ВЕКТАР РАЗЬВІЦЬЦЯ НАРОДА І ЧАЛАВЕЦТВА
У XXI стагодзьдзі будзе павялічвыцца інтэрас да экалягічнай будучыні і планетарнай пэрспэктывы чалавецтва. Гэтая тэма ўжо даволі распаўсюджана ў грамадзтве (праўда, пакуль што ў маргінальным сэктары). Узрастаньне трывожнай цікавасьці да прышласьці цывілізацыйнага разьвіцьця зьвязана перш за ўсё з актыўным разбурэньнем прыроды чалавекам і з нэгатыўнымі зьявамі ўпадку маралі і культуры ў самой цывілізацыі прагрэсу, якая дамінуе цяпер на Зямлі.
Вакол занепакоенасьці будучыняй цывілізацыі і плянэты накапілася мноства антынавуковых, маргінальных, фантастычных, ілжывых, шарлатанскіх і адкрыта неадэкватных меркаваньняў. Тэма гэтая крайне няўдзячная, але праўда ў тым, што неўзабаве (і, магчыма, вельмі хутка) яна стане адной з важных праблемаў чалавецтва, якая закране існаваньне і інтарэсы шмат якіх краінаў і народаў. Беларусь не абміне гэтых праблем.
Людзі пачынаюць адчуваюць тупіковасьць экалягічнага разьвіцьця ў сучасным тэхнагенным сьвеце і шукаюць выйсьця. Разважаньні адцягненыя і агульныя. Без канкрэтызацыі назаву толькі некаторыя аспэкты ў гэтай тэме.
Візію далёкай будучыні чалавецтва, асэнсаванай у ідэалёгіі, гістарычна ажыцьцяўлялі тры сістэмныя падыходы думаньня і тры арганізаваныя сілы грамадзтва (чалавецтва) — гэта Хрысьціянства, нямецкі нацыянал-сацыялізм і расейскі камунізм-бальшавізм.
І нацызм, і камунізм у ідэёва-эсхаталягічным плане ўяўлялі сабой сурагат цёмнай сацыяльнай рэлігіі, замешанай на антыхрысьціянстве. Фактычна, у 20-м стагодзьдзі адбыўся зьнішчальны паход супраць хрысьціянскай эсхаталягічнай візіі чалавецтва. Гэтая гісторыя дае прастору для духоўных разважаньняў, якія могуць удасканаліць веды, але яны ўжо не ўплываюць на рэальнае грамадзкае жыцьцё.
Сучасная дэмакратычная (рынкава-спажывецкая) цывілізацыя будуе сваё бачаньне пэрспэктывы чалавецтва на двух падыходах, якія вынікаюць з прагрэсу: на цывілізацыйнай і экалягічнай катастрофе і на выхадзе чалавецтва ў космас, на перасяленьні яго на другія плянэты. Першы падыход цалкам рэалістычны, бо ў гісторыі Зямлі і чалавецтва ўжо былі і цывілізацыйныя, і экалягічныя катастрофы, якія прыводзілі да кардынальных зьменаў у прыродзе і ў грамадзтве. Але гэта ніякі ня вынік разьвіцьця, а толькі прадбачаньне краху цывілізацыі ў выніку бесталковага існаваньня. Улічыць трэба палітычныя падзелы ў сьвеце, агрэсіўнасьць асобных краінаў і наяўнасьць зброі плянэтарнага зьнішчэньня. Гэты падыход, аднак, пэссымістычны, тупіковы. Тут няма выхаду.
Другі падыход і намеры касьмічнага перасяленьня людзей на іншыя планеты, практычна, роўны нулю і ў рэальнасьці немагчымы. І зьвязана гэта не з неабходнасьцю авалоданьня новай магутнай і лёгка здабываемай энэргіяй, не з вырашэньнем праблемы кіраваньня гравітацыяй, магнітным полем, атмасфэрным ціскам, здабыцьцём кіслароду, вады, глебы і г. д., а з магчымасьцю кіраваньня прасторай і часам, бо час зямны (час зямной цывілізацыі) і час касьмічны — несумяшчальныя па маштабу і па існаваньні ў прасторы.
