КНІГІ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА
Уступ
Шчыльна займаючыся палітыкай, кіруючы Партыяй, пастаянна пішучы на палітычныя тэмы і займаючыся найвялікшай для эмігрантаў праблемай жыцьцёвага выжываньня, Зянон Пазьняк за гады эміграцыі (1996–2023) выдаў больш за 40 кніг. Прытым на розныя тэмы. Пры гэтым ўсе свае кнігі ад пачатку да канца ён робіць і афармляе сам. Тут і паліталёгія, і гісторыя, і публіцыстыка, і філасофскія разважаньні, і мастацтвазнаўства, вершы, апавяданьні, фатаграфіі, нават паэма, раман ды п'есы.
На працягу 10 гадоў ён выдаваў рэгулярны адраджэнскі часопіс “Беларускія Ведамасьці” (выйшла 70 нумароў) і перапраўляў тыраж у Беларусь (што было ня проста).
Ён навучыўся пісаць у самалёце, ў мэтро і нават у міжгароднім аўтобусе, а паэму Вялікае Княства пісаў між іншым і ў машыне па дарозе куды-небудзь. Ён можа пісаць вершы, слухаючы субяседніка, не выходзячы з настрою і ўстаўляючы рэплікі. Таму кожны год нешта зьяўляецца з друку.
Марыля Якушэвіч
КНІГІ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА,
ВЫДАДЗЕНЫЯ ІМ ЗА МЯЖОЙ
(2000–2020 гг.)
ГІСТОРЫЯ. ПАЛІТЫКА
1. КАМУНІЗМ ЯК ФОРМА РУСКАГА ІМПЭРЫЯЛІЗМУ — Нью-Ёрк, Беларускае Выдавецкае таварыства ў Амэрыцы (БВТА), 2000 г., 10 стар. У артыкуле, які атрымаў вялікі розгалас, камунізм разглядаецца як таталітарная форма імпэрскай улады, аналізуецца сістэма ўлады, палітыкі і ідэалёгіі, якая існавала ў былой расейскай імпэрыі (Савецкі Саюз) з 1917 па 1991 гг.: як і калі была заснаваная, што вызначала яе сутнасьць і стыль, чаму былі непазьбежныя масавыя рэпрэсіі, расстрэлы і лягерная сістэма ГУЛАГ, чаму Беларусь была асаблівым аб'ектам рускай палітыкі і зонай русіфікатарскіх экспэрыментаў. Надрукаваны таксама ў кн. “Цяжкі час”, кніга 2. (Стар. 264–268) |
2. НОВАЕ СТАГОДДЗЕ. — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, 2002 г., 108 стар.: іл. Спэцыяльная сэрыя артыкулаў, напісаная (у асноўным) у першым годзе навага ХХІ-га стагоддзя — у 2001-м. Кніга аб гісторыі і культуры Беларусі ў ХХ стагоддзі. Артыкулы разьлічаныя на шырокага чытача, на людзей, якія любяць Бацькаўшчыну. Пісалася, галоўным чынам, для тых беларусаў, якія (у выніку агульных абставінаў) ня мелі магчымасьці атрымаць беларускую адукацыю і карысаліся чужой сістэмай ведаў. Вось некаторыя назвы артыкулаў: Беларускі сьцяг, Эліта, Свабода, Урбанізацыя, Тэлевізар, Эгалітарызм, Вялікія людзі, Вера і палітыка, Традыцыя, Унутраная акупацыя, Антыбеларуская прапаганда, Фізічнае зьнішчэньне беларускай нацыі, Вялікі Купала, Амэрыка — для амэрыканцаў — і шмат іншых. |
3. БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЯ ВАЙНА. BELARUS IS AN EASTERN OUTPOST. — 2-е выданьне. (На беларускай і ангельскай мовах.) — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, Нью-Ёрк, Вільня, Таварыства Беларускай культуры ў Летуве. — 2005 г., 34 стар. Аналітычны артыкул (выдадзены асобнай брашурай), дзе даецца аналіз беларуска-расейскаму канфлікту, які цягнецца стагоддзямі і прывёў да катастрафічных вынішчэньняў на Беларусі, раскрываецца мэтанакіраваная палітыка Расеі на зьнішчэньне беларускага народу на культурна-гістарычным і этнічным узроўні, пабудаваная на распрацаванай мэтадалогіі русіфікацыі і вынішчэньні. (Гл. разьдзелы артыкула: мэтадалёгія, бальшавізм, новыя тэхналёгіі, гэбізм, трэці патоп). Гэтак сама разглядаюцца шляхі пераадоленьня цяжкога становішча Айчыны. 3-А. Артыкул зьмешчаны і ў кн. 3: “Цяжкі час — працяг”. Стар. 554–567) |
4. ГУТАРКІ З АНТОНАМ ШУКЕЛОЙЦЕМ. — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, Вільня. Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — 2003 г., — 144 стар.: іл. Кніга пра кіраўніка Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня на эміграцыі Антона Шукелойця, (1915–2017 гг.) пра ўжо далёкую пару 1930–1940-з гадоў, якія гэтак перакручаныя, сфальшаваныя і замоўчаныя вечнымі ворагамі Беларусі. А. Шукелойць, пражыўшы 101 год, стаўся назіральнікам і удзельнікам палітычных плыняў і падзеяў беларускай гісторыі. Мы даведаемся, як адбівалася палітычнае жыцьцё Вільні на студэнцкім жыцьці ў 1935–39 гадах, пра першыя саветы на Віленшчыне (1939–1941 гг.), нямецкую акупацыю ў Менску, пра стварэньне і дзейнасьць патрыятычнай падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі і яе задачах пад час акупацыі, аб выхаваньні сотняў маладых беларускіх афіцэраў, аб ратаваньні ад зьнішчэньня габрэяў, пра знаёмства зь Вільгельмам Кубэ (кіраўніком нямецкай цывільнай адміністрацыі ў акупаванай Беларусі), пра Кангрэс Беларускай Цэнтральнай Рады, пра аднаўленьне дзейнасьці Рады БНР, аб утварэньні Беларускай Аўтакефаліі праваслаўнай царквы ў 1942 г. і шмат іншых цікавых малавядомых фактаў. |
5. ПРАМАСКОЎСКІ РЭЖЫМ АЛЬБО ЯК АДБЫВАЕЦЦА РАЗБУРЭНЬНЕ БЕЛАРУСІ. — Нью-Ёрк, Беларускае Выдавецкае таварыства ў Амэрыцы (БВТА), — 2005 г., 20 стар. Тут разглядаюцца пытаньні акупацыйнай палітыкі: абніжэньне адукацыйнага ўзроўню грамадзтва, разбурэньне фундамэнтальнай навукі, паступовае разбурэньне нацыянальнай бібліятэкі, стварэньне падстаўной апазыцыі, паступовая ізаляцыя Беларусі ад усяго сьвету, прычыны замены насельніцтва ў краіне, адмоўнае значэньне палітыкі “непрадрашэнства” ў змаганьні за Беларусь і інш. У зьвязку з выказанымі поглядамі аўтар робіць акцэнт на пытаньні, што ёсьць грунтам канцэпцыі Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня. |
6. ПРАМАСКОЎСКІ РЭЖЫМ АЛЬБО ЯК АДБЫВАЕЦЦА РАЗБУРЭНЬНЕ БЕЛАРУСІ. — 2-е выданьне. — Нью-Ёрк, Беларускае Выдавецкае таварыства ў Амэрыцы (БВТА), — 2005 г., 20 стар.
7. НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ. Культурна-асьветніцке выданьне. — “Беларускія Ведамасьці”, Варшава, 2007 г., 56 стар. (Містыфікацыя: кн. выдаденая ў Беларусі) |
8. НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЬЦІ. Грамадзка-асьветніцкае выданьне. (Выбраныя артыкулы.) — “Беларускія Ведамасьці”, Варшава-Нью-Ёрк; Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — Вільня, 2009 г. — 192 стар. Зборнік артыкулаў на тэму беларускай гісторыі, культуры і дэмакратыі. Дасьледуюцца пытаньні станаўленьня нацыянальнай сьведамасьці і ідэалёгія нацыянальна-культурнай супольнасьці, праблемы выжываньня і разьвіцьця культуры ў неспрыяльных абставінах. Пытаньні беларускай культуры разглядаюцца на фоне глабальных працэсаў культуралёгіі і разьвіцьця. |
КАНЦЭПЦЫЯ НОВАГА БЕЛАРУСКАГА АДРАДЖЭНЬНЯ — 4 кнігі (працяг будзе)
9. Кніга 1 — “РАЗВАГІ”, артыкулы і матэрыялы (1990–ІІІ.1996). Варшава–Нью-Ёрк–Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — Вільня, 2007 г., — 312 стар.: іл. Зьмест кнігі — гэта збор выбраных артыкулаў, выступаў, аналітычных матэрыялаў аўтара, надрукаваных у пэрыядычным беларускім друку на працягу першай паловы 90-х гг. па сакавік 1996 г. (пачатку эміграцыі аўтара). Яна складаецца з дзьвюх частак: 1-я — выбраныя артыкулы, у якіх акрэсьленыя праграма і задачы палітычнай дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту ў змаганьні з савецкай акупацыяй і камунізмам за дэмакратыю і незалежнасьць і далей — у пэрыяд будаўніцтва незалежнай Беларускай дзяржавы. Разглядаюцца таксама пытаньні паліталёгіі, этыкі, гісторыі мастацтва, стратэгіі і тактыкі Адраджэньня; 2-я частка акрэсьлена як “Дадатак”, падаюцца копіі дакумантаў, артыкулаў, палітычных заяваў, зваротаў і мэмарандумаў па беларускай палітыцы і культуры. |
10. Кніга 2 — “ЦЯЖКІ ЧАС”, артыкулы і матэрыялы (1996–2002). — Варшава–Нью-Ёрк–Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — 2010 г., — 476 стар.: іл. Гэта 2-гі том выданьня аб канцэпцыі беларускай незалежнасьці і нацыянальнага Адраджэньня пасьля расколу Беларускага Народнага Фронту (1999 г.) і стварэньня неадраджэнцкай псэўдаапазыцыі пры дапамозе нямецкай выведкі (Ганс Вік) у супрацоўніцтве з КГБ. Партыя КХП — БНФ правяла шэраг навукова-тэарытычных канфэрэнцыяў аб праблемах нацыянальнай барацьбы за незалежнасьць, імкнучыся сістэматызаваць барацьбу за волю і дзяржаўнае адраджэньне нацыі. За аснову быў узяты такі падыход: абагульненьне палітычнай практыкі і працэсу змаганьня, інфармацыя пра падзеі і факты — аналіз і высновы. Усё гэта — дарога адраджэнскага руху ў змаганьні, якая зафіксавана ў шэрагу артыкулаў, выступаў. Кніга прысьвечана часу з красавіка 1996 г. і па 2002 г. (складена па такой схеме, як 1-я кніга “Развагі”). Тут аўтарскія тэксты, ілюстрацыі і дадаткі (дакуманты, розныя інфармацыйныя артыкулы-матэрыялы, фатаграфіі, сканаваныя копіі газэт і часопісаў). У кнізе даецца характарыстыка ўнутранай акупацыі, расейскага гэбізму, падстаўной апазыцыі, разбуральнай дзейнасьці Віка ў Беларусі, Беларускай салідарнасьці, тлумачыцца значэньне мовы ў жыцьці нацыі. Гэтаксама разглядаюцца наступствы Чарнобыльскай катастрофы для Беларусі, значэньне Курапатаў, Слуцкі Збройны Чын, расейскія прэтэнзіі, падвойныя стандарты Эўразьвязу і г. д. Пэрыяд, адлюстраваны ў кнізе, супадае з найцяжэйшым жыцьцёвым станам і паваротам у асабістым жыцьці аўтара — змаганьнем у эміграцыі, кіраваньнем фронтаўскай змагарнай дзейнасьцю з-за мяжы. Гэтыя часы ня былі часам грамадзкага ўздыму. Беларусь апускалася ў цемру ганьбы і вынішчэньня, перажываючы вельмі цяжкі час разбурэньня ўсяго беларускага. Таму Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ адну з галоўных задач для сябе ставіла нацыянальнае асьветніцтва і распаўсюд ідэй Адраджэньня. Асьветніцкая ўстаноўка якраз адбілася ў гэтай кнізе. Тут зьмешчаны выдатны артыкул Ул. Старчанкі “Вялікая Чарнобыльская вайна”. |
11. Кніга 3 — “ЦЯЖКІ ЧАС”, ПРАЦЯГ. Артыкулы і матэрыялы (2003–2010). — Варшава — Нью-Ёрк — Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2010 г., — (працяг старонак 1-й кнігі: старонкі 481–940), — 464 стар.: іл. Гэта працяг кн. 2. мае агульны тытул і нумарацыю старонак. Яны зьвязаны адной тэмай — адлюстраваньнем “цёмнага часу” і змаганьня з антыбеларускай сістэмай улады. Унутраную акупацыю мы перажываем упершыню ў гісторыі. За 16 год цёмнага часу вынішчаныя культурныя здабыткі (якія ў найцяжэйшых умовах савецкага палітычнага прыгнёту ўдалося яшчэ захаваць). Рэзка абнізіўся культурны і адукацыйны ўзровень моладзі, мізэрнымі сталі духоўныя запатрабаваньні людзей і, як вынік, — апатыя і бязраднасьць. Улада ўплывае на грамадзтва і палітычна, і заканадаўча, і сваім маральным узроўнем, культурай, лексікай, паводзінамі. Ніколі наша нацыя не трапляла ў стан такой ганьбы ад сузіраньня хамства рэжыму, зьдзеку над асобай, сям'ёй, выхаваньнем, культурай і мовай. Сутнасьць гэтага разбурэньня — этнацыд, сэнс палітыкі — русіфікацыя. Тут сабраны працы і матэр'ялы, якія адлюстроўваюць думкі і дзеяньні беларускага змаганьня за волю нашай Айчыны, за вечнасьць нашага вялікага народа. |
12. Кніга 4 — “ЦЯЖКІ ЧАС. РАЗБУРЭНЬНЕ. Платформа беларускага змаганьня, артыкулы і матэр'ялы (2011–2015) — Варшава–Нью-Ёрк, “Беларускія Ведамасьці”, 2018 г., — 562 стар. Тут сабраны артыкулы і матар'ялы падзеяў 2011–2015 гг. Гэта час актывізацыі акупацыйнай русіфікатарскай палітыкі рэжыму і разбурэньня беларускай грамадзянскай супольнасьці, час разбурэньня ялцінскага парадку сьвету ў выніку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны (2014 г.). Гэта гібрыдная вайна і расейская прапаганда, накіраваная на Беларусь праз маскоўскае тэлебачаньне, раскалола беларускае грамадзтва. Нацыянальна-Вызвольнаму сэктару грамадзтва стала відавочнай падрыхтоўка да захопу Беларусі па ўкраінскаму сцэнару. Гэта тэма стала галоўнай у гэтай кнізе, паказвае зьмест гістарычнага часу разбурэньня беларускай нацыі і выяўляе ацэнкі падзеяў з пазыцый нацыянальнага змаганьня за Беларусь. |
13. ДЭКЛЯРАЦЫЯ — ПЕРШЫ КРОК ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, — 2010 г., 30 стар. Грамадзка-палітычнае выданьне аб змаганьні дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня (1990–9.01.1996 гг.) за прыняцьце Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі. Брашура выдадзена да 20-х угодкаў прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі. Выданьне разьлічанае на шырокага чытача. |
