АБ ПРЫЧЫНАХ ДЫСКРЫМІНАЦЫІ БЕЛАРУСАЎ З БОКУ ЦЯПЕРАШНІХ УЛАДАЎ ЛЕТУВЫ

Такога яшчэ не было. Частковы адказ на пытаньне, выстаўленае ў загалоўку (калі коратка і дакладна) гучыць так: адной з прычынаў дрэнных адносінаў да Беларусаў з боку цяперашніх ўладаў Летувы зьяўляецца падрыўная дзейнасьць агентурнай групы “Офіса” Франака-Ціханоўскай і яе ўплыў на цяперашніх кансэрватыўных палітыкаў.

А пачалося ўсё яшчэ вясной гэтага года (канец сакавіка), калі ў Сэйме падрыхтавалі закон аб ўраўненьні дачыненьнў да беларусаў як да расейцаў і прапанавалі дыскрымінацыйныя палажэньні. 29-га сакавіка я і Павел Усаў выехалі ў Вільню як прадстаўнікі НВР “Вольная Беларусь”, каб сустрэцца з прыўладнымі палітыкамі і кансэрватыўнымі дэпутатамі Сэйма ды абмеркаваць праблему, задаць пытаньні, зрабіць прапановы.

Па прыезьдзе ў Вільню аказалася, што нашы дамоўленасьці аб перамовах скасаваныя. Разбурыў гэта і адкрыта засьведчыў (нават зьмясьціў здымкі ў Інтэрнэце) ўдзельнік “Офісу” вядамы агент пад агентурнай клічкай “Раймон”. Больш таго, нам нечакана адмовілі ў некалькіх дамоўленых залях дзеля спатканьня зь віленскімі беларусамі. І аказалася, што за ўсім гэтым стаіць той жа “Офіс” і той жа “Раймон” разам з іншымі агентамі групы. Прытым гэтыя энтузіясты званілі нават у пасольства Польшчы і паведамілі, што Пазьняк у Вільні на сустрэчы з грамадзкасьцю выступаў супраць Польшчы. (Праўда, у амбасадзе стукачам не паверылі, тым больш, што сустрэчу здымала польскае тэлебачаньне “Палёнія”).

Аднак гэта былі толькі “кветачкі”. Па прыезьдзе ў Варшаву мы ўбачылі, што ў Сеціве пачаўся бум. Зьявіліся абуральныя паведамленьні аб тым, што Пазьняк езьдзіў ў Летуву, каб (увага!) адабраць у летувісаў Вільню. Вэрхал зрабілі маштабны. Мэтанакіравана запрацавала віленская агентура (і ня толькі з “Офіса”). Зьявілася маса брудных допісаў у мой бок на летувіскай, расейскай і ўкраінскай мовах. Віленская “група” (якую мы вылічылі) тут жа зьвязалася з агентурай ва Украіне (перш за ўсё, з агентам пад імем “Цімур” і яго кампаніяй), і пачалася змасаваная, хоць вельмі прымітыўная атака на маё імя. Цікава, што “віленскія” пісалі паклёпы па-летувіску і па-руску, перакладалі на украінскую мову і адсылалі ва Украіну “цімураўцам” (узоры такой пісаніны засьведчаны). Паклёп неўзабаве выдахся, але ні “офіс”, ні кантора не спыніліся.

Даскрымінацыйны закон супроць беларусаў потым ўдалося агульнымі намаганьнямі беларусаў і разумных летувісаў крыху ўлагодзіць і зьняць самыя скандальныя палажэньні, нягледзчы на вета і непрыхільныя паводзіны прэзыдэнта Наўседы.

Галоўная навіна, якая вынікала з гэтых вясеньніх нападак на беларусаў у тым, што ў аснове яе (і адной з галоўных прычынаў) была варожая дзейнасьць так званага “офісу”. Для некаторых гэта, магчыма, здалося дзіўным, але факт. Наша дэлегацыя прыехала і ўмовілася з палітыкамі Летувы, каб абмеркаваць і прадухіліць дыскрымінацыйны антыбеларускі закон. Тым часам групнікі з “офіса” стараліся актыўна нам перашкодзіць у гэтай справе. Такая рэчаіснасьць.

Схаваная вайна офіснай канторы і некаторых палітыкаў у Летуве супраць беларусаў працягваецца. Галоўны палітычны сэнс гэтай вайны — зрабіць зь беларусаў ворагаў Летувы. За гэтым (што добра відаць) стаіць Масква. Але, на жаль, вопытных палітычных дзеячоў у кіраўніцтве Летувы цяпер якраз дэфіцыт. Парушэньне права грувасьціцца на парушэньне права, абсурд на абсурд.

Найбольш ўразіла беларусаў недапушчальная заява нянавісьці, агучаная перад міжнароднымі дэлегацыямі прэзыдэнтам Наўседай. Ён сказаў наступнае: “Беларусь больше ня является независимой, это еще одна губерния Российской Федерации”.

Вынікам падобных заяваў зьяўляецца звычайна дыпламатычная нота ураду і патрабаваньне тлумачэньняў. Натуральна, што лукашысцкі рэжым прапусьціў гэта міма вушэй, бачачы варожасьць і ня бачачы сэнсу нешта высьвятляць. Тым часам для беларусаў сэнс ёсьць, і калі ня будзе прабачэньняў перад беларускім народам, то адносіны таксама пераменяцца, бо тут агучана афіцыйная пазыцыя цяперашняга кіраўніцтва Летувы.

Апошнім часам з боку ўлады назіраецца эскалацыя нянавісьці супраць беларусаў у Летуве, грубыя парушэньні міжнароднага права і правоў чалавека. Пачалося масавае пазбаўленьне права на жыхарства тых беларусаў, што ўцяклі ад перасьледу рэжыма Лукашэнкі. Прытым сталі пазбаўляць візы ці віда на месца жыхарства па нацыянальнай прыкмеце. (Тут грубае парушэньне правоў чалавека і міжнароднага заканадаўства). Галоўны клопат цяперашняй улады — не дапусьціць беларускіх уцекачоў на тэрыторыю Летувы. Пра гэта кажуць адкрыта (магчыма, не разумеючы нават, што гавораць супраць права).

Напрыклад, дарадца прэзыдэнта гэтай балтыйскай дзяржавы Дарус Урбонас кажа, што трэба вярнуцца да пытаньня абмежавальных захадаў у дачыненьні да беларусаў.

Чыноўнік тое сказаў, камэнтуючы інфармацыю Дэпартамэнту міграцыі пра павелічэньне колькасьці беларусаў, якія жывуць у Летуве. І далей адкрыта кажа, што калі ўвесьці санкцыі супраць беларусаў, то “гэтая статыстыка выглядала б інакш”. Гэтыя чыноўнікі яшчэ, відаць, не зразумелі, што яны ўжо жывуць у Эўразьвязе, а не ў СССР.

Польшча ахвярна прыняла больш за пяць мільёнаў украінскіх уцекачоў і гатова прымаць надалей. Палякі ўвялі ў грамадзкіх месцах украінскую мову, дазволілі вучыцца украінскім дзецям па-ўкраінску, украінцы працуюць, інтэграваліся ў польскую эканоміку, удзячныя палякам, дапамагаюць свайму войску, мараць вярнуцца ў вольную Украіну.

Тут жа, у Летуве, пад уладай кансэрватараў робіцца тое, чаго не бывае ў дэмакратычных краінах: нейкая правінцыйная нэўрастэнічнасьць, а не добрасуседзкая палітыка. Чыноўнікі не настроены дапамагаць нават 58 тысячам беларусаў, што ўцяклі ад турмы і перасьледу.

І вось што прыдумала кансэрватыўная фантазія. Чаноўнікі сталі рабіць з тых беларусаў, што ўжо даўно жывуць у Летуве, людзей, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы дзяржавы.

У сродках інфармацыі зьявіліся наступныя статыстычныя паведамленьні (“Свабода”). 2 жніўня міграцыйная служба паведаміла, што на пачатак ліпеня 2023 году ў Летуве пражывала 58 347 грамадзян Беларусі.

4 жніўня гэтае ж ведамства заявіла, што з канца лістапада 2022-га Летува прызнала 910 беларусаў асобамі, якія становяць пагрозу для яе нацыянальнай бясьпекі.

337 грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў выдачы часовага дазволу на жыхарства, 121 — у замене гэтага дакумэнту, у 205 ануляваны часовы дазвол на жыхарства, які раней дзейнічаў.

Для ўсіх гэтых беларусаў пагражае дэпартацыя. Ворагамі дзяржавы сталі лічыць тых беларусаў, якія працавалі ў беларускіх дзяржаўных арганізацыях (напрыклад, на чыгунцы), бо, маўляў, “калі працавалі на дзяржаўным прадпрыемстве, то маглі быць завербаваныя”.

Адказам на гэтакае самаупраўства чыноўніцкіх устаноў сталі звароты беларусаў ў суд. І трэба аддаць належнае — суды часта выконваюць закон і права і вызваляюць людзей ад рэпрэсій. І тут (увага!) дзяржаўныя чыноўнікі (напрыклад, член камітэту па абароне А. Мазуроніс) выступілі з ініцыятывай правесьці закон аб забароне аспрэчваньня дэпартацыі беларусаў праз суд. (https://youtu.be/KZGF7Ud33Fg)

Ну як вам такія ўяўленьні пра юрыспрудэнцыю!

Але далей зусім казка, не раўнуючы, нібы з Трэцяга Райху, НКВД і ГУБЧЭКА. Дэпартамэнт Міграцыі зьвярнуўся да грамадзянаў дзяржавы і “просіць жыхароў паведамляць у “ворганы”, калі яны на вуліцы ці ў Інтэрнэце (!) ўбачылі нелаяльныя адносіны прыезжых да Летувы. Грамадзяне павінны (!), заклікае Дэпартамэнт, паведаміць пра гэта ў Міграцыйную службу альбо ў Дэпартамэнт бясьпекі”. (https://youtu.be/KZGF7Ud33Fg).

Альбо вось такое патрабаваньне “стукаць”: Primename, kad informacija dėl įtartinų asmenų, galimai keliančių grėsmę Lietuvos nacionaliniam saugumui, galima pasidalinti el. pašto adresu info@migracija.gov.lt. VRM inf.

(Пераклад: “Нагадаем, інфармацыю аб падазроных асобах, якія могуць прадстаўляць пагрозу нацыянальнай бяспецы Летувы, можна перасылаць па электроннай пошце на электронны адрас info@migracija.gov.lt.)

Нават ня стану агучваць, што гэта такое, як называецца і да чаго прыводзіць “данасіцельства”. Людзі ўжо такое праходзілі. Аж гляньце, яно зноў ажывае недзе ў закутку Эўразьвязу.

Ужо пачаліся вобшукі ў 910 беларусаў, пазначаных для дэпартацыі. Вобшукі адбываюцца так. Паліцыя без папярэджаньня ўрываецца ў кватэру і не прад'яўляючы ніякіх дакумантаў пачынае ўсё пераварочваць і “шманаць” (пазнаеце почырк?).

Тым часам розныя беларусаненавісьнікі і ксэнафобы (хутчэй што агентура ФСБ) абзываюць Вольгу Карач у сеціве “рускай шпіёнкай” і ўсклікаюць: “Ну што, тварь путинская, допрыгалась!”

Здаецца, што група Франака-Ціханоўскай нарэшце дастала сваю суперніцу і крытыкантку Вольгу Карач. Яе зьбіраюцца дэпартаваць, за тое што выступала ў пракрамлёўскіх выданьнях “Лента.ру” і “Газета.ру” і што некалі брала інтэрв'ю ў нябожчыка Жырыноўскага (тут ужо і лукашыстаў пераўзышлі). Хаця па гэтай жа логіцы (што выстаўлена супраць Карач) трэба было б найперш дэпартаваць якраз Ціханоўскую і ўсю агентурную групу. Але тут гэта як жарт.

Што рабіць беларусам, якія ўцяклі ад лукашызму, і сутыкнуліся тут з гэтым “нэо”? Найперш трэба абавязкова зьвяртацца ўсім беларусам (а іх тысячы) у суды Летувы, потым у Камісію па правах чалавека ААН, у Эўракамісію, у АБСЕ, і нават у Міжнародны Суд. Адстойвайце свае правы. Міжнародныя законы на вашым баку.

Тое, што пачалося рабіцца цяпер у Летуве, можна растлумачыць па-рознаму. Прычынай мог бы быць, напрыклад, нейкі схаваны маргінальны нацыяналізм. Альбо нават псіхічная хвароба нейкага адказнага чыноўніка. Але, на мой пагляд (нават калі б першыя дзьве вэрсіі маглі быць), галоўны зьмест ўзбуджэньня нематываванай нянавісьці да беларусаў заключаецца ў глыбокай і зладжанай дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў, найперш ФСБ. Такі ж самы накірунак і зьмест іх дзейнасьці відаць ва Украіне. Ды й паўсюдна яны цяпер расьсяваюць зерні нацыянальнай нянавісьці і канфліктаў, узбуджаюць крыніцы напружанасьці. Гэта ў расейскіх інтарэсах.

У заключэньне коратка магу сказаць. Палітыка кансэрватараў, накіраваная на рабленьне ворагаў зь беларусаў, памылковая і крайне недальнабачная. Катастрафічна недальнабачная. Гэта тое, чаго якраз цяпер ім катэгарычна ня трэба рабіць. Яно можа фатальна ўскладніць будучыню краіны, калі гэтыя палітыкі страцяць саюзьнікаў у абліччы беларусаў. Паправіць ўсё будзе цяжка і зваліцца тое на плечы іншых палітыкаў. Толькі баюся, што зразуменьне гэтага ёсьць за межамі кансэрватыўнага думаньня.

21 жнівень 2023 г.
Зянон Пазьняк


Post Scriptum

Мы атрымалі ліст ад спадарыні Калегавай наступнага зьместу:

“Видео, прикрепленное к данной статье, является личным и нарушает закон о персональный данных, запрещено к публичному опубликованию. Это нарушение конфиденциальности.

Удалите все упоминания и ссылку на данный материал.”

Відэа было атрымана ад прыватнай асобы і зьмешчана намі (як мы меркавалі) у інтарэсах спадарыні Калегавай. Улічваючы патрабаваньне і аргументацыю сп. Калегавай відэа выдалена, Выдалены таксама з тэксту зьвесткі аб ператрусе ў кватэры.

-Аўтар-