ЧЭШСКАЯ ГАЗЭТА “MLADA FRONTA DNES”
15 кастрычніка 2007 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” (і практычна ўсе СМІ сьвету) паведамляе пра падрыхтоўку ў Іране замаха на Пуціна. Пра гэта свайго галоўнага начальніка папярэдзілі расейскія спэцслужбы напярэдадні ягонага вызыту ў Іран. Іранцы назвалі гэта “пустой выдумкай”.
Наш камэнтар: Памятаеце “стрэл у Ліёзна” па машыне Лукашэнкі? Тады, падчас выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 г. той “стрэл” прагучаў ня горш за стрэл крэйсэра “Аўрора” у Петраградзе ў 1917 годзе — “пачалася новая эпоха”. Пазьней, праўда, стала вядома, што па машыне шэфа страляў Шэйман, а сам кандыдат Лукашэнка са сьвітай стаяў побач ды пакрыкваў: “Глядзі ў бак не пападзі, а то выбухне!..” Леёзьненскі досьвед спатрэбіўся і Пуціну напярэдадні выбарчых пэртурбацыяў. Начальнік спадзяецца, што “дорогіе россіяне” паспачуваюць яму, заўважаць ягоны “гераізм і стойкасьць”. Але наўрад ці... Пакуль што лубянская кантора здолела выклікаць толькі інфармацыйную хвалю ў заходніх СМІ, якія прагна накінуліся на яркую сэнсацыйную блясну.
Юрка Марозаў