БЕСПАКАРАНА БЛЮЗЬНЕРЫЛІ НАД БЕЛАРУСАМІ

8-га верасьня Дзень Беларускай вайсковай славы. У мінулым годзе рэжым арганізаваў афіцыйную гнюснасьць, пра якую мы не пісалі, бо цяжка пісаць пра сістэматычнае пляваньне ў твар. Пляваньне, якое застаецца без адказу. А было так. 7-8 верасьня антыбеларускі рэжым і асабы з псэўдаапазыцыі вельмі ўзгоднена куражыліся над беларускімі сьвятынямі. З раніцы “Дня беларускай пісьменнасьці” (які рэжым нібыта праводзіў у гэты час) БТ круціла паскудныя рэпартажы на тэму дня. Маладзён з непрыемнай тлустай фізіяноміяй падыходзіў на вуліцах і ў парках сталіцы і зьвяртаўся з мікрафонам да нібыта выпадковых мінакоў, у асноўным вельмі маладых людзей. “Якое беларускае слова вы любіце больш за ўсё?” — пытаўся ён. Некаторыя з апытаных называлі словы. А большасьць рагатала па-дурному і гікала: “А мы не знаем і не понімаем...” Падстаўныя разам з БТ дэманстравалі сваю “русскость” (хаця выглядалі на тыповых мясцовых цынікаў). У канцы рэпартажа маладзён з тлустай фізіяноміяй разваліўся, задраўшы ногі, пад фігурай Сымона-Музыкі на помніку Якуба Коласа і скрывіўся ў зьдзеклівым поклічы: “Размаўляйце па-беларуску!”

На наступны дзень (Дзень Беларускай Вайсковай Славы, 495-я ўгодкі Аршанскай перамогі) у цэнтральным парку сталіцы пад даглядам міліцыі зьбірала свае кадры псэўдаапазыцыйная публіка. Кіраваў ужо вядомы ўсім сваімі паводзінамі Кім. Ён быў заяўнікам (невядома ад якой арганізацыі) “боя падушкамі”. Міліцыя папярэдзіла, што біцца можна, але не выкарыстоўваць “забароненай сымволікі”. Некалькі сотняў маладых узростам асобаў (сярод іх людзі пазналі шмат бэрэсэмаў) весела біліся падушкамі “у гонар Воршы”. Яны аднолькавыя — мярзотнікі ад рэжыму і ад гэбоўскай псэўдаапазыцыі. Калі б такое нейкая агентура паспрабавала наладзіць у Францыі, Харватыі або Эстоніі, то мясцовы люд і ўлады зрабілі б так, што ім ужо не хацелася б куражыцца над сьвятынямі. Але нядоўга ўжо будзе працягвацца гэтае блюзьнерства на нашай зямлі.

Янка Базыль