СЛУЖБА СТУКАЧОЎ
(зацемка)
Пасьля гэбоўскіх пэрформэнсаў з Кавальковй і Аксёнавым тэма агентуры стала раптам актуальнай. Інтэрнэт ужо навучыў разумных людзей збольшага разьбірацца ў агентурнай псэўдаінфармацыі і навінах. Гэта мае значэньне, бо зьмяншае ўплыў варожых атак у гібрыднай вайне. Пра антыбеларускія мэтады прапаганды я пісаў ня раз, бо тое трэба ведаць.
Ахайваючы беларусаў, агентурныя прапагандысты найчасьцей ужываюць мэтады так званага “гнілога селядца” (татальная ілжа і абгавор) ды “ураўненьня”, у сярэдняй прапорцыі 6х4 (60 адсоткаў добрага і 40 — дрэннага; ці наадварот). Таксама любяць “бутафорыю”. Калі чытаеш “бутафора”, то разумееш, што праціўнік устрывожаны. Яму трэба любым спосабам заглушыць небясьпечную для яго інфармацыю альбо ідэю.
Нядаўна я напісаў артыкул, важны з гледзішча ацэнкі культурнага разьвіцьця грамадзтва. Называецца гэтая праца — “Разбурэньне гісторыі”. Я разумею, якая небясьпека навісае над культурай у сувязі з дамінаваньнем віртуальных мэтадаў інфармацыі і залежнасьці ад прылады. Бачу, што ёсьць магчымасьць часткова пазьбегнуць гэтай небясьпекі.
Артыкул быў зьмешчаны пакуль што толькі ў Сеціве. І адразу ж зьявілася “бутафорыя”. Гэта значыць, што напачатку агент нібы та пераказвае зьмест працы аўтара. Але на справе ён усё перакручвае, прыдумвае інвалідныя палажэньні і потым сам гэтыя свае палажэньні крытыкуе нібыта аўтарскую пазыцыю апанента, разьбівае яе, паказваючы яе памылковасьць, абсурднасьць і неразумнасьць.
Гэты агентурны прыём даволі распаўсюджаны і, як правіла, уплывае на частку людзей. Бо звычайна мала хто зьвяртаецца да арыгіналу, каб у нечым пераканацца.
Такім прыёмам часта карысталася савецкая журналістыка (асабліва, калі ахайвалі нешта замежнае). Аднак на справе тут праява тыповай расейшчыны ў форме савецкасьці.
Парада тут можа быць толькі адна — прачытаць арыгінальны тэкст. Гэтага дастаткова, каб “бутафорыя” рассыпалася. Аднак (паўтаруся ізноў) мала каму хапае імпэту і проста часу, каб тое рабіць.
22 лістапад 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК