НАЙВЯЛІКШАЕ СЬВЯТА
Дарагія землякі, паважаныя Беларусы.
25 Жнівень — найвялікшае сьвята Беларускай Незалежнасьці.
32 гады таму, 25-га жніўня 1991 года, мы, беларусы, збавіліся ад камунізму і ад расейскай савецкай акупацыі. Гэта адбылося ў вельмі няроўным змаганьні народнага авангарду, якім быў Беларускі Народны Фронт Адраджэньне, супраць коснай і прадажнай каланіяльнай улады савецка-расейскага камунізму.
25-га Жніўня Вярхоўны Савет БССР зацьвердзіў Дэклярацыю аб дзяржаўным суверэнітэце ў якасьці Канстытуцыйнага закона краіны. Потым была скасаваная назва БССР і прынятая новая назва дзяржавы — Рэспубліка Беларусь. 19-га верасьня беларускія нацыянальныя гістарычныя сімвалы — Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня — былі зацьверджаны ў якасьці дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.
Сьвяткуйма наша найвялікшае нацыянальнае сьвята Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь! Шчырыя віншаваньні ўсім нам людзям Беларусі! Беражэм нашу дзяржаву і нашу Незалежнасьць!
Цяпер наш народ перажывае цяжкі час новай расейскай акупацыі, сацыяльнага і нацыянальнага вынішчэньня беларусаў і гібрыднай вайны. Народнае няшчасьце і генацыд нацыі не зламаюць нас, хутчэй загартуюць, нягледзячы на страты, пакажуць сапраўдную цану людзей, цану суседзяў і цану свабоды.
Рыхтуймася ўвесь час да барацьбы і да перамогі і верма, што мы выйдзем шчыльнымі радамі на сьветлы вольны наш прастор!
Жыве Беларусь!
Слава Айчыне!
25 Жнівень 2023 г.
Зянон Пазьняк
Ад Нацыянальна-Вызвольнага Руху
“Вольная Беларусь”