14. “СЭСІЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ”. — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, — 2011 г., 376 стар,: іл. Тут друкуецца стэнаграма Сэсіі ВС БССР (24–25 жніўня 1991 г.), калі была прынята незалежнасьць Беларусі: зь якімі цяжкасьцямі прымалася, хто быў “за” — хто “супраць” (дарэчы, супраць быў С. Шушкевіч, і гэта задакумэнтавана, але потым у канцы, калі перамога незалежнікаў БНФ стала відавочнай, ён прагаласаваў за незалежнасьць), як цяжка ішла дыскусія і гістарычнае галасаваньне. Пра гэта напісана мала, а сама стэнаграма ў асноўным зьнішчана рэжымам Лукашэнкі. Можна сказаць, што гэта кніга рэдкая і ўнікальная, вельмі важная для тых, хто цікавіцца нашай гістарычнай падзеяй аб тым калі мы сталі Рэспублікай Беларусь. Кніга складаецца з уступнага артыкула З. Пазьняка, факсімільны друк стэнаграмы (4 сшыткі). У канцы, у дадатку, — зьвесткі пра выступоўцаў на Сэсіі, перадрукі некаторых выступаў, выявы дэпутатаў БНФ. |
15. “ДЭПУТАТЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ” — Нью-Ёрк, Вільня, Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — 2010 г., 304 с.,: іл. Кніга выдадзена да ХХ-й гадавіны незалежнасьці Беларусі. Гэта зборнік артыкулаў, напісаныя двума аўтарамі — Зянонам Пазьняком і Сяргеем Навумчыкам — аб падзеях беларускай нацыянальнай рэвалюцыі ў пачатку 90-х гг., аб здабыцьці незалежнасьці ў жніўні 1991 г., аб палітыцы і дзеяньнях дэпутатаў Апазыцыі БНФ ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня (1990–9.01.1996). Тут зьмешчаны таксама кароткія зьвесткі пра ўсіх дэпутатаў Незалежнасьці. У “Дадатку” — фатаграфіі з падзей 90-х гадоў, здымкі з сэсіі. |
16. НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ. 20 гадоў. — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, — 2011 г., 31 стар. Гэта адбітак з кнігі “Сэсія Незалежнасьці”, выдадзены асобнай брашурай да 20-годдзя Незалежнасьці Беларусі. |
17. НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ — 25 (Да 25-годдзя Незалежнасьці Беларусі). — Нью-Ёрк, “Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Амэрыцы”, — 2016 г., 114 стар.,: іл. У кнізе апавядаецца аб дасягненьні дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе, аб каштоўнасьцях незалежнай дзяржавы і аб абставінах у сьвеце, якія павінна ўлічваць будучая вольная Беларусь. (У дадатку кнігі выкарыстаныя новыя і апублікаваныя раней фатаграфіі і дакуманты.) |
18. КУРАПАТЫ. Артыкулы, навуковая справаздача, фотаздымкі. — (Беларускі інстытут Навукі й Мастацтва. Менск — Нью-Ёрк, 1993 г., 141 стар.: іл. Кніга выдадзеная ў дзьвух мовах: ангельскай і беларускай, а пазьней, у 1994-м (гл. 16-А), выдадзеная ў выдаведзтве “Тэхналёгія” ў Менску). |
19. КУРАПАТЫ. Артыкулы, навуковая справаздача, фотаздымкі. — (Незалежная выдавецкая кампанія “Тэхналогія”, — Менск, 1994 г., 180 стар.: іл. Тут зьмешчаны артыкул З. Пазьняка і Я. Шмыгалёва “КУРАПАТЫ — ДАРОГА СЬМЕРЦІ”; артыкул З. Пазьняка “ШУМЯЦЬ НАД МАГІЛАМІ СОСНЫ...”; навуковая справаздача аб археалагічных раскопках ва ўрочышчы Курапаты (Брод) З. Пазьняка, М. Крывальцэвіча, А. Іова. Зборнік зьяўляецца дакумэнтальным сьведчаньнем пра злачынствы бальшавіцкага рэжыму ва ўрочышчы Курапаты паблізу Менска. Курапаты — першае з адкрытых у Беларусі месцаў, дзе былі расстраляныя й закапаныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Курапаты сталі сымбалем генацыду супраць Беларускага народу. Уключаныя ў зборнік матэрыялы абуджаюць памяць пра нявінна забітых, заклікаюць шанаваць свабоду й сумленьне. |
20. Зянон ПАЗЬНЯК, Валеры БУЙВАЛ. АБАРОНА КУРАПАТАЎ. НАРОДНЫ МЭМАРЫЯЛ. Грамадзка-асьветніцкае выданьне: “Беларускія Ведамасьці”; Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — Варшава–Нью-Ёрк, 2012 г., 216 стар.: іл. Гэта кніга двух аўтараў: Зянона Пазьняка і Валеры Буйвала. Яна ўяўляе сабой збор артыкулаў, успамінаў, матэр'ялаў, фатаграфіяў і перадрукаў, якія прысьвечаны тэме абароны Курапатаў ад зьнішчэньня антыбеларускім рэжымам. Разглядаецца пэрыяд адкрыцьця Курапатаў і ўзьнікненьне Народнага Мэмарыялу — Курапаты “Лес Крыжоў” — у пачатку ХХІ стагоддзя. Апісана дзейнасьць энтузіястаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у будаўніцтве Мэмарыяла і падтрыманьні народнай памяці пра камуна-маскоўскі генацыд. Зьнішчыць магілы хочуць пасьлядоўнікі і нашчадкі тых, хто забіваў, ды людзі бяз памяці. Абараняюць — нашчадкі забітых, тыя, хто памятае і разумее. Кніга складаецца з 2-х частак. Першая — адмысловыя фатаграфіі, артыкулы і матэр'ялы аўтараў. У другой — факсімільныя адбіткі з археалагічнай справаздачы, з кніг і артыкулаў Зянона Пазьняка, інтэрв'ю Сяргея Навумчыка, Аляксандра Лукашука. |
21. КУПАПАТЫ. — Менск, 2007 г., 16 стар. іл. (асьветніцкая брашура).
Курапаты — наш боль і нязгасная памяць. Асобная ілюстраваная брашура пра Курапаты па-беларуску, па-польску, па-ангельску, па-нямецку, выдадзеная сябрамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ у Менску.
22. НАРОДНАЯ ПРАГРАМА “ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ”. Гэта праект новай Беларусі. Грамадзка-палітычнае выданьне. — Варшава–Нью-Ёрк–Менск, “Беларускія Ведамасьці”, — 2017 г., 71 стар. Аўтарскі калектыў: — Зянон Пазьняк — кіраўнік калектыву аўтараў; Павел Усаў; Сяргей Папкоў; Юры Беленькі; Павел Мірановіч; Лявон Баршчэўскі; Юры Цехановіч; Мікалай Крыжаноўскі; Анатоль Горскі. Праект распрацаваны салідарным калектывам палітыкаў і спэцыялістаў дзеля вольнай прышласьці краіны, для выкарыстаньня будучым Тымчасовым ці Пераходным Урадам дзяржавы альбо іншым палітычным утварэньнем, якое пасьля ліквідацыі антынароднага рэжыму возьме на сябе адказнасьць за лёс і будучыню Рэспублікі Беларусь. Праграма адлюстроўвае тыя крокі, якія неабходна рабіць у пераходны пэрыяд пасьля зьмены рэжыму, бо трэба мець упарадкаванае разуменьне задач, каб дасягнуць станоўчага разьвіцьця. Аўтарамі разглядаецца палітычная сістэма пераходнага пэрыяду; эканоміка, фінансы, падаткі, зямля, энэргетыка; адукацыя, навука, культура; разглядаюцца пытаньні ўзаемаадносінаў сям'і, асобы, грамадзтва, дзяржавы і інш. |
ЗЯНОН. ТВОРЧАСЬЦЬ
“Зянон” (гэта творчы псэўданім Зянона Пазьняка) выдаў некалькі кніг паэзіі і фатаграфіі, у якіх ён злучыў гэтыя два віды мастацтва. У кнігах “Глёрыя Патрыя”, “Дарога”, “Вялікае Княства”, “Тэрра Дэй”, “Ojczyzna Wieczna” і інш. фатаграфіі, і вершы карэспандуюць паміж сабой, яны высьвятляюць адну тэму. Чытаючы верш, мы ўспрымаем вобразы ў вершаваных катэгорыях і адначасна бачым праекцыю пэўных карцін, асацыяцыяў у фатаграфіях. Прыярытэтам у гэтай тэме (адзначаў аўтар) быў верш. Фатаграфіі як бы ішлі другім планам.
У кнізе “Тэрра Дэй” прыярытэт дадзены фатаграфіі. Фатаграфія — сутнасьць, а верш — паглыбленьне фатаграфічнай тэмы праз асацыяцыю. “Сьвет, у якім мы жывём, зямля, неба — усё, што мы бачым, чуем, адчуваем, спажываем пачуцьцямі — ўсё пранізана Боскім Духам, — кажа аўтар. — Для мастака вельмі важна у вершах і фатаграфіях выявіць гэты Дух і ўмець Яго паказаць так, каб адчулі іншыя”.
Кніга — сама па сабе, яе выгляд, унутранная і зьнешняя форма — гэта твор, які мае пэўную задуму і пэўную эстэтычную задачу, яна ёсьць твор мастацтва. Вокладка, як правіла, павінна выяўляць альбо галоўную ідэю кнігі, альбо галоўную яе тэму. “Нават калі няма ілюстрацыяў, — разважае Зянон Пазьняк, — фарматам, колерам, падборам шрыфтоў мастак стараецца выявіць ідэю.”
23. ГЛЁРЫЯ ПАТРЫЯ. Літаратурна-мастацкае выданьне — вершы і фатаграфіі 80-х гадоў. — Вільня, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве. 2000 г., 350 стар.: іл. Гэтую кнігу можна абазначыць як кнігу “фота-вершаў”, бо (як сказаў ва ўступным слове да выданьня мастак Пётра Драчоў), у ёй “Два струмені — паэтычных і мастацкіх вобразаў і пачуцьцяў. Яны пераплятаюцца і пераліваюцца з аднаго ў другі. Яны могуць існаваць па-асобку, але ствараюць адну вялікую раку, раку лёсу чалавека і Радзімы”. А наш вялікі паэт Рыгор Барадулін так ахарактаызаваў кнігу паэзіі Зянона ва ўступным слове да кнігі: “Паэзія Зянона беларуская сваёй душой, сваімі вачыма, сваімі вуснамі. Бо паэтам нарадзіўся Зянон, бо падданцам паэзіі пачувае сябе Зянон, бо на алтар беларускасьці паклаў сваё жыцьцё Зянон. Рэдка ў якіх паэтаў гэтак супадае характар паэзіі з характарам роднага краю. А ў Зянона яшчэ характар ягоны ўвесь ад беларускай зямлі, ад беларускага неба, ад беларускай думкі... Паэзія Зянона незвычайная пры ўсёй вонкавай звычайнасьці, побытнасьці, караністай канкрэтнасьці. Паэт піша так, каб словам не абсекчы ні сучка, ні галінкі, каб словам не абтрэсьці расы, каб словам не запыніць вольнага ходу аблачынкі. Не агрубіць, не абнізіць, не абразіць словам. Захаваць дыханьне сіверу, пагляд начы, развагу валуна. Перш за ўсё — павага да слова, давер слову...” |
24. “ДОБРАЯ ФАТАГРАФІЯ”. Фатаграфічныя эсэ пра фатаграфіі з краінаў Эўропы і Амэрыкі ад сярэдзіны ХІХ стагоддзя і да 2012 г. — Варшава–Нью-Ёрк–Горадня, “Беларускія Ведамасьці”, “Гарадзенская Бібліятэка”, — 2012 г, 239 стар.: іл. Гэта кніга-альбом, якая складаецца з фатаграфіяў і артыкулаў-эсэ, дзе галоўным зьяўляецца апавяданьне пра эстэтычную адметнасьць мастацтва фатаграфіі і, адпаведна, разгляд і аналіз выбраных фатаграфіяў ад сярэдзіны 19-га стагоддзя і да 2012 года. Абазначаючы тэму “Добрая фатаграфія”, ня ставілася задача паказаць узровень майстэрства таго ці іншага фатографа ці пазнаёміць з шэдэўрамі прафэсійнай фатаграфіі. У аснову адбору пакладзена адлюстраваньне часу, эмацыйнае уражаньне вобразу, перажываньне чалавечага духу, адбіткі беларускай культуры, хараство Зямлі і людзей, трагічны і вечны аспэкты чалавечага існаваньня. Вобразнае ўражаньне і імгненьне часу ёсьць асноўным крытэрыем адбору. Там, дзе ёсьць уражаньне ад вобразу і ад імгненьня часу, патрабаваньні да тэхнікі абробкі фатаграфіі былі не галоўнымі, калі ў фатаграфіі выяўлены ўнікальнасьць, хараство і перажываньне духа. Прыярытэт аддаецца культурнай каштоўнасьці, уражаньню і вобразу. Кніга разьлічана на ўсіх, хто цікавіцца мастацтвам, эстэтыкай і цэніць фатаграфію. |
25. “ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА”, паэма ў трох частках. — Нью-Ёрк, “Беларускае Выдавецкае таварыства ў Амэрыцы” (БВТА), 2005 г., 64 стар. |
26. “ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА”, паэма, вершы і фатаграфіі. — “Беларускія Ведамасьці”, Нью-Ёрк-Варшава, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — Вільня, 2005 г. — 132 стар.: іл. (2-е выданьне). Кніга складаецца з паэмы “Вялікае Княства” ў трох частках і паэтычнага цыклу “Вялікае Княства”; ілюстраваныя мастацкімі фатаграфіямі аўтара. Завяршае кнігу цыкл “Напісанае адчыніў” — філасофскія падсумаваньні паэта, разважаньні і высновы жыцьця. Падзеі паэмы ахопліваюць часы з XVII па XXI стагоддзі. Аб'ядноўвае такі вялікі гістарычны пэрыяд (300 год) вобраз галоўнага героя Зянона, душа якога і там, у XVII стагоддзі, і ў ХХ-м, і нават у ХХІ-м. Яна ахоплівае стагоддзі і ўвасабляе хрысьціянскую ідэю вечнасьці чалавечай душы. Паэма — гэта твор пра лёс нашай Літвы-Беларусі ў стагоддзях, гэта мастацкае асэнсаваньне велічы Беларускага Духа і прычынаў яго заняпаду. Падзеі падаюцца ад “я” героя паэмы і ад “я” Аўтара-апавядальніка. Ён, як і іншыя героі, — мастацкі лірычны вобраз твора. Паэма складаецца з трох частак: “Агонь”, “Зямля”, “Трэці круг”. Яе героі “зьвязаныя” праз стагоддзі. Ажыцьцявіць гэтую “зьвязку” дапамагае галоўны герой Зянон, ягоная душа, якая не зьнікае са сьмерцю. З Боскай Волі, яна вяртаецца і прадаўжае жыць і ў ХХ-м, і ў ХХІ-м стагоддзях. Кампазыцыя паэмы творча апраўданая. Яна пацьвярджае вядомую ісьціну: нельга зразумець сучаснасьць і асягнуць будучыню, ня зьведаўшы мінулае. Таму творчае “дасьледваньне” сучаснага бядотнага стану Беларусі аўтар пачынае з мастацкага аналізу мінулага, прычынаў заняпаду магутнага, ад мора да мора, Вялікага Княства Літоўскага”, бо героі паэмы “уладкавацца” ў жыцьці асобна ад народнага лёсу ня могуць. Яны падзяляюць лёс свайго народа — унікальнага, асаблівага ў сьвеце, сьціплага і высакароднага, гасьціннага і трагічнага. Паэма пераканаўча ўвасобіла гэтую думку. Паэма ня толькі прадаўжае традыцыю беларускай літаратуры, але і зьяўляецца творам наватарскім, асабліва ў распрацоўцы хрысьціянскіх ідэяў мастацкімі сродкамі. Яе галоўны герой — гэта, фактычна, Душа беларускага народа, адзіная ва ўсіх стагоддзях. Роздум паэта пра ВКЛ увасоблены і ў “малых” формах — у лірычных цыклах, — якія сваімі матывамі пераклікаюцца з паэмай і як бы працягваюць яе. Успрыняцьце паэмы і вершаў узмацняюць дзівосныя ілюстрацыі-карціны, ілюстрацыі-думкі трывог і надзей. Завяршае кнігу цыкл “Напісанае адчыніў”. (Падрабязны аналіз паэмы і вершаў знойдзце ў кнізе Галіны Пазьняк. “Беларусь у сэрцы”. Варшава–Нью-Ёрк–Вільня. “Беларускія Ведамасьці”, “Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве”, — 2007 г. Разьдзел — “Твор, які ўзвышае дух”.) |
27. “ДАРОГА”. (Вершы і фатаграфіі) — Варшава–Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве. — 2007 г., 430 стар.: іл. Тут творчая асоба аўтара рэалізуецца і ў вершах, і ў мастацкай фатаграфіі. Сама кніга, якую бярэм у рукі, ёсьць твор мастацтва, які аўтар аформіў і зрабіў сам. Кніга складаецца з 29 тэмаў-разьдзелаў. Зянон піша карцінамі, ягоныя вершы — гэта фатаграфіі вечнага быцьця. Настраёвыя, тонкія фатаграфіі кнігі цалкам згарманізаваныя зь вершамі. Лейтматыў усіх тэмаў кнігі “Дарога” — шчымлівая туга па Айчыне і сьветлая любоў да Радзімы. Гартаючы яе, мы напаўняем сваю душу чысьцінёй і высакароднымі пачуцьцямі, якімі прасякнуты кожны твор гэтай паэтычнай кнігі. З першай фатаграфіі Гаўі аўтар настройвае нас на сьветлы лад. Чыстая рака і адлюстраванае ў ёй высокае неба. І дзівосны спакой. Здаецца, тут прысутнічае Высокі Дух Тварца. Гэта наша беларуская прырода. Калі казаць пра паэзію Зянона — у кожным самым маленькім вершыку-траціне (інтэрпрэтацыя “хоку”) — новая грань дзівоснага стану прыроды і душы. Бадай, самы радасны, прасякнуты тонкім гумарам цыкл “От добра”: “От дорбра, Калі на двары мароз, А ўдома цёпла. Сядзіш сабе ля вакна І спакойна гэтак на сьвет Божы глядзіш”. Паэзія дае магчымасьць успомніць-перажыць асабістае. Стан чыстай душы лірычнага героя Зянона перадаецца і нам — і душа напаўняецца цеплынёй. Добрыя думкі і сьветлы стан душы лірычнага героя хораша спалучаецца з дзівоснымі фатаграфіямі родных краявідаў. Вялікая частка вершаў прысьвечана “чужыне”. Але па сутнасьці — і яны пра Беларусь, якая далёка і якая — у душы. А вось разьдзел “Напісанае адчыніў”. Спакой, якім напоўнена фатаграфія, падрыхтоўвае нас да ўспрыняцьця сур'ёзных і высокіх думак, бо “вычарпаныя” з самай Вялікай Кнігі — Эвангельля, якая дапамагае хрысьціянскай душы думаць і жыць па Боскіх запаветах, бо свабода пачынаецца, перш за ўсё, у самым чалавеку, унутры яго думак, у стане душы: “Як розьняцца людзі: Нехта вольны ў ланцугах, Іншы — і на царстве раб.” Перад намі “Дарога”. Углядаемся ў вокладку. Здаецца, што гэта дарога бясконцая — не ўгрунтаваная, а ўзараная. Яна “прыгатавалася” да таго, што мы, беларусы, у яе пакладзем. І што мы пасеем — тое і ўзрасьце. Чытайце лірыку Зянона — і вы напоўніце душу сьвятлом, прыгажосьцю і высакародствам. Паэтычная кніга “Дарога” перакладзена на польскую мову Ірэнай Грынцэвіч пад назовам “OJCHYZNA WIECHNA” (Гл. у разьдзеле “Пераклады твораў Зянона на іншыя мовы). (Падрабязны аналіз вершаў “Дарогі” знойдзце ў кнізе Галіны Пазьняк. “Беларусь у сэрцы”. Варшава–Нью-Ёрк–Вільня. “Беларускія Ведамасьці”, “Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве”, — 2007 г. Разьдзелы — “Падарожжа ў сутнасьць рэчаў” і “Дарога Айчыны, дабра і любові”.) |
28. “ТЭРРА ДЭЙ”. — “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, Варшава–Нью-Ёрк–Вільня, — 2014 г., 416 стар.: іл. “Тэрра Дэй” (зямля Бога) — гэта сінтэтычны твор зь вершаў, фатаграфіяў, апавяданьняў, эсэ, успамінаў, паліталягічных артыкулаў і сэнтэнцыяў. Ідэя выданьня сфармулявана аўтарам як імкненьне “адлюстраваць прысутнасьць Боскага Духу ва ўсіх зьявах, рэчах, карцінах і вобразах Зямлі і зямнога жыцьця”. Кніга падзелена на тры творчыя тэмы: “Фатаграфіі і вершы”, “Апавяданьні” і “Народная філасофія” і задумана аўтарам як цэльны твор кніжнага мастацтва. “І зьмест, і яго падача, і тая форма, у якой ён існуе, павінны быць адзінымі”, — кажа Зянон. На вокладцы — франтон Віленскай катэдры (скульптурная фігура, якая была зьнішчана за бальшавікамі і якую потым аднавілі). “У гэтай фігуры павінна быць пэўная містыка, адчуваньне прышэсьця Духа сусьвету, прышэсьце Дыханьня космасу. Чорны фон, які мы бачым, сам па сабе настройвае да містычнага ўспрыняцьця, да адчуваньня бясконцасьці. І гэтая фігура з крыжам, як быццам выйшла адтуль, з касьмічнай пустаты”, — лічыць аўтар. (Дарэчы, гэта фотакарціна аўтара на вокладцы альбома зроблена ў выніку дасканалага валоданьня тэхнікай фатаграфіі). Адваротны (тыльны) бок вокладкі таксама працуе на галоўную ідэю: “Мы бачым разрыў у воблаках, адкуль ідзе прамень, і ўзьнікае асацыяцыя — быццам адтуль, з глыбіні неба ідзе нейкае загадкавае сьвятло. Алегорыя тут зразумелая, яна навеяна літаратурай. Мы разумеем, што значыць гэтае сьвятло, якое выходзіць “адтуль”. Тут таксама намёк на прысутнасьць Духа, на наяўнасьць Бога” (так “бачыць” аўтар). Частка кнігі — фатаграфічная і паэтычная — складаецца з 23-х тэм. Тэмы такога кшталту: “Кветкі і дрэвы”, “Птушкі”, “Быцьцё”, “Айчына”, “Віленшчына прыўкрасная”, “Людзі, гарады, тыпажы” і інш. Тэмы вельмі простыя, але паказаны праз мастацкае ўспрыняцьце. Кожны разварот уяўляе сабой мастацкую кампазыцыю, асобны твор, які трэба было скампанаваць такім чынам, каб фатаграфіі каардынаваліся паміж сабой па стылю, па зьместу, каб дапаўнялі адна другую, каб агульная карціна была сугучнай з сэнсам вершаў. Нецікавых здымкаў у кнізе няма. Кожны зь іх зьдзіўляе майстэрствам здымкі і хараством. Асабліва ўражваюць кніжныя развароты, якія зроблены канцэптуальна і ілюструюць мастацкае майстэрства аўтара. Вершы аўтара раскрываюць прыгажосьць “простых” рэчаў і адчуваньняў, якімі напоўнены наш народны сьвет. Суб'ектыўны погляд аўтара цалкам увасабляе народнае бачаньне сьвету, яго разуменьне дабра і прыгажосьці. “Тэрра Дэй” — гэта зямля Бога — так успрымае сваю Айчыну Зянон і раскрывае яе з самых розных бакоў. Наступны разьдзел кнігі — гэта апавяданьні (жанр, у якім раней аўтар не выступаў). Яны пабудаваныя на вобразах і тыпажах простых беларусаў яшчэ той, савецкай эпохі. Але вобразы ў апавяданьнях тыповыя, яны і цяпер такія. Якія простыя і прыгожыя людзі ў Зянона: і Андрэй, і Рамук, і Фэлька, і млынар Дукшта, і дзядзька Лаўрэль... А колькі ў іх народнага гумару, кемлівасьці, дабрыні! Але ў пытаньнях, якія закранаюць гонар (як у спрэчцы Дукшты з прыёмным сынам) — ён моцны і прынцыповы, і не даруе чалавечую нікчэмнасьць і здраду ўсяму таму дабру, якое стараўся выхаваць Дукшта ў сына. Трэцяя тэма, якая адлюстравана ў гэтай кніжцы, — гэта публіцыстычныя, палітычныя артыкулы, нарысы па асобных пытаньнях палітыкі і грамадзкага разьвіцьця, зроблены з мэтай народнай асьветы пра надзённыя тэмы. Гэта вольнае асэнсаваньне зьяў з гледзішча народнага падыходу. Яны напісаны спэцыяльна для кнігі. Гэты разьдзел аўтар назваў “Народная філасофія”. Названы ён у двукосьсі, таму што тэксты ня маюць дачыненьня да акадэмічнай філасофіі. Двукосьсе паказвае, што аўтар стараецца даваць ацэнку такім складаным зьявам, пра якія піша, з пункту гледжаньня народнай псіхалогіі, народнай філасофіі і народнага асэнсаваньня. Нават у тэкстах, якія зьяўляюцца палітычнымі, публіцыстычнымі, аўтар зыходзіць з пазыцыі каштоўнасьці любога чалавека, з пазыцыі каштоўнасьці чалавечага вопыту. Бо сам узрост, само разьвіцьцё чалавека ёсьць ягоны ўнівэрсітэт. “Жыцьцё — гэта Боская школа чалавека, калі ён умее прыглядацца і аналізаваць, калі ўмее прыслухацца да сваёй душы”, — лічыць Зянон. Паэтычная кніга “Тэрра Дэй” перакладзена на польскую мову Ірэнай Грынцэвіч пад назовам “TERRA DEI” (Гл. у разьдзеле “Пераклады твораў Зянона на іншыя мовы) |
29. ВЕРШЫ ДЛЯ ЦЯБЕ. Варшава–Нью-Ёрк, “Беларускія Ведамасьці, — 2015 г., 36 стар.: іл. Вершы, лірыка, пасьвячэньні. Асабісты лёс і лёс Айчыны для Зянона непадзельныя. Вось напрыклад: “Плакучая вярба пад вакном. Ці ня плакала ты пра наш лёс, Калі білася ў шкло зьледзянелае лісьце?” “Той лес, дзе з табою былі, Ужо пастарэў На дзесяць гарушчых гадоў”... |
30. “ПАЛЫН-ПАЛЫН...” Беларускі раман з часоў савецкай акупацыі. — “Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Амэрыцы”, Нью-Ёрк, 2016 г. — 200 стар. (Заўвага. “Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Амэрыцы” створана Зянонам Пазьнякам у 1997 годзе ў Нью Ёрку, як афілятыўная арганізацыя “Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня” (БАЗА). Дзеяньне рамана пачынаецца ў 30-х гг. на Віленшчыне і працягваецца ў 40-х–60-х гг. 20-га стагоддзя ў БССР. Гэта расповяд пра лёсы, каханьне і справы беларусаў, што жылі пад саветамі, пра акупацыйную рэчаіснасьць савецкага рэжыму, яго норавы і парадкі. У цэнтры сюжэта людзі, якія шанавалі сваю годнасьць і Бацькаўшчыну і змагаліся за яе волю і Адраджэньне. Раман чытаецца лёгка і захоплівае з першых старонак. |
31. КРАЯВІД ПЕРАД НІЗІНАЙ. Выбраныя публікацыі. — Варшава–Нью-Ёрк, “Беларускія Ведамасьці”, 2018 г., — 238 стар. Гэта зборнік выбранай публіцыстыкі аўтара 2010–2018 гг. Тэксты аб'яднаныя адным падыходам — асьвятленьнем небясьпечных зьяваў і працэсаў для існаваньня нацыі, культуры і цывілізацыі. Таксама адлюстраваныя тэмы аб станоўчых чыньніках разьвіцьця. |
32. ФАТАГРАФІЯ,1 * PHOTO,1 — Пэрыядычнае выданьне, — Нью-Ёрк, 2019 г., 138 стар.: іл. Гэты альманах задуманы як пэрыядычнае выданьне па фатаграфіі. Беларусь даволі адметная ў гісторыі фатаграфіі і фотатворчасьці, хоць цяпер тут няма вышэйшай адмысловай мастацкай школы па навучаньні фатаграфіі і фатаграфічнаму мастацтву. Тым часам у краіне працавалі здольныя фотамайсты, фотакраязнаўцы, фотарэпарцёры, фотааматары. Аднак (як ня дзіўна) за саветамі і пазьней не было пэрыядычнага выданьня па фатаграфіі. Прычына вядомая: акупацыйныя ўмовы і антынародная палітыка... У гэтым першым нумары выданьня палова мастацкай фатаграфіі належыць аўтару выданьня (З. Пазьняку). Другая палова прысьвечана Джону Кунстадтэру. Ягоная творчасьць — гэта адметная зьява ў беларускай фатаграфіі. Па вялікаму кошту, амэрыканец Джон Кунстадтэр рэальна зьяўляецца нацыянальным беларускім фатографам. Ён глыбока пранікся прыхільнасьцю да простых беларусаў і зь вялікай любовяй фатаграфуе жыцьцё, культуру, веру і быт нашых людзей. Ён валодае беларускай мовай, разумее і ўзьвялічвае простага чалавека... Гэтае выданьне не камэрцыйнае. Яно асьветніцкага кшталту. Падрыхтоўка, склад, кампутарны макет, графіка і кампутарная вёрстка зроблена аўтарам. Выдадзена на сродкі аўтара. (З прадмовы выданьня.) |
33. ІНСУРГЕНТЫ. (П'есы) — Нью-Ёрк–Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, 2020 г., 192 стар. Гэта зборнік драматычных твораў для тэатра і чытаньня на тэмы гісторыі і рэлігіі. “ІНСУРГЕНТЫ” — містэрыя ў адной дзеі, прысьвечаная паўстанцам пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. “АКУПАЦЫЯ” — п'еса пра беларускае нацыянальнае падзем'е, якое ратавала Беларусь у час гітлераўскай акупацыі краіны ў 1941–44 гг., пра дзейнасьць “Незалежніцкай партыі”, якая дэкляравалася легальна, але мела падземны актыў, які і вызначаў усю беларускую палітыку пад акупацыяй; тут закранаюцца пытаньні савецкай партызанкі. Дзеючыя асобы п'есы — рэальныя людзі, якія дзейнічалі і змагаліся ў акупаваным Менску. Адзін з персанажаў п'есы — Вільгельм Кубэ — кіраўнік цывільнай нямецкай адміністрацыі. Ён спрыяў беларускаму нацыянальнаму адраджэньню, дзейнасьці беларускай школы, культуры, выступаў супраць расстрэлаў беларусаў і габрэяў і інш. Усё гэта выклікала шалёную нянавісьць да яго з боку Масквы і гітлераўскай СС і СД. Сярод дзеючых асоб — начальнік СС Курт фон Готбэрг і начальнік СД у Менску Эдуард Штраўх — бандыты, якія расстрэльвалі, забівалі і палілі... Станоўчыя героі таксама рэальныя людзі — Антон Адамовіч, Вацлаў Іваноўскі, Вітаўт Тумаш, Юльян Саковіч, Усевалад Родзька, Іван Ермачэнка, Франц Кушаль, Натальля Арсеньнева і інш. Цыкл п'ес “ЭВАНГЕЛЬСКІЯ ДЗЕІ”: “ІРАД”, “ХРЫСТОС”, “ЮДА”, “ПЁТРА”. Гэтыя п'есамі драматург адрадзіў сярэднявечны жанры (дакладней — рэмінісцэнцыі жанраў) — Народная дрма, Батлейка, маралітэ, міракль, містэрыя. Яны захоўваюць адзнакі жанру. П'еса “Ірад”, напрыклад, напісана ў стылі Народнай драмы і Батлейкі. Іншыя — гэта міракль і маралітэ. Гэтыя сцэнічныя творы, як лічыць аўтар, мусяць спрыяць людзям ў асягненьні добрых думак і здаровага разуменьня рэлігійнай гісторыі Хрысьціянства. “БОЖЫ ДАР” — экзыстэнцыяльна-фантастычная драма ў 2-х дзеях. Дзеі адбываюцца ў Чарнобыльскай зоне радыяцыі ў Беларусі ў 1986 годзе. |
ПЕРАКЛАДЫ ТВОРАЎ ЗЯНОНА НА ІНШЫЯ МОВЫ
34. “OJCZYZNA WIECZNA” — (выбраныя вершы кнігі “Дарога”). Пераклад на польскую мову Ірэны Грынцэвіч. Вершы і фатаграфіі. — Warszawa, “Беларускія Ведамасьці”, 2014 г. 272 стар.: іл. Кніга адрасуецца польскім і беларускім аматарам лірычнай паэзіі, якія жывуць у Польшчы, і, магчыма, магла б паспрыяць беларускім уцекачам ад рэпрэсій акупацыйнага рэжыму засвоіць польскую мову ў станоўчых (хрысьціянскіх) вобразах на беларускай тэматыцы. |
35. “TERRA DEI”. Пераклад выбраных вершаў з кнігі “Тэрра Дэй” на польскую мову Ірэны Грынцэвіч. — “Беларускае Выдавецкае таварыства ў Амэрыцы” (БВТА) і “Беларускія Ведамасьці”, New York — Warszawa, 2017 г., 156 стар.: іл. Кніга адрасуецца польскім і беларускім аматарам лірычнай паэзіі, якія жывуць у Польшчы. У “Дадатку” — пераклады асобных вершаў на украінскую мову Івы Падольськай, на мову Мары Эл Сьвятланы Грыгор'евай, на грузінскую мову Эмзара Кахідзэ, на ўдмуртскую мову Алены Ніканавай. |
36. “VOX ANGELICA” — Кніга перакладаў. — “Беларускія Ведамасьці”, Варшава-Нью-Ёрк. — 2018 г. — 216 стар. Гэта анталогія перакладаў вершаў ЗЯНОНА зь беларускай мовы. Тут сабраныя пераклады выбраных вершаў на 32 мовы сьвету. Кніга складаецца з 2-х разьдзелаў. Першы — гэта вершы на замежных мовах, якія разьмешчаны ў алфавітным парадку. Другі — гэта арыгіналы вершаў па-беларуску. Самая большая колькасьць перакладаў зроблена на польскую мову чатырма перакладчыкамі. Гэта Ірэна Грынцэвіч, Адам Паморскі, Чэслаў Сэнюх, Рамуальд Мячкоўскі. Тут сабраныя добрыя, цёплыя вершы пра любоў да Бацькаўшчыны, пра тугу па ёй, пра любімыя краявіды, пра сьветлае каханьне. Усё, напісанае паэтам, — узвышае дух. Кніга разьлічаная на аматараў паэзіі, на шырэйшае знаёмства з творчасьцю аўтара. |
37. ЗЯНОН ПАЗЬНЯК. БІЛОРУСЬ У БОРОТЬБІ. З білоруськоï переклала Іва Подольська. Серія “Білорусь”, Ла “Піраміда”, — Львів, 2019 г., 208 стар.: іл. Гэта мастацка-публіцыстычнае выданьне — першы пераклад на ўкраінскую мову твораў Зянона Пазьняка. Як піша Іва Падольска, гэта “добры сябра Вячаслава Чарнавола і палітычная легенда 90-х гадоў, які сёньня вымушана перабывае ў азылі”. Яна ставіць у заслугу палітыку Пазьняку і дэпутатам Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, якія дамагліся незалежнасьці Беларусі пасьля распаду Савецкага Саюзу, вяртаньне беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, адраджэньне нацыянальных сымвалаў Вялікага Княства Літоўскага: Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрба “Пагоня” Спадарыня Іва спадзяецца, што гэта кніга паспрыяе больш блізкаму збліжэньню нашых народаў, пазнаёміць украінскіх чытачоў з нашым краем, нашай прыродай і непаўторнасьцю беларускай душы. “Для ўкраінцаў вельмі важна па-новаму адкрыць для сябе суседнюю краіну, каб зразумець яе народ і барацьбу”, — кажа спадарыня Падольска. У кнізе падаюцца пераклады вядомых артыкулаў З. Пазьняка “Беларуска-расейская вайна”, “Аб рускім імпэрыялізме і яго небясьпецы”, “Камунізм як форма расейскага імпэрыялізму” і іншыя. Значная частка кнігі аддадзена паэзіі і эсэ аўтара, даецца пераклад некаторых выступаў З. Пазьняка. |
38. ГІРКІ ЗАПАХ ПОЛИНОВИЙ... Раман. Пераклад Івы Падольськай з беларускай мовы на ўкраінскую рамана “Зянона” (З. Пазьняка) “Палын-Палын...”, — Дрогобич, КОЛО, — 2021 г., 391 стар. За пераклад рамана “Зянона” “Палын-Палын...” зь беларускай мовы на ўкраінскую (“Гіркі запах полиновий...”) Іва Падольская атрымала дыплом і спэцыяльную адзнаку “Профі-переклад” V-га Міжнароднага літаратурнага конкурсу рукапісаў прозы на лепшую кніжку года “Крылаты Леў”. |
39. ZIANON PAZNIAK. OMAGGIO ALLA BIELORUSSIA da Stalin a Putin il genocidio di un popolo (testi a cura di Valeri Bujval prefazione di Dario Fertilio. Bibliotheca albatros, — 2008 г.; 133 стар. (Публіцыстыка і паэзія Зянона Пазьняка, выдадзеная ў Італіі.) |
ВЫДАВЕЦКАЯ ДЗЕЙНАСЬЦЬ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА
40. СЯРГЕЙ НАВУМЧЫК. СЕМ ГАДОЎ АДРАДЖЭНЬНЯ АЛЬБО ФРАГМЭНТЫ НАЙНОЎШАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ (1988–1995). — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, Прага — “Človek v tisni”, 2006 г. — 140 стар.: іл. (Мастацкі макет, афармленьне, вокладка: Зянон Пазьняк.) Гэта першая спроба падрабязнай пэрыядызацыі апошняй хвалі Беларускага нацыянальнага Адраджэньня. У кнізе дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га скліканьня Сяргея Навумчыка распавядаецца пра ўтварэньне Беларускага Народнага Фронту і барацьбу з камунізмам, аднаўленьне Незалежнасьці Беларусі, працу дэпутацкай Апазыцыі БНФ над канцэпцыяй дзяржаўнага будаўніцтва. Падаецца аналіз прычынаў згортваньня палітыкі беларускага нацыянальна-культурнага разьвіцьця пасьля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі. Упершыню публікуюцца матэрыялы з архіву дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня |
41. А. КАЛУБОВІЧ. МОВА Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА. Факсімільнае выданьне. Частка 1. Факсімільны друк з выданьня — Мюнхен — 1974–1975 — Лёндан. Прадмова выдаўца факсіміле: — Зянон Пазьняк. Факсімільнае навукова-асьветніцкае выданьне. — Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, — 2015 г., 96 стар. Беларускі пісьменьнік, гісторык і грамадзкі дзеяч Аўген Калубовіч (нарадзіўся ў 1910-м) у 20-гадовым узросьце быў асуджаны на 3 гады сталінскага канцлягеру за беларускі патрыятызм. Пасьля 2-й Сусьветнай вайны — у эміграцыі. Быў прэм'ерам ураду БНР, выдаваў беларускія часопісы, займаўся навукова-дасьледчыцкай дзейнасьцю. Кніга “Мова ў гісторыі беларускага пісьменства” — адна зь яго найлепшых. Яна надзвычай каштоўная для нашай гісторыі, якая выварочвае душу ад крыўды за жорсткасьць гісторыі, прымушае моцна біцца сэрца. Мовай фактаў тут паказана, як пасьлядоўна нішчылі вялікую беларускую кніжную культуру расейския варвары, войны, акупацыі, ворагі і бяспамяцтва. Кніга — найвялікшы чыньнік культуры кожнай нацыі, яна (як і мова) забясьпечвае народу вечнасьць. Беларусь — краіна вялікай кніжнай культуры. Адсюль пайшла першая друкаваная кніга ва Ўсходняй Эўропе. Тут стварылася велізарная кніжная спадчына, якую год за годам нішчыла расейскае варварства. І пра гэта трэба ведаць кожнаму беларусу, каб добра разумець, дзе наш вораг. |
42. ГАЛІНА ПАЗЬНЯК. БЕЛАРУСЬ У СЭРЦЫ. — Варшава-Нью-Ёрк-Вільня, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — 2007 г., 240 стар.: іл. Кніга Галіны Пазьняк — гэта зборнік успамінаў, артыкулаў, тэматычных запісаў гаворак, літаратуразнаўчых працаў, напісаных аўтарам на працягу першых сямі гадоў уцякацкага жыцьця за мяжой. Тут адлюстраваныя факты і змагарны дух эпохі Беларускага Народнага Фронту і новага Беларускага нацыянальнага Адраджэньня, актыўным удзельнікам якога зьяўлялася аўтарка; паказаны грамадзкі ўздым таго часу, калі была палітычна адваявана і вернута незалежнасьць Беларусі. |
43. “ПАРСІВАЛЬ”. Выданьне другое. — Нью-Ёрк, Вільня, Варшава, “Беларускія Ведамасьці”, Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, — 2009 г., — 144 стар.: іл. Сярэдневяковая легенда пра рыцара Парсіваля, які шукае Сьвяты Грааль, добра вядомая ў кантэксьце эўрапейскага мастацтва, бадай, з XI-га стагоддзя. Згодна з рэлігійнай легендай, Грааль — гэта келіх (“кубак”), зь якога піў Езус у час Апошняй Вячэры. Паводле іншай легенды, Іосіф з Арыматэі напоўніў келіх Хрыстовай крывёй падчас укрыжаваньня Збавіцеля. Назоў “Сьвяты Грааль” часьцей абазначае “Сьвятая Кроў” ці “Сьвяты Келіх” (кубак, посуд, начыньне) Легенда зрабіла вялікі ўплыў на культурных людзей Эўропы і існуе ў розных варыянтах эўрапейскага мастацтва. Юнак Парсіваль напачатку выглядае маладым дурнем і эгаістычным ганарліўцам, але паступова зьмяняецца, разумнее, сталее, асэнсоўвае дабрыню Бога і Яго волю ў сваім лёсе. (Пра ўсё гэта вы даведаецеся падрабязьней з прадмовы Зянона Пазьняка.) Афіцыйны Ватыкан не пацьвярджаў існаваньня Грааля, але (што важна) ніколі не забараняў і не змагаўся з аповесьцямі пра Грааль і прыгодамі Парсіваля. Пераклад легенды зроблены зь нямецкай мовы Леанідам Галяком у 1947 годзе ў лягеры беларускіх уцекачоў Ватэнштэт у ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны, дзе жыло каля 350 беларусаў. Тут жа быў надрукаваны і “Парсіваль”. Існаваньне ў лягеры было вельмі цяжкім, каб выжыць фізычна. Але беларусы верылі ў будучыню Беларусі і імкнуліся хоць калівам, хоць словам, песьняй, вершам, перакладам, друкам дапамагчы яе будучыні, бо разумелі: усё, што існуе на нашай роднай мове, ёсьць здабыткам нашай культуры. (Падрабязьней пра беларускае жыцьцё ў лягеры таксама ў прадмове да кнігі.) Тыраж лягернага выданьня быў невялікі, і ў эміграцыі ўжо амаль ніхто й ня памятаў пра “Парсіваль”. Гэтую кніжачку-сшытачак, пастарэлую ад часу, З. Пазьняк знайшоў у запыленым кнігазборы беларускай царквы ў Нью-Ёрку. Ведаючы цяжкасьці і гераічныя ўмовы, у якіх тварылі ўцекачы-беларусы дзеля Бацькаўшчыны, нельга было дапусьціць, каб гэтая праца загінула. Таму ён вырашыў перавыдаць “Парсіваля”, паправіўшы і дасканала апрацаваўшы тэкст перакладчыка. Вокладка, мастацкае афармленьне, макет, укладаньне і падрыхтоўка да друку — Зянон Пазьняк. Варта чытаць. |
44. ГАЛІНА ПАЗЬНЯК. МЕНСКІ ГАРСАВЕТ У ПЭРЫЯД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ (1990–1991). — “Беларускія Ведамасьці”, — Варшава-Нью-Ёрк, 2012 г., — 24 стар. Грамадзка-палітычнае выданьне аб дзейнасьці дэпутатаў БНФ у Менскім Гарадзкім Савеце 21-га скліканьня ў 1990–1991 гг. у час сцьвярджньня дзяржаўнай незалежнасьці і змаганьня за дэмакратычныя прынцыпы ўлады. |
45. ДАНІЭЛЬ ДЭФО “РАБІНЗОН КРУЗА”. Факсімільны друк з выданьня: Даніэль Дэфо. Рабінзон Круза. — Ватэнштэт, 1947 г. Прадмова, пасьляслоўе, дадатак да факсіміле і выданьня — Зянон Пазьняк, — БВТА, “Беларускія Ведамасьці”. — Нью-Ёрк, Варшава. — 2017 г., 90 стар.: іл. Гэта факсімільнае выданьне арыгінальнага скарочанага перакладу на беларускую мову з ангельскай. Пераклад Сьвятаслава Коўша зроблены ў 1947 годзе ў лягеры беларускіх уцекачоў Ваттэнштэт у ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. Сьвятаслаў Коўш — вядомы беларускі дзеяч і сьвятар на эміграцыі. У Ваттэнштэце было тры групы перакладчыкаў. Іх мэты зыходзілі з таго, каб даць беларускай моладзі добрую маладзёвую літаратуру па-беларуску, бо добрая літаратура спрыяе разьвіцьцю асобы, фармаваньню ідэалаў і станоўчаму думаньню. Так зьявіліся за мяжой па-беларуску “Парсіваль”, “Маўглі”, творы Стывенсана, “Рабінзон Круза” і інш. Гэта вельмі высакародная праца, сэнс якой усьведамлялі разумныя беларусы ў лягерах падсавецкіх уцекачоў. Уражвае, як у такіх цяжкіх, галодных і няпэўных умовах, у бараках за плотам ды калючым дротам беларусы змаглі хутка і добра арганізавацца. Выбарачны пераклад С. Коўша (перакладзена 10 разьдзелаў) зроблены характэрнай беларускай мовай і арыентаваны, перш за ўсё, на лягерную беларускую моладзь. Перакладчыкі разумелі, што на чужыне, у лягерных умовах, захаваць беларушчыну ў моладзі дапаможа літаратура ў беларускай мове, дапаможа сфармаваць беларускага чалавека, яго беларускае думаньне, ідэалы, прыхільнасьць да мовы і культуры. Невыпадкова расейскія саветы скрупулёзна сачылі, каб нічога не перакладалася з сусьветнай літаратуры на беларускую мову. У 30-я гады за пераклад па-беларуску можна было трапіць у Сібір і нават пад расстрэл. У 60-я гады Васіль Сёмуха ня мог выдаць свой пераклад “Фаўста” па-беларуску, бо была (негалосная) забарона. Як і бальшыня выданьняў у “Беларускай мікрадзяржаве Ваттэнштэт”, “Рабінзон Круза” быў выдадзены ў мяккай вокладцы друкаваньнем на ратапрынце з машынапіснага тэксту на жоўтай неякаснай паперы (якая ўжо рассыпаецца). Выдаўцы стараліся аздобіць кнігу ілюстрацыямі (нешта накшталт малюнкаў — гэта трэба бачыць). Разумеючы ўмовы працы нашых падзьвіжнікаў, гэтае прымітыўнае ручное выданьне пакідае ўражаньне нават больш эмацыйнае, чым сучасны фаліянт на выдатнай паперы. Зянон Пазьняк аддрукаваў гэтую невялікую працу у тым выглядзе, у якім яна захавалася, дзеля ўжытку і гісторыі нашай змагарнай культуры. У “Дадатку” — вокладкі, тытулы беларускіх часопісаў (часам рукапісных) выдаваных у ліхія часы на чужыне — сьведчаньне вялікай духоўнай моцы беларусаў у лягеры Ваттэнштэт. |
46. “БЕЛАРУСКІЯ ВЕДАМАСЬЦІ”, № 1 (70). 2012–2013 Тут апошні нумар часопіса “Беларускія Ведамасьці” (сігнальнае сьведчаньне), які выдаваў Зянон Пазьняк у Варшаве з 1996-га па 2013 год. Вададзена 70 нумароў (прыблізна 2500 стар. А-4) Гэта адзіны адраджэнскі часопіс у акупаванай Беларусі, які ахоплівае гісторыю і летапіс барацьбы беларускага народа супраць маскоўска-лукашысцкай акупацыйнай палітыкі. Выданьне перапраўлялася ў Беларусь, пакуль было магчыма. Рэжым прыняў надзвычайныя меры па недапушчэньні часопіса ў Беларусь (як і ў цэлым кніг Зянона Пазьняка). У сувязі з немагчымасьцю распаўсюджваць часопіс ў Бацькаўшчыне (арышты, перасьлед людзей) выданьне было прыпынена. Часткова часопіс ёсьць у Інтэрнэце. |
47. Зянон. ГРААЛЬ (П'есы). Выданьне: “Беларускія Ведамасьці”, Варшава, 2023 г., — 104 с. Папера афсэт. аркуш A4; Фармат A5; 52 друк. арк. Наклад 350 асоб. “Грааль” — гэта зборнік драматычных твораў для прафэсійнага і дзіцячага тэатра і чытаньня на тэмы ідэалёгіі Беларусі і рэлігіі. ISBN: 978-83-948192-5-5 Зьмест: “Грааль”, “Птушка шчасьця”, “Павел”. П'еса ПАВЕЛ (Дзеяпіс-маралітэ ў 12-ці сцэнах для тэатра і чытаньня. Дзеецца ў Ерусаліме, Дамаску, Рыме). П'еса “Павел” зьяўляецца 5-й часткай драматычнага цыклу “Эвангельскія дзеі”, выдадзенага раней (“Інсургенты”, 2020 г.). Гэта драматычны дзеяпіс з элемэнтамі сярэднявечнага хрысьціянскага сцэнічнага жанру “маралітэ”. Твор прызначаны для вялікага прафэсійнага тэатра са шматлікай трупай і магчымасьцямі. Беларускі тэатар цяпер (2023 г.) разбураны і, фактычна, ліквідаваны прарасейскім акупацыйным рэжымам. Таму вялікай сцэны гэтая п'еса доўгі час ня ўбачыць. Аднак, яна напісана так, што амаль кожную яе сцэну (усіх 12) можна паставіць асобна як сцэнічны абразок з зразумелым сюжэтам. Гэта сьведама разьлічана на магчымасьці самадзейнага беларускага тэатра пры беларускіх цэрквах, касьцёлах, малельных дамах за мяжой у азылі, там, дзе вымушаны цяпер жыць беларусы. |
ДАПАЎНЕНЬНЕ
Кнігі, выдадзеныя Зянонам Пазьняком у Беларусі, цяпер недаступныя.
“ЗЯНОН ПАЗЬНЯК — САПРАЎДНАЕ АБЛІЧЧА”, выдадзеная ў Менску ТВЦ “Паліфакт”, 1992 г., — 208 стар.: іл.; 25.000 асобнікаў. Фотаілюстрацыі падабраў і падрыхтаваў Яўген Кулік. Кнігу складаюць выбраныя артыкулы і прамовы Старшыні БНФ З. Пазьняка з 1988 па 1990 гг. на мітынгах, канферэнцыях, паседжаньнях, якія адлюстроўваюць цяжкую барацьбу з камуністычнай уладай у пэрыяд выбараў у Вярхоўны Савет БССР і выступы народнага дэпутата БССР З. Пазьняка ў барацьбе з камуністычнай бальшынёй у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня; прыводзяцца некаторыя выняткі са стэнаграмаў паседжаньняў ВС БССР (супраць рэпрэсіяў над змагарамі за незалежную Беларусь, па пытаньнях Чарнобыльскай трагедыі (якую камуністычная ўлада хавала ад беларусаў), па пытаньнях пераходу БССР на рынкавую эканоміку і інш.); выступ на антыкамуністычным мітынгу 7.11.1990 г. і на II-м зьезьдзе “Саюдзіса”. Зьмешчана нізка вершаў паэта Зянона. |
Захаваліся ў дрэнным стане толькі вокладкі яго знакамітай у сваім часе кнігі пра архітэктуру старога Менска (“Рэха даўняга часу”, — Менск, “Народная Асьвета”, — 1985 г.), вокладка фотаальбома “Браслаўшчына”, — Менск, “Беларусь”, — 1970 г., ды фотаальбом “Мінск”, — Мінск, “Беларусь”, — 1968 г. бяз вокладкі. (Фатаграфіі ёсьць ў Інтэрнэце).
Агляд падрыхтавала Марыля Якушэвіч
Ліпень 2023 г. Варшава.