксандар Лукашэнка не зьяўляецца ўжо легітымна абраным прэзыдэнтам, а парлямант паўстаў не ў выніку выбараў, а быў прызначаны Лукашэнкам. Нават выбарчая камісія, якая па загаду Лукашэнкі назірала за ходам выбараў, зьяўляецца нелігітымнай. Па-другое, гэтыя выбары недэмакратычныя, таму што адбываюцца ва ўмовах парушэньня ўсіх прынятых у сьвеце правілаў. Па-трэцяе, лукашэнкаўскі парлямант не мае аніякіх заканадаўчых правоў. Калі б насуперак недэмакратычнай працэдуры ў яго ўдалася б увесьці адных прыхільнікаў Беларускага Народнага Фронту, гэта не мела б аніякога ўплыву на сітуацыю ў Беларусі, бо ў адпаведнасьці з навязанымі Лукашэнкам законадаўствам і канстытуцыяй орган гэты ня мае істотных правоў. Не мае нават права законадаўчай ініцыятывы. Усю ўладу захапіў у свае рукі Лукашэнка.
Тры палітычныя сілы выступалі за правядзеньне выбараў: Лукашэнка, маскоўскія ўлады і нямецкая дыпляматыя, якая ад пэўнага часу праводзіць узгодненую з Масквой палітыку легітымізацыі рэжыму Лукашэнкі. Гэта трэба Расеі, каб можна было стварыць юрыдычныя гарантыі для інтэграцыйнай дамовы, паводле якой ўтварыўся саюз Беларусі і Расеі. Такім чынам, йдзецца аб легітымізацыі падпісанага Лукашэнкам аншлюсу Беларусі. Для нямецкай дыпляматыі, якая супрацоўнічае з Масквой, гэта ў сваю чаргу ёсьць гарантыя бясплатнага транзыту нафты і газу праз тэрыторыю Беларусі на Захад і падваеньня гэтых паставак. Гэта асабліва істотна ва ўмовах нарастаючага цяпер энэргітычнага крызісу ў Эўропе і ў сьвеце. Выклаў гэта Ганс-Гэорг Вік, нямецкі дыплямат, які ўзначальвае місію АБСЭ ў Менску. Ён заявіў 25 верасьня сёлета падчас канфэрэнцыі ў Беластоку, што нямецкая дыпляматыя і АБСЭ імкнуцца ўключыць Беларусь у склад Расейскай Фэдэрацыі, таму што Расея ёсьць дэмакратычнай дзяржавай. За гэта Нямеччына атрымала б газ і нафту на ўмовах, якія гарантавалі б іх бесперабойныя пастаўкі.
Вік як прадстаўнік АБСЭ ўжо некалькі гадоў дзейнічае на раскол Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху і на стварэньне беларускай апазыцыі, падпарадкаванай нямецкай палітыцы. Нягледзячы на тое, што эўрапейскія краіны і АБСЭ неаднаразова характарызавалі парляманцкія выбары ў Беларусі як недэмакратычныя і нелігітымныя, Вік прыклаў шмат намаганьняў, каб схіліць розныя апазыцыйныя арганізацыі ў Беларусі да зрыву байкоту выбараў і выстаўленьня сваех кандыдадатаў. 29 верасьня ў Вільне я ўдзельнічаў у міжнароднай канфэрэнцыі, падчас якой былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня (які разагнанаў Лукашэнка, але які працягвае палітычную дзейнасьць) Павал Знавец паведаміў, што яму прапанавалі 5 тысяч доляраў на выбарчую кампанію. Але ён адмовіўся прыняць грошы. Ён заявіў гэта ў прысутнасьці старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага, былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча ды іншых палітыкаў. У сувязі з гэтым Беларускі Народны Фронт зьвярнуўся да АБСЭ з патрабаваньнем адклікаць Віка з Менску. Некалькі дзён у Менску адбывалася пікетаваньне сядзібы АБСЭ дзеячамі беларускай апазыцыі.
Падчас апошніх падзеяў у Югаславіі мы атрымалі зьвесткі аб тым, што канцлер ФРГ Гэрхард Шродэр прыляцеў на 4 гадзіны ў Маскву і правёў перамовы з прэзыдэнтам Пуціным. Мы маем інфармацыю, што падтрымка Расеі дэмакратычных зьменаў у Югаславіі атрымана за кошт здачы Беларусі ў Расею. Апазыцыйныя беларускія палітыкі трактуюць гэты гандаль нямецкай дыпляматыі з расейскай імпэрскай палітыкай як своеасаблівую ўвэрцюру да адмовы прызнаньня незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі ды здачы яе ў валадараньне Расеі. Не трэба тут тлумачыць, што беларускія патрыёты ніколі з гэтым не пагодзяцца.
Насуперак міжнародным пагадненьням аб няўдзеле міжнародных назіральнікаў на выбарах у Менску, у апошнюю хвіліну ў сталіцу Беларусі прыбыла дэлегацыя Эўрапарляманту на чале з Элізабэт Шродэр, якая мела ў праграме спатканьне з Лукашэнкам і ягоным міністрам замежных справаў палкоўнікам расейскага КГБ Уралам Латыпавым. Такім чынам, гэта ёсьць палітыка капітуляцыі перад Лукашэнкам і ягонымі маскоўскімі пратэктарамі. Калі гэтая палітыка будзе працягвацца, а ў Эўропе будзе бракаваць палітычных сілаў, што выступаюць у абароне незалежнасьці Беларусі ды салідарызуюцца з Беларускім Вызвольным Рухам, то вынікі капітуляцыі перад Масквой будуць мець уплыў на лёс як Летувы, так і Украіны. Ужо сёньня — калі йдзецца пра Украіну — навідавоку сімптомы гэтай зьявы. Эўрасаюз вядзе перамовы аб дастаўках расейскага газу і вызначэньні новых, у абыход Украіны, трасаў трубаправодаў. Перамовы гэтыя адбываюцца за сьпіной Польшчы, якая гадамі падкрэсьлівала, што прыняцьцё такога дыскрымінацыйнага для Украіны рашэньня аслабіць паўднёва-усходнега суседа і штурхне яго ў арбіту расейскай палітыкі — што не адпавядае дзяржаўным інтарэсам Польшчы.
Зянон Пазьняк