Гэтая розьніца вырастае з павелічэньнем хуткасьці (якая для фізычнага цела ня можа быць большай за хуткасьць сьвятла). Нават калі б дзе-небудзь і былі б у космасе адначасна дзьве падобныя планеты Зямля, насельнікі іх рэальна ніколі не маглі б сустрэцца ў фізічным плане, бо працягласьць арганічнага жыцьця планеты (не кажу ўжо пра разумную цывілізацыю і пра працягласьць жыцьця чалавека) у параўнаньні з прасторай і часам космасу — гэта адно імгненьне. Верагоднасьць зьяўленьня яшчэ адной разумнай цывілізацыі, тым больш дзьвюх і ў аднам зямным часе (які фізычна непераадольны) настолькі малая, што цікава толькі для матэматычных аблічэньняў. Будаваць жа меркаваньні на верагоднасьці, напрыклад, у мінус 725-й ступені няма сэнсу, бо яе ня будзе.
Чалавек у фізічным плане і ў фізічным сьвеце у прынцыпе ня можа даляцець да іншых галактык і нават асвоіць тую, дзе ён знаходзіцца. У навуцы гэта вядома (пра тое пісаў, напрыклад, яшчэ 70-х гг. мінулага стагодзьдзя савецкі астраном акадэмік Т. А. Агекян).
Разважаньні аб расьсяленьні чалавецтва ў вялікім Космасе — гэта чыстая фантастыка, якая выказваецца тымі навукоўцамі (а яшчэ больш ненавукоўцамі), што ўнівэрсальна ўспрымаюць тэорыю эвалюцыйнага разьвіцьця. Але калі высновы гэтай тэорыі ў пэўнай ступені стасуюцца для ацэнкі жыцьця на Зямлі, то ў Космасе яны ня дзейнічаюць. Існаваньне і эвалюцыя біялягічнага жыцьця — гэта фізічна абмежаваная дыскрэтныая зьява. Фізічны разумны чалавек ня можа эвалюцыянаваць у фізічным Космасе і засяляць галактыкі. Фізічная эвалюцыя розуму на Зямлі — гэта не трансцэндэнтны касьмічны бясконцы працэс, а канцовы працэс, які мае свой фізічны пачатак і канец разьвіцьця — імгненьне ў касьмічным вымярэньні.
Парадыгма Прагрэсу, аднак, будзе, хутчэй за ўсё, вызначаць касьмічную накіраванасьць ідэёвага разьвіцьця. Бо гэта зьява, зьвязаная з працэсам пазнаньня і з тэарытычнай (а ў пэрспэктыве практычнай) магчымасьцю навуковай каланізацыі Сонечнай сістэмы як аб'екту вывучэньня (па тыпу навуковай каланізацыі Антарктыды). Працэс пазнаньня ня можа спыніцца і нават, калі гэта тупіковы шлях, — ён мусіць прывесьці да ісьціны (якая якраз можа стаць усьведамленьнем тупіковасьці).
Нават простыя лягічныя аблічэньні, заснаваныя на пэрспэктывах навукі і магчымасьцях цывілізацыі, паказваюць, што цывілізацыйна зямное чалавецтва ня можа існаваць нідзе ў Сонечнай сістэме акрамя Зямлі. У сто разоў бальш рэальна выглядала б нават прапанова пабудаваць існаваньне людзей пад Зямлёй, альбо пад ільдамі Антарктыды, чым прафанска-журналісцкія фантазіі аб перасяленьні на Марс — паміраючую плянэту без магнітнага поля, кісларода, вады, зь мінімальнай атмасфэрай.*
*(Дэгрэсія): Тым часам агрэсіўнасьць псэўданавукі і шарлатанаў агаломшвае ўжо цяпер. Зьяўляюцца нейкія “энтузіясты”, што вярбуюць ахвотнікаў перасяленьня на Марс, камікадзэ на палёт у адзін канец, адчыняюць фэйкавыя сайты, зьбіраюць грошы з неадукаваных прастакоў. Зьдзіўляе, што гэта не трапляе яшчэ ў сфэру ўвагі крымінальных кодэксаў міжнароднай супольнасьці.
Сэнс вечнага існаваньня чалавецтва, пераадоленьне фізічнай прасторы і часу, магчыма (верагодна) ня ў зьнешнім, а ва ўнутраным вектары разьвіцьця. Калі дапусьціць існаваньне побач з фізічным іншага вымярэньня і іншага нябачнага сьвету, то перайсьці з фізічнага сьвету ў іншае вымярэньне і іншы сьвет тэарэтычна магчыма толькі пазбавіўшыся ад фізічнага цела (гэта значыць, праз сьмерць), калі лічыць пры гэтым, што паралельна з фізічным целам чалавек мае іншую духоўную сутнасьць (гэта значыць душу), якая можа існаваць у іншым вымярэньні, прасторы і часе.
Калі гэта дапусьціць, тады трэба адчыніць хрысьціянскае Эвангельле і чытаць далей. Там усё напісана. Тады стане зразумела, што дзеля жыцьця ў вечным Космасе мала валодаць ведамі і быць адукаваным, трэба быць маральна абавязаным, жыць па сумленьню, па справядлівасьці і любові. Калі параўнаць лапідарна, то гэта — як працаваць на атамнай электрастанцыі: мала ведаць, трэба выконваць і быць адказным. Калі п'янь і безадказнасьць — тады Чарнобыльская катастрофа.
З высокім разьвіцьцём навукова-тэхнічнага прагрэсу (на чым стаіць цяперашняя цывілізацыя) і з выхадам на касьмічныя тэхналёгіі шматкроць узрастаюць патрабаваньні ня толькі да інтэлектуальных, але найперш да маральных якасьцяў чалавека. У Хрысьціянстве гэты тэзіс ёсьць галоўным. Аналягічны падыход (хоць і не галоўны, галоўнай была ўлада) назіраўся і ў “сатанінскіх” нэацывілізацыйных ідэалягічных рэжымах. У гітлерцаў рабілася ніцшэанская стаўка на новую асобу “звышчалавека” (нямецкі “Лебэнсборн” пачынаў ужо нават генетычную сэлекцыю людзей дзеля вырошчваньня “звышчалавека”). Яшчэ большую увагу надавалі стварэньню новай камуністычнай асобы камуністы ў СССР. Без стварэньня новага камуністычнага чалавека камунізм немагчымы, лічылі яго ідэолагі (Хрушчоў нават “маральны кодэкс будаўніка камунізму” прыдумаў, а Брэжнеў — “савецкі народ”).
Калі зірнуць з гледзішча фармаваньня маральнай асобы на цяперашняе грамадзтва дэмакратыі і прагрэсу (якое апынулася ў палоне левага лібералізму), то мусім канстатаваць тут поўную адсутнасьць агульных маральных ідэалаў (і ідэалаў увогуле як сутнасьці). Усё заменена “каштоўнасьцямі”, зь якіх галоўнымі ёсьць свабода і індывідуалізм (“правы чалавека”). Стварылася база для разгортваньня маральнай энтрапіі (меры непарадку) і спрыяльныя магчымасьці для самасьцьвярджэньня нізкіх маральных якасьцяў і нізкіх людзей.
Перад чаканьнем новых віткоў тэхнічнага прагрэсу і разважаньнямі пра касьмічны шлях паўстае важнае пытаньне для эсхаталёгіі і разуменьне таго, што абазначаюць для чалавека і чалавецтва высокая маральнасьць асобы, добрасьць, адказнасьць, любоў і справядлівасьць. Толькі валодаючы гэтымі якасьцямі чалавек (грамадзтва добрых людзей) можа станоўча ўладарыць над стыхіямі (і, дарэчы, кіраваць прагрэсам, які не прывядзе да катастрофы).
І вось тут, у абгрунтаваньне гэтай нетыповай тэмы нашага Заключэньня, трэба адзначыць, што маючы наперадзе XXI стагодзьдзе і вольную Беларусь, ставячы на адукацыю і інтэлектуальнае разьвіцьцё асобы як на цывілізацыйную неабходнасьць у сучасным і будучым сьвеце, беларусам варта было б не забывацца, што галоўны вектар разьвіцьця чалавецтва ўсё ж такі ёсьць вектар унутраны, які вядзе ў душу чалавека, у яго ўнутраны сьвет, дзеля выхаваньня дабра, любові, маральнасьці і справядлівасьці. Высокатэхналягічнае грамадзтва ня зможа пасьпяхова разьвівацца бяз гэтых якасьцяў асобы. Гэта выразна відаць ужо ў цяперашнім сьвеце. Хто раней тое зразумее, і хто зможа перабудавацца, той выйграе. Хоць шлях да дасканалай асобы нялёгкі. Чалавецтва жыве сучаснасьцю, але будучыня заўсёды будзе.
Верасень 2016 г.
Зянон Пазьняк