СУСТРЭЧА Ў БЕЛАСТОКУ

30-га ліпеня дэлегацыі Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь”, маладзёвага Руху Беларускіх Нацыяналістаў і Беластоцкай Грэнадзёрскай Харугвы Паспалітага Рушэньня спатыкаліся ў Беластоку зь беларускімі эмігрантамі — ўцекачамі ад рускай акупацыі і лукашысцкага генацыду. Сход адбыўся ў беларускім зборы “Новая Зямля”.

Зала невялікая, шмат каму прыйшлося стаяць (усіх сабралася каля ста асобаў). Выступалі Зянон Пазьняк, Павел Усаў, кіраўнік Руху Беларускіх Нацыяналістаў (прозьвішча не называлася зь вядомых прычынаў) і кіраўнік грэнадзёрскай харугвы (пазыўны “Шляхціч”). Потым былі адказы на пытаньні прысутных. У канцы прадавалі беларускія кнігі. Уся выручка ад продажу кