ШАНЕЦ ВЫЗВАЛІЦЬ ДЗЯНІСА ІВАШЫНА

У жніўні прагучала прапанова абмяняць двух палонных грамадзянаў Беларусі, якія ваявалі на расейскім баку і былі ўвязьненыя судом ва Ўкраіне — на беларускіх палітвязьняў. Цікава, што ініцыятыва паходзіда ад самых палонных, ідэю падтрымаў Зянон Пазьняк. У сваім лісьце да Ўладзімера Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі ён абгрунтавана прапанаваў для абмену Вольгу Залатар і Дзяніса Івашына. Тут і гуманітарны аспэкт, і ўкраінскае паходжаньне Дзяніса. Жонка палітвязьня Volha Ivashyna просіць усіх нас шырока падтрымаць ідэю! У жніўні мы з Тетяна Іванська прысьвяцілі гэтай тэме перадачу “Бязьвіз”. Нягледзячы на скептыцызм некаторых адмыслоўцаў, не губляем надзеі на магчымасьць вырашэньня гэтае справы!

Родныя Дзяніса Івашына маюць цяпер трохі болей кантакту з палітвязьнем. З абмежаваньнямі і спазьненьнямі, але ёсьць ліставаньне, зрэдчас, раз у месяц Дзяніс мае магчымасьць тэлефанаваць, але сям'я ня ведае дакладнага раскладу гэтых званкоў. Дзяніс ужо больш за 900 дзён за кратамі. Гэта катастрафічна шмат часу, які забіраюць у годнага і вольнага чалавека. Агулам, Дзянісу прысудзілі 13 гадоў і 1 месяц зьняволеньня за журналісцкую дзейнасьць! Цяпер палітвязень знаходзіцца на строгім рэжыме ў Жодзінскай турме.

Калі ёсьць магчымасьць, спрабуйце пісаць Дзянісу! На жаль, з-за мяжы лісты амаль не даходзяць, болей шанцаў, што паведамленьне знутры краіны дойдзе да адрасата.

Івашын Дзяніс Яўгенавіч

Адрас для лістоў: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

31 Жнівень 2023 г.
Вітаўт Сіўчык