АКАДЭМІК-ЗАБОЙЦА

Платон зьбіраў сваіх вучняў у афінскім садзе героя Акадэма. Гэтак у антычнасьці былі закладзеныя падмуркі традыцыйнага тыпу навуковага цэнтру, дзе ствараецца сапраўдная навука, што служыць чалавецтву. Асьвечанае імем абаронцы айчыны, само слова, сам тэрмін, — акадэмія, — зьмяшчае ў сябе глыбокі сэнс, згублены, забыты, а так варты напаміну. Бо ёсьць бессьмяротныя прыклады з жыцьця вялікіх дзеячоў мінулага. Сьветач грэцкай філясофіі Сакрат у маладосьці падчас Пэлапанэскай вайны выратаваў у бітве афінскага палкаводца Алківіяда. Мігель Сэрвантэс, імем якога названая гішпанская акадэмічная прэмія па літаратуры, быў цяжка паранены ў бітве пры Лепанта, дзе хрысьціянская армада абараніла эўрапейскую цывілізацыю ад асманскага нашэсьця.

Нядаўна расейскае тэлебачаньне паказала сэнтымэнтальны сюжэт. Мажнага, губастага дзядзьку апранаюць у акадэмічную мантыю. Ён задаволена ўсьміхаецца ў атачэньні прафэсуры і паненак-асьпірантачак. Генэрал Казанцаў (той самы — забойца Чачэніі) атрымлівае званьне акадэміка расейскай акадэміі сацыяльных і гуманітарных навук. Генэрал, аказваецца, гуманітарый. Пра гэта не здагадвалася чачэнская інтэлігенцыя, стоячы над руінамі інстытутаў, бібліятэк і лабараторыяў. Аб інтэлектуальных здольнасьцях Казанцава ня мелі ўяўленьня маці забітых расейскімі войскамі дзяцей, калекі і сіраты. “Акадэмік” прывёў у маленькую каўказкую краіну дзікую расейскую арду і арганізаваў зачыстку некалькіх сотняў тысячаў чалавек, надта не клапоцячыся аб лёсе таксама і ўласных падначаленых ды іхных трупах. Або як ён сам заявіў аб гэтым у сваёй інаўгурацыйнай прамове: “Сучасныя праблемы трэба вырашаць навуковымі мэтадамі. У тым ліку і ў Чачэніі”.

Аляксандр Казанцаў (даволі папулярны пісьменьнік-фантаст) стварыў у адным са сваіх раманаў змрочны вобраз генэрала Кантэнта Сіруса, які пуляў па касьмічных станцыях ракетамі. А на міжнародным судзе выкручваўся, сьцьвярджаючы, што трыбунал ня мае юрыдычнай сілы, бо ў космасе няма законаў. Вядома, яшчэ клясікі са школьных падручнікаў шчыра прызналіся, што “умом Россію не понять”. І нават да Буша малодшага разам з Кангрэсам ЗША дайшло, што РФ ёсьць прастора, дзе пануе юрыдычны вакуум. Няма сумневу, на непазьбежным міжнародным трыбунале расейскія ваенныя злачынцы будуць карыстацца тымі ж аргумантамі, што і іхны фантастычны прататып.

Гледзячы на акадэміка-піцекантропа, што шчэрыўся на экране, я міжволі ўспомніў студэнцкія гады, Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, акадэмічную прафэсуру. Прадстаўнікоў апошней мы дзялілі на дзьве катэгорыі. Адныя — працаўнікі ад навукі, некаторыя зь іх пабылі на Калыме за свае манаграфіі. Другія — халяўшчыкі, што набралі дысэртацыяў на ленініяне ды плагіяце, яны гатовыя былі і на Андрэя Рублёва настукаць за буржуазны фармалізм. Цяпер у Расеі мацнее трэцяя катэгорыя: акадэмікі-кілеры, акадэмікі-гэбісты (Пуцін etc.). І падобна на тое, што апошнія паступова становяцца гонарам расейскай акадэмічнай навукі. Куды ж падзеліся першыя, чаму не чуваць галасоў пратэсту сапраўдных інтэлектуалаў супраць бруднай вайны ў Чачэніі ды маразму ў навуцы? Мы паверылі б у часовае іх аняменьне, каб не рэгулярнае апяваньне хорам ды паасобку вабнотаў паглынаньня нашай Беларусі іхнай Расеяй. На сцэне зьяўляюцца то паэт, то гісторык, то група таварышаў па ленінскіх прэміях, то дысідэнты-салжаніцыны. І ўсё працягваецца кашмарны кабарэцік, дзе перамяшаліся выканаўцы, зьліліся галасы... Яны ўсе свае, аднолькавыя, гэта адна кодла. Расейская папса...

Валеры Буйвал