СЯРГЕЙ ПАПКОЎ: ЭВАЛЮЦЫЯ РАЗУМОВЫХ ЗДОЛЬНАСЬЦЯЎ І МОВА
(Нішто ў біялогіі ня мае сэнсу акрамя як ў сьвятле эвалюцыі Хв. Добржанські)
Прыкладна каля 6 млн. гадоў таму адна з галінаў прыматаў пачала выкарыстоўваць вертыкальны спосаб існаваньня. Спатрэбілася каля 5 мільёнаў гадоў каб адбылася поўная перабудова цела (мышцаў, костак, лакацыі і канструкцыі ворганаў) для вертыкальнага спосабу жыцьця. Мазгі, якія абслугоўваюць усе працэсы ў целе, павялічаліся ад 300–350 грамаў да прыкладна 1100 грамаў (гомініды-эрэктусы)
Павелічэньне масы і складанасьці мазгоў гомінідаў прывяло да якасных зьменаў. Далейшая эвалюцыя адбывалася праз разьвіцьцё тэхналогій арганізацыі жыцьця і здабываньня ежы. У біялогіі існуе такая заканамернасьць: тое што ўзьнікае для аднаго з працягам часу можа выкарыстоўвацца для іншага.
1. Пры вертыкальным жыцьці павялічваюцца зрокавыя функцыі. Адпаведна павялічваюцца структуры мазгоў, якія абслугоўваюць зрокавыя функцыі. Здабываньне вагню, выраб рабочых прылад разьвівае ўзаемасувязь зрокавых і маторных стуктураў мазгоў. Узьнікае культура на аснове рухаў (танцы; сувязь з эмацыянальнай сістэмай)
2. Адна з галінаў гомінідаў (нашы продкі-сапіенсы) пачала эфектыўна карыстацца ансамблем мышцаў ворганаў дыханьня, горла і ворганаў і прасторы рота для вытворчасьці гукаў. Разьвіваецца сувязь мазгавых адзелаў слыха з маторнымі адзеламі мазгоў, якія абслугоўваюць вытворчасьць гукаў. Узьнікае мэлодыя.
3. Узаемасувязь зрокава-маторных і слыха-маторных мазгавых структур прывяло да называньня прадметаў, нараджаецца СЛОВА. Узьнікае і разьвіваецца мова. Мовы ствараюць і замацоўваюць дзеці. Таму мае істотнае значэньне тое, што гэты наш від гомо жыў даволі вялікімі групамі. Дзеці ўвесь час былі ў кантакце і праз гульні і камунікацыю стваралі перадумовы нараджэньня мовы і культуры.
Гэтыя тры працэсы разьвіцьця адбываюцца паралельна, ва ўзаемасувязі. У жывым арганізме нішто не разьвіваецца ізалявана, усе ўзаемазьвязана. Фармуюцца сувязі з эмацыйнымі цэнтрамі, якія ўдзельнічаюць ва ўсіх працэсах.
Далейшая эвалюцыя мазгоў і адпаведна разумовых здольнасьцяў адбывалася праз разьвіцьцё моваў і культураў. Прыкладна ўжо каля 200 тысяч гадоў таму мазгі сапіенсаў набылі арганізацыйныя стуктуры падобныя мазгам сучасных людзей і важылі ў сярэднім 1400 г.
Адна з плыняў вучоных псыхолягаў (біхевіярыстаў) заявіла, што эвалюцыя мазгоў (а значыць і эвалюцыя разумовых здольнасьцяў) чалавека завершана. Біхевіарысты сцьвярджалі, што мазгі людзей стоадсоткава пластычныя і што правільнае асяроддзе здольнае сфармаваць любыя разумовыя здольнасьці і паводзіны чалавека.
“Дайце мне дзесятак здаровых нармальных дзяцей і дайце магчымасьць выхоўваць іх так, як я лічу патрэбным, гарантую, што, выбраўшы кожнага з іх наўгад, я зраблю яго тым, кім задумаю, урачом, юрыстам, мастаком, камэрсантам і нават жабраком або злодзеям, незалежна ад яго дадзеных, здольнасьцяў, схільнасьцяў або расы яго продкаў.”
Так гаварыў Джон Вотсан, засноўнік біхевіарызму, прыкладна ў 1925 г. У ХХ стагоддзі біхевіярызм быў пануючай канцэпцыяй у пэдагогіцы і псыхалёгіі. Напладзілася цэлая армія спэцыялістаў у тым ліку з рознымі навуковымі ступенямі да акадэмікаў.
На самай справе эвалюцыя мазгоў і адпаведна разумовых здольнасьцяў не спынілася. Прырода знайшла шлях для далейшага разьвіцьця. Так, мазгі не мелі магчымасьці павялічвацца ў памерах у сувязі з фізіялагічнымі абмежаваньнямі. Эвалюцыйнае разьвіцьцё адбывалася і адбываецца праз шлюбны адбор, мову і культуру. Мазгі пры адноснай стабільнасьці па памерам не аднолькавыя па арганізацыйнай структуры, малекулярнаму (гарманалнаму, бялковаму, пэптыднаму і інш.) складу, разгалінаванасьці сувязяў паміж рознымі аддзеламі мазгоў і ўнутры аддзелаў. Кожны чалавек мае толькі яму ўласьцівы набор элемэнтаў арганізацыйнай структуры мазгоў. Ёсьць два асноўных працэсы якія фармуюць структурна-арганізацыйнае ўладкаваньне мазгоў канкрэтнага чалавека ў антагэнэзе.
1. Шлюбны варыянт бацькоў і варыянт сынтэзу гэнома зіготы.
2. Умовы жыцьця і культурнае асяроддзе ў якім жыве і выхоўваецца чалавек у асноўным да 14–15 гадоў.