ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АБ ПАДЗЕЯХ
(9 жнівень 2023 г.)
Нядаўна некаторыя ўдзельнікі Фэйсбука перадрукавалі мой зварот да беларусаў ад 7 жніўня 2020 г. пад назовам ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АБ НЕБЯСЬПЕЦЫ. Гэта папярэджаньне аб грандыёзнай крывавай правакацыі супраць народа Беларусі, якую падрыхтавалі маскоўцы (найбольш ФСБ) праз структуру Газпрама і агентуру ў Беларусі на дату выбараў прэзыдэнта — 9-га жніўня 2020 г.
Аб правакацыі мне было вядома па маіх крыніцах яшчэ зімой-вясной 2020 г. Плянавалі справакаваць масавыя дэманстрацыі ашуканага электаратаў, які ськіравалі б у падтрымку кандыдата Газпрама, меркавалі задзейнічаць расейскіх вагнераўцаў, пераапрануты расейскі ОМОН, пусьціць вялікую кроў, на гэтай хвалі зрынуць Лукашэнку і прывесьці да ўлады больш патрэбнага Маскве (дзеля анэксіі Беларусі) прадстаўніка Газпраму (Бабарыку).
Што гэта было б, я і тады, і потым неаднаразова пісаў — канец незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі.
План ажыцьцявіўся часткова. Зьмены сатрапа не адбылося з прычыны рашучых прэвентыўных дзеяньняў Лукашэнкі, які замкнуў галоўных маскоўскіх “гульцоў” за краты і арыштаваў засланую групу “Вагнэра” (30 асобаў).
Другая прычына забуксаваньня агрэсіўнага плану — контрдзеяньні нашай партыі (КХП — БНФ), якая добра разумела што намечана масавае сцьвярджэньне прарасейскай апазыцыі ў Беларусі. Агентурай падрыхтаваны былі нават люмпенскія сімвалы (замест “Пагоні” вялікі тапак-шлёпанец, якім будуць біць таракана) і люмпэнскія воклічы тыпу “Стоп таракан!” (замест “Жыве Беларусь!”).
КХП — БНФ вынесла тады ў масы нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя сьцягі, якія імгненна падхапіў народ. Нацыянальная ськіраванасьць сур'ёзна зьмяніла абставіны пратэстаў, напалохала Маскву, схіліла яе да падтрымкі Лукашэнкі, якога Крэмль тады, фактычна, забраў у палітычны палон і праз яго ажыцьцявіў рэпрэсіўную частку свайго плану.
Адбыўся страшэнны пагром беларускай нацыі і ў цэлым беларускага грамадзтва. Рэпрэсіі ў форме генацыду працягваюцца па сёньняшні дзень і як паказваюць абставіны ня спыняцца ніколі, пакуль трываць будзе лукашысцкі рэжым і расейская акупацыя Беларусі.
Пры карэкцыі і перабудове маскоўскага плану ФСБ вынікова скарыстала рэшткі газпрамаўскай апазыцыі (цяпер так зв. група Франака-Ціханоўскай альбо як яна зарэгістравана, — “офіс Ціханоўскай”) і забясьпечыла ўплыў яе на беларускую апалітычную і дэнацыяналізаваную эміграцыю за мяжой пра дапамозе Захаду).
Беларусь засталася. Але прадухіліць пагром народа тады не ўдалося, бо ўжо моцна панішчыныя былі нацыянальна-вызвольныя сілы, практычна ліквідаваны быў нацыянальны палітычны клас, плюс разбуральная русіфікацыя ды безразьдзельнае панаваньне маскоўскіх сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Беларусы былі дэзарыентаваныя. Мала каму была патрэба нешта беларускае слухаць і разумець.
За тры гады сітуацыя мала зьмянілася. Былая газпрамаўская правальная “дэмапазыцыя” (так званы “офіс”) — цяпер гэта асноўны агентурны рэсурс, які мае ўплыў на нацыянальна неасэнсаваных людзей. Галоўны ўпор гэтай “дэмапазыцыі” накіраваны зараз на пранікненьне ва Украіну ў полк Каліноўскага і ўплыў на яго. (Зазначу, што калі б такое здарылася, — полк разваліўся б на часткі і перастаў існаваць.)
Што з гэтым беларусу рабіць — зразумела: ведаць чаго ня ведаў, разумець чаго не разумеў, берагчы, чаго не бярог. Як казаў мудрэц — гуртавацца разумным.
9 жнівень 2023 г.
Зянон Пазьняк
Ніжэй друкую яшчэ ўзяты з архіва “Беларускай Салідарнасьці” аналіз абставінаў у сьвеце і спавешчаньне Сойму КХП — БНФ, зробленае і распаўсюджанае ў пачатку 2020-га года. (Партыя цяпер забароненая рэжымам. Асноўнае кіраўніцтва ў Польшчы і ЗША)
ПУЦІН РЫХТУЕ ВАЙНУ
(27 студзеня 2020)
Новая канструкцыя расейскай улады завострана на вайну:
1. Пытаньне вайны сканцэнтравана ў руках адной асобы, Пуціна,
2. Усе сілавыя ведамствы падначалены адной асобе, Пуціну,
3. Умацавана вертыкаль улады, ліквідаваны рэшткі самакіраваньня.
4. Урад сканцэнтраваны на функцыю максімальнага збору сродкаў, неабходных для вайны,
5. Усе міжнародныя дамовы, усе ратыфікаваныя міжнародныя канвэнцыі выведзены за межы законаў, не зьяўляюцца абавязковыя для выкананьня.
Паэтапныя пляны пуцінскай хунты на заходнім накірунку:
— Акупацыя Беларусі,
— Акупацыя Украіны,
— Акупацыя краінаў Балтыі
Ваенныя дзеяньні запланаваны гібрыднымі мэтадамі. Пры іх недастатковай эфектыўнасьці, гарачыя вайсковыя апэрацыі.
З Макронам дамоўлена, Меркель нешта паабяцалі, ЗША будуць занятыя выбарамі. Польшчы спрабуюць учыніць блякаду. Таму такая пасьпешнасьць, гэта пляны на 2020 г.
Для беларусаў, якія трымаюць у руках зброю. Лепш даць адлуп расейскім плянам на першым этапе (пры памкненьні акупацыі Беларусі), чым гінуць на расейскіх войнах супраць суседзяў. Гэтым перакуліць усе шызоідныя пляны Масквы.
27 студзеня 2020 г. Беларуская Салідарнасьць
27/1/2020 › Навіны
BIELARUS.NET
Bielarus.net › Беларуская Салідарнасьць » Пуцін рыхтуе вайну