СУПРАЦЬСТАЯНЬНЕ

https://facebook.com/permalink.php?story_fbid=pfbid02tfWW6q5vd7be8h9Zgj1NJbp1PMsgepDgSPC86rCA2QMqigxbhhavKWGDk5xzuCV7l&id=100003134328836

У наш час, акупаваная Беларусь знаходзіцца ў сытуацыі, калі беларускія нацыянальныя сілы супрацьстаяць моцнаму кансалідаванаму ворагу, які выступае адначасова пад розным абліччам, маючы за сьпіной імпэрскую Расею. Максімальна акрэсьлена, гэта можна прадставіць наступным чынам, назваўшы важныя фактары.

1). Прарасейскі рэжым Лукашэнкі быў усталяваны з вядучым, актыўным удзелам Масквы, ён ад самага пачатку сваёй дзейнасьці праводзіў палітыку ўнутранай акупацыі скіраваную найперш на інтарэсы Расеі.

Палітыка прыхаванай калябарацыі характарызавалася паэтапным, актыўным, але расьцягнутым у часе зьнішчэньнем (палітыка “малых крокаў”) беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў — беларускай мовы, нацыянальных звычаяў, Нацыянальнай Сімволікі, беларускай нацыянальнай культуры, зьнішчэньнем беларускай мэнтальнасьці.

Адначасова, рэжымам адбывалася падмена беларускіх нацыянальных інтарэсаў, на карысьць Расеі — расейскіх імпэрскіх інтарэсаў, у беларускіх галінах — інфармацыі, кадраў, адукацыі, эканомікі, фінансавай справы, ваеннай справы, службе бясьпекі, дыпляматыі, палітыкі.

У Беларусі актыўна ствараліся антыбеларускія структуры і адпаведна пэрманэнтна ажыцяўляліся прарасейскія прапагандысцкія дзеяньні, найперш пад эгідай “Россотрудничество” і Беларускага экзархату (філія акупацыйнай РПЦ). Іх антыдзяржаўная дзейнасьць ажыцяўлялася сярод беларускай студэнцкай моладзі і падлеткаў, а таксама сярод беларускіх вайскоўцаў...

Этап рэжымнай палітыкі “малых крокаў” альбо ўнутранай акупацыі, заканамерна перайшоў у паўнавартасную расейскую ваенную акупацыю Беларусі, калі пад выглядам ваенных манэўраў Расея перакінула ў Беларусь наступальную групоўку сваіх войскаў, што дазволіла Маскве ажыцявіць напад на Ўкраіну з тэрыторыі нашай краіны ў час новай, актыўнай фазы расейска-украінскай вайны.

Разам з тым, незаконны рэжым Лукашэнкі канчаткова перайшоў у сваю наступную стадыю — выкананьне функцыяў калябарацыйнай акупацыйнай расейскай адміністрацыі ў Беларусі.

2). Агентурнае зьнішчэньне Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” у 1999 годзе, дазволіла нашаму адвечнаму ворагу, вывесьці ў беларускую палітычную прастору фінансава і прапагандысцкі забясьпечаныя (часткова за кошт Захаду) прарасейскія псэўдаапазыцыйныя структуры і разам з тым актыўна супрацьдзейнічаць беларускім нацыянальным сілам.

Палітычнай нормай сталі пэрыядычна замяняемыя “лидеры оппозиции” (і адпаведна “кааліцыі”, “рухі”, якія пад іх ствараліся, як правіла пад “выбары”). Адзначым, што “выбары” не прызнаваліся міжнароднай супольнасьцю пачынаючы ад 1995 г.

Але не гледзячы на гэта апазыцыйна настроеныя колы беларускай грамадзкасьці актыўна ўцягваліся ў заведама марныя намаганьні. Пасьля чарговага правалу “лидер оппозиции” саступаў мейсца новаму “лидеру”, які, як і папярэдні, быў залежным ад Расеі (што канстатавалася імі самімі).

Варта заўважыць, што грамадзкі давер да таго ці іншага “лидера оппозиции” пастаянна зьмяншаўся. Калі раней (па пачатку 2000-х), на акцыі выходзілі тысячы і тысячы, то пазьней, перад 2020-м, больш за паўтары-дзьве сотні чалавек “лидеры оппозиции” вывесьці не маглі. Гэта безумоўна насьцярожыла антыбеларускія сілы.

