“ВАДЗІЛЫ, “РАШЫ” І “ЧУРКІ”

У верасьні мінулага года расейскія тэлеканалы выдалі цэлую сэрыю рэпартажоў пра Расею і расейцаў. У перадачы пад назовам “Воділы” было расказана пра бізнэс з аўтаперавозкамі ў Маскве. “Століца России”, аказваецца, падзелена на сэктары. Амаль кожным з сэктароў камандуе таджык-мафіёза. Але адзін з сэктарных начальнікаў прызнаўся ў тэлекамэру, што “жіть стало тяжело, азеры наступают...” Такім чынам таджыкі з азэрбайджанцамі трымаюць у руках усе таксі і маршруткі. Калі спрабуе падрабіць на перавозках нехта з “дорогіх москвічей”, то яму трэба плаціць экзатычным паханам. Калі хто-небудзь з маскоўцаў спрабуе прыпаркаваць свой аўтамабіль каля вакзала або ў якім іншым шматлюдным месцы, яго вытурвае дзяжурны каўказец. На крыкі маскоўца (“Я ведь москвіч!”), “гость століцы” адказвае з непаўторным акцэнтам: “Я тоже москвіч!” і гоніць незарэгістраванага прэч. Такі дыялог быў засьняты схаванай камэрай. Паханы набіраюць у свае структуры “вадзілаў” з усяе Расеі без ліцэнзіі і досьведу. Кіроўцы ня маюць дзе адпачываць і начуюць у сваіх машынах. Пасьля такога “адпачынку” яны адпаведна кіруюць машынамі. Таму рэгулярна з Масквы і іншых гарадоў РФ прыходзяць зьвесткі пра аўтакатастрофы з 6-9 ахвярамі. Зразумела, што пра ўсё гэта ведаюць міліцыя і ўлады. Але мафійныя сеткі шчодра аплочваюць іх. Масква ўсё больш паступова пераходзіць пад уладу (пакуль ценявую) людзей з былых калоніяў Расеі. Нагадаем, што так яно было ў позьнім Рыме і позьнім Вавілоне. Потым наступаў канчатковы імпэрскі калапс.

Другі дакумэнтальны сюжэт пад рубрыкай “Пусть говорят” быў прысьвечаны расейскім турыстам у Турцыі. У якасьці ахвяраў “турэцкага гвалту” выступілі чацьвёра маладых расейцаў. Яны скардзіліся з турэцкага КПЗ, як на іх напалі і іх пабілі. Потым, праўда, высьветлілася, што ўсе чацьвёра — сябры-парашутысты, што разам служылі ў расейскай арміі. Яны добра падпілі на дыскатэцы і пачалі патрабаваць, каб музыка іграла для іх пасьля сканчэньня танцаў. Туркі паспрабавалі ім патлумачыць, што танцы будуць заўтра, а цяпер курорт павінен спаць. Тады яны пачалі грубіць і пагражаць (зразумела, для іх усе мясцовыя — “чуркі”). Пры затрыманьні паліцыя дала ім добрага дыхту, цяпер адбудзецца суд. Як заўсёды, тэмпэрамэнтныя туркі першымі адэкватна прарэагавалі на ўнівэрсальныя паводзіны тысячаў расейскіх хамаў. Калі тыя пачынаюць брутальна парушаць закон, рабіць існаваньне іншых людзей невыносным, туркі апэратыўна наводзяць парадак, бьюць і кідаюць у турму “дорогіх россіян”. Вядучы расказаў, што “усе турмы і КПЗ курортных зонаў Турцыі забіты расейцамі”. А пачыналася ўсё колькі гадоў таму з наладжваньня асобных зонаў для расейскіх турыстаў, дзе для іх былі асобныя гатэлі, сталоўкі і дыскатэкі з загартаваным пэрсаналам. Не дапамагло...

Янка Базыль