НАВІНЫ ГЭБОЎСКАЙ СЦЭНЫ: КАНТОРСКІЯ ГУЛЬНІ НА ФОНЕ ГІБРЫДНАЙ ВАЙНЫ
Ня раз казалася, што ў час гібрыднай вайны агентура КГБ выступае як палітычная сіла. (Тым больш трэба памятаць, што ў 2000 годзе КГБ (ФСБ) Расеі захапіла абсалютную ўладу ў дзяржаве). І ў Расеі, і ў Беларусі спэцслужба ў гэты час выяўляе сябе як дзяржаўная палітычная партыя. Яна займаецца самарэкламай, паводзіць сябе “спэктакулярна” і нават ладзіць рэклямныя пэрформэнсы.
Цікавыя спэктаклі разыгрываюцца ў гэбоўскім эфіры. Тут гэбісты наглядна топяць сваю агентуру. Нядаўна гэб'ё разыграла ў Сеціве і запісала на відэа, як купляла свайго агента Кавалькову (сябра “офіса” Франака-Ціханоўскай) за 500 тысячаў даляраў нібы та ад расейскага алігарха за апэрацыю зрынуць з фантома фальшывай “лідаркі” Ціханоўскую і заняць яе месца. Агент Кавалькова пагадзілася, і тады канторшчыкі на другім канцы “эфіра” зьнялі свае маскі і паказалі ўсяму сьвету, якая ёсьць дурніца агент Кавалькова.
І што вы думаеце? Можа, пачаўся скандал у офісе Франака-Ціханоўскай? Ці ў фантоме так званай “Каардынацыйнай рады”? Ці, можа, офісная агентура вытурыла прэч праваленага агента Кавалькову? Нічога падобнага. Усё ціха, усё спакойна. Усе працягваюць “барбу” з рэжымам “как ні в чом ні бывала”. Усе свае.
Нядаўна ў групе, якая стварала так званую “Чорную кнігу Беларусі” (ЧКБ) выявілі лукашысцкага агента з “Губазіка” па прозьвішчу “Гайко”). Ён якраз кіраваў у групе зборам інфармацыі пра беларусаў. Яніна Сазановіч (каардынатар групы) тэрмінова паведаміла пра агента Франаку-Ціханоўскай, бо людзі з “офіса” працавалі ў ЧКБ. Але — нуль увагі. Агент працаваў сабе спакойна далей, засадзіў за краты дзясяткі беларусаў і выдаліўся з апэрацыі цэлы і непашкоджаны. Ну, усе ж свае. Усё спакойна. Цішыня.
Цяпер уляпаўся яшчэ адзін даўні агент, нехта Аксёнаў, быццам бы былы член АГП (прамаскоўскай “парціі нягоднікаў”, як характарызаваў яе мне Сымон Шарэцкі), пазней — гэта сябра БХД. З Аксёнавым накруцілі цэлае “шоу”, спэктакаль з працягам. Гэты Аксёнаў аддана працаваў на КГБ, адсылаў матэрыялы быццам бы ў рэзідэнтуру пры Эўразьвязе і рабіў выгляд, што нічога не разумее і працуе на Эўразьвяз, але канторшчыкі ўзялі і публічна яго здалі дзеля сцэнічнага эфэкту.
Эфэкт сапраўды тэатральны. Рэзідэнт КГБ, прадстаўлены як арганізатар і спонсар канфэрэнцыі “дэмакратаў”, у час трансьляцыі гэтага відэа-канцэрту “на-жыва” ўязджае ў кадр у крэсьле на колцах і кажа маналог канторскага героя ў фінальнай сцэне, дзе раскрывае сваю гэбістасьць і агентурнасьць Аксёнава.
Зоркі на пагоны, прэміі і ўзнагароды забясьпечаныя. А відовішча! Якое відовішча! У гэтым, відаць, увесь сэнс канторскага сцэнічнага балагану (бо рэальнай карысьці і толку тут ніякага) ды яшчэ, магчыма, сыгралі, каб прыструніць агентуру, маўляў, “вы смотріте там, стучіте, как надо, а то, знаете — разговор короткій”.
Пару гадоў таму самародкі гэбоўскай сцэны разыгралі цэлую сатырычную камэдыю. Палкоўнік ФСБ з Масквы пад відам дэмакрата прапанаваў чатыром беларускім “рэвалюцыянерам-тэарэтыкам” арганізаваць путч і зрынуць Лукашэнку. “Помошчь демократічэской Москвы гарантірована”.
“Рэвалюцыянеры” паехалі ў Маскву на сустрэчу з “дэмакратамі-эфэсбістамі” ў справе падрыхтоўкі “путчу”. Сярод прыбылых перамоўшчыкаў нехта “рэвалюцыйна” настроены тыпаж Зяньковіч (якога беларусы Нью-Ёрку вытурылі з сваіх арганізацыяў, якога мы ведаем як аблупленага і які запісаў на магнітафон падрыхтоўку да таго “путчу”) пераконваў эфэсбістаў, што ўсё схоплена і што ў яго ўплыў на “всех евреев Амерікі”. Эфэсбісты запісалі пра гэта відэа зь некалькіх камэр і выклалі ў Сеціва. “Рэвалюцыянераў” (акрамя чацьвертага, які быў за мяжой) арыштавалі і пасадзілі.
Як кажуць, дурнота не хвароба, але знаходка “для врага”.
А наперадзе, здаецца, насьпявае яшчэ адзін вадэвіль. Полк Каліноўскага рыхтуе ў Кіеве канферэнцыю “Шлях да волі”. І вось дэлегатам туды едзе ад агентурнага офіса Франака-Ціханоўскай агент “Раймон” (ён жа “Лябедзька”). Пячаткі на “Раймоне” ставіць ужо няма дзе. Але мушу сказаць, што агентурны каэфіцыент ягонай дзейнасьці не малы. Гэта якраз ён умела падсунуў у гэтым годзе нявопытным летувісцкім палітыкам пустапарожнюю страшылку беларускага “ліцьвінізма”, завязаў гэтую ініцыятыву з рускай агентурай ва Украіне, і ўся гэтая тарабаршчына супраць беларусаў тарахціць яшчэ па сёньняшні дзень.
З-за тэхнічных прычынаў, нажаль, я не магу прыехаць у Кіеў. Можа й добра. А то раптам, ня дай Божа, успомніўся б той нядаўні “Зянон-хоп”, дзе гэты “хоп” смаліць з АК-47 па “раймонах” ды па “валетах”. Ня добра было б сядзець зь імі за адным сталом у час вайны.
Гэта, вядома, жарт. Але не выключаю, што фрывольная кантора ў Менску і гэтага свайго агента сама ўтопіць, калі стане трэба. Так што, зважайце, чувайце, дурні і разумнікі. Чакаюцца чарговыя спэктаклі ў новым сезоне. Пастаноўкі будуць паўтарацца ўвесь час пакуль не перастане панаваць маскаль.
20 лістапад 2023 г.
Зянон Пазьняк