ХАЙ ЗОРКА ХРЫСТУСА ВЕЧНА ЗЬЗЯЕ НАД БЕЛАРУСЯЙ!

Паважаныя землякі, дарагія Беларусы! Віншуем усіх нас з Нараджэньнем Хрыстовым! Хрыстос Нарадзіўся! Славім Яго!

Цяпер мы адзначаем найвялікшую падзею ў гісторыі чалавецтва, калі Сам Бог у вобразе Сына Свайго Хрыста прыйшоў на Зямлю, нарадзіўся чалавекам, каб уратаваць людзей ад духоўнай сьмерці і поўнага вынішчэньня злом.

Хрыстос спусьціўся на самае дно існаваньня (Пекла) і вызваліў вязьняў пакут, куды ськінулі іх ворагі чалавецтва. Хрыстос адчыніў шлях для новага чалавека — чалавека несьмяротнай душы і высокага Духа, чалавека вечнасьці, павагі і спагады да ўсіх. Хрыстос адчыніў людзям сэнс існаваньня, дзе найвялікшымі цнотамі быцьця ёсьць справядлівасьць і праўда. Толькі праўда робіць чалавека свабодным, бо свабода разумеецца ў Хрысьціянстве як свабода чалавечага духа.

Цяперашні сьвет жыве ў ілжы, людзі скарыліся, прывыклі да ўлады хлусьні і праўда іх нават палохае. Ня мае значэньня, адкуль удзіраецца ў беларускае наша жыцьцё сьмертаносная лжа — з усходу ці з захаду, бо прырода яе аднолькавая. Трыццаць гадаў несканчáнай маскоўскай хлусьні, несвабоды і зьдзеку ўжо амаль прамінулі і бачым цяпер, што з захóду плыве тая ж самая фальшывая лжа, аплочаная і пераплочаная, і шмат якім дзецям ілжы, што купіліся і прадаліся, ізноў хочацца, гэтак як некалі іхным бацькам, ужо новага лепшага рабства.

Мы адродзімся, зьвернемся да Айчыны, станем моцнымі, станем самы сабой толькі ў свабодзе, шлях да якой цераз праўду паказаў людзям Бог, за якую памёр на крыжы Хрыстос.

Бог даў нам жыцьцё, даў зямлю Беларусь, даў мову беларускую, даў запаведзі, па якіх трэба жыць, каб быць вечна. Гэта ёсьць праўда, якую сьцьвердзіў Хрыстос.

Ёсьць глыбокія веды, якія дасягаюцца адукацыяй і сьведчаць пра розум асобы. Але ёсьць веды простыя, якія кажуць пра сутнасьць быцьця і пазнаюцца праз мудрасьць.

Няхай сьветлая Зорка, запаленая ў Бэтлееме, нязгасна зьзяе над Беларусяй! Хай беражэ нашы душы і вялікі добры наш народ!

Слава Хрысту!

Ляўдэтур Езус Хрыстус!

Жыве Беларусь!

25 сьнежань 2023 г.
Зянон Пазьняк