Сытуацыя была непажаданай для Масквы тым, што беларусы мелі абсалютнае непрыняцьце рэжыму Лукашэнкі, а “выбары” 2020 г. набліжаліся.

Пры такіх абставінах, раптам, грамадзкай увазе быў прадстаўлены раней невядомы палітычны актывіст, нейкі С. Ціханоўскі, які абсалютна бесьперашкодна стаў езьдзіў па краіне за нейкія сродкі і ў сваіх відэа дэманстраваў стан грамадзкага незадавальненьня рэжымам Лукашэнкі. Людзі з натхненьнем ставіліся да новай палітычнай фігуры.

(Гэта ўжо пазьней, калі рэжым пасадзіць за краты С. Ціханоўскага, стане вядома праз сацыяльныя сеткі, тое, што ён вокамгненна, са шчырага пуцініста і крымнашыста, пераўтварыўся ў “абаронцу” беларусаў і Беларусі).

Як выявілася, на ролю асобы, якая павінна была зьмяніць Лукашэнку папярэдне рыхтавалі В. Бабарыку кіраўніка “Белгазпромбанка”, яму стваралі імідж мэцэната (апускаючы тое, што грошы на мэцэнацтва былі не яго а расейскай структуры...), стваралі імідж клапатлівага гаспадара, які будзе думаць пра Беларусь...

“Выбары” 2020 г. прадэманстравалі не толькі нябачаны раней беларускі народны ўздым, але і тое, што Лукашэнка не пажадаў расставацца з уладай і перакуліў маскоўскія разьлікі — пасадзіў за краты “московскую надежду на перемены” — С. Ціханоўскага, В. Бабарыку і г.д.

Пры гэтым Лукашэнка паказаў, што ён, як ніхто іншы будзе верны Маскве — жорстка задушыў народны выступ са шматлікімі сьмяротнымі ахвярамі, катаваньнямі, турэмным зьняволеньнем, выгнаньнем, пэрманэнтным тэрорам і перадачай Маскве магчымасьці любых яе дзеяньняў у беларускай дзяржаве.

Мяркуючы па ўсяму гульня Лукашэнкі (якая задаволіла Расею), вывела на палітычную арэну такую асобу, як С. Ціханоўская.

Дастаткова сказаць, што яна была зарэгістраваная Ермошынай са шматлікімі парушэньнямі (не ўказаньне маёмасьці, галасы часткова сабраныя не за яе а за мужа і г.д.)

С. Ціханоўская была аточаная людзьмі, якія мелі на сваім рахунку больш чым сумнеўныя ўчынкі ў беларускай палітыцы, апрача іх каля яе прысутнічаюць і іншыя абгрунтавана непрымальныя асобы...

Усё што рабіла Ціханоўская ў палітыцы, ад самага пачатку, мела адмоўны вынік для беларускага народу і Беларусі, пачынаючы з адмаўленьня па ўсталяваньню кантактаў з беларускім нацыянальным лідэрам З. ПАЗЬНЯКОМ ... далей адбыліся — правакацыйная легітымізацыя “выбараў” праз заклік да ўдзелу ў іх беларусаў, заклікі да без мэтавага хаджэньня да вуліцах і пляцах сотняў і сотняў тысячаў чалавек, заклікі да ўсеагульнага беларускага рабочага страйку які не быў падрыхтаваны фінансава і арганізацыйна, фіксацыя людзей у кантралюемым сьпецслужбамі “Голосе”, агентурная прысутнасьць у “ЧКБ”, заклік да ўдзелу ў “рэфэрэндуме” беларусаў, праз выдачу сваіх дадзеных, шматразовыя беспадстаўныя абяцанкі і сьвядомая хлусьня беларускаму народу і г.д.

Усё гэта прывяло да даўно не бачаных рэпрэсіяў і тэрору супраць беларускага народу, ахвярам, катаваньням, турэмным зьняволяньням, выгнаньнем...

Апрача іншага нанесены страшны ўдар па іміджу Беларусі, у час міжнародных кантактаў С. Ціханоўскай з шэрагам сусьветных лідэраў.

У будучым, для беларускіх нацыянальных палітыкаў будзе вельмі не проста на міжнародным узроўні,, пасьля ганебнейшай, здрадніцкай дзейнасьці С. Ціханоўскай і “кабінета”...

Не трэба наіўна лічыць, што сусьветныя лідэры не маюць аб'ектыўнай інфармацыі пра С. Ціханоўскую — маюць, але найперш яны перасьледуюць свае дзяржаўныя мэты за кошт нашай краіны, як ужо не раз было ў гісторыі.

Увогуле трэба адзначыць прынцыповае, такой шкоды і ганьбы беларускаму народу і беларускай дзяржаве, якую прынесьлі Лукашэнка і прарасейская псэўдаапазыцыя (асабліва С. Ціханоўская і яе атачэньне), бадай не прыносіў ніхто.

3). “Незалежныя” СМІ для беларусаў, адзначаліся не раз выключна адмоўна, у стаўленьні да беларускіх нацыянальных інтарэсаў, праз своеасаблівае асьвятленьне палітычных падзей.

У іх палітыцы пастаянна прысутнічае дэзынфармацыя і замоўчваньне. Адзін з добрых прыкладаў — гэта іх апантаная прапаганда прарасейскай псэўдаапазыцыі ў 2020-м годзе, што ўвогуле цягнецца і да нашых дзён.

Узгадаем, як нам некрытычна праз СМІ падаваліся асобы — В. Бабарыкі, С. і С. Ціханоўскіх, М. Калесьнікавай, В. і В. Цапкалаў, Т. Мартынавай, А. Лябедзькі, А. Дабравольскага, Ф. Вячоркі, В. Кавалеўскага, Г. Красулінай і іншыя падобныя фігуры.

Чым гэта выклікана?

Не забываючы пра рэальны агентурны ўплыў на “дэмСМІ”, трэба прызнаць і іншыя адмоўныя фактары. Сярод іх ёсьць важным тое, што пэўная частка журналістаў і бадай усе кіраўнікі ўзгаданых СМІ не маюць крытычна асэнсаванага стаўленьня да антыбеларускіх падзей у палітыцы, не маюць асэнсаванага разуменьня таго, чым ёсьць розныя формы дзеяньняў Расеі ў беларускай палітыцы.

Апрача іншага, у беларускіх “незалежных” СМІ хапае выпадковых людзей, якія не бачаць сэнсу ў беларускіх нацыянальных каштоўнасьцях — беларускай мове, беларускай культуры, беларускай дзяржаўнасьці. А некаторыя журналісты проста варожа ставяцца да нашых каштоўнасьцяў...

Усе гэтыя людзі ёсьць, як вядомая лыжка дзёгцю... хай іх будзе і няшмат, але вынік зразумелы.

Кажучы ўсё гэта пра беларускамоўныя СМІ няма сэнсу нешта казаць пра расейскамоўныя “незалежныя” СМІ, бо толькі само іх існаваньне на расейскай мове ёсьць той выключна адмоўнай зьявай, якая выглядае нашмат больш страшна для беларушчыны і вольнай Беларусі, чым усё тое непрымальнае, што згадана вышэй і што таксама прысутнічае ў расейскамоўных СМІ.


Сытуацыя падаецца такой, якая існуе на працягу тых часоў якія склаліся пасьля агентурнага развалу БНФ у 1999 годзе.

Беларускія нацыянальныя сілы не загінулі, не зьніклі, яны выстаялі і працягваюць кансалідавацца, і ўмацоўвацца, бо альтэрнатывы ім няма.

Нельга разьлічваць на тое, што нехта будзе клапаціцца пра беларускія нацыянальныя інтарэсы. Ніхто апрача беларусаў гэта не будзе рабіць. Ніхто не мае права ахвяраваць беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі дзеля ілюзорнай дапамогі Беларусі з боку тых ці іншых краінаў.

Дапамога канешне можа быць, але толькі ў тым выпадку, калі Беларусь прадстаўляюць беларускія нацыянальныя сілы.

Менавіта беларускія нацыянальныя сілы, будучы ў меншасьці, у свой час дамагліся неверагоднага — аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. Будучыня за імі — беларускімі нацыянальнымі сіламі, а ворагі былі і будуць, таму вельмі важна бачыць у палітыцы тое, што ёсьць, трэба рашуча адкідаць ілюзіі і фальшывыя спадзяваньні на тое чаго няма, Бо можа быць прымальным толькі адно — асэнсаваная беларуская салідарнасьць.

17 Верасень 2023 г.
Юрка Цехановіч