ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ ВАЙСКОВАЙ СЛАВЫ. ЛЕКЦЫЯ, КАНЦЭРТ
Дзень Беларускай Вайсковай Славы (знакамітая перамога над маскалямі ў бітве пад Воршай 8-га верасьня 1514 года) баларусы адзначылі ў Варшаве значна і запамінальна. 9-га верасьня адбыліся шэсьце, мітынг і канцэрт, арганізаваны беларускай маладзёвай арганізацыяй нацыяналістаў “Рух”.
10-га верасьня Нацыянальна-Вызвольны Рух “Вольная Беларусь” і Беларускі Дом арганізавалі лекцыю пра бітву пад Воршай і ўрачысты канцэрт, пасьвечаны гэтай падзеі, на адкрытай лужайцы перад Беларускім Домам па вуліцы Крынічная, 6.
Урачыстая імпрэза адбылася на добрым сэнсоўным і эстэтычным узроўні. Пасьля кароткай лекцыі, якую адчытаў Зянон Пазьняк, усе прысутныя сьпявалі беларускі нацыянальны гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, а потым усе прынялі прысягу Каліноўцаў на вернасьць Беларусі, тэкст якой адчыталі сябры Беларускай Грэнадзёрскай Харугвы, якія адмыслова прыехалі зь Беластоку.
Сяргей Доўгушаў выконваў беларускія народныя аўтэнтычныя сьпевы, хораша граў на ліры, на жалейцы і на гітары. Затым Галіна Пазьняк і Алег Лазоўскі чыталі вершы беларускіх паэтаў. Прытым Алег Лазоўскі, чытаючы верш пра Грунвальд, артыстычна прадставіў рыцарскую кампазыцыю ў плашчы і з баявым мячом — прыемная нечаканасьць для гледачоў.
Украінская сьпявачка і кампазытар Алеся Сінчук уразіла сваімі кампазыцыямі на фартэп'яна і песьнямі, якія яна імгненна склала экспромтам на беларускія вершы, і якія (сьведчу) моцна ўзрушылі слухачаў. Тут жа прагучэла “Авэ Марыя” ў выраблена дасканалым выкананьні опэрнай сьпявачкі сіньёры Люсіі Кастра (Уругвай. У рэпэртуары Моцарт, Бэліні і інш.), якая гэтак жа, як і Алеся Сінчук, ёсьць шчырай прыхільніцай беларусаў і беларускага мастацтва.
Хораша выканаў свае песьні пад гітару і баян (Тацьцяна Карпіловіч) добра знаны нам Зьміцер Бартосік.
Неспадзяваньнем, аднак, для многіх аматараў музыкі стаў узьнёслы выступ маладых сьпеўных вундэркіндаў Геральда Бартосіка (13 гадоў) і Юстыны Карпіловіч (15 гадоў) — дзетак сям'і Бартосікаў. Іхняе сьпяваньне (асабліва “Купалінка”) да сьлёз узбудзіла прысутных. Нават пачалі крычаць “яшчэ”, “яшчэ”! І дзеці, ужо разам з бацькамі, выдатна сьпявалі яшчэ.
Сканчылася гэтая добрая культурная імпрэза агульным сьпяваньнем беларускага духоўнага гімну “Магутны Божа”, воклічамі “Жыве Беларусь!”, “Слава Украіне!”, “Нех жые Польска!”.
11 верасень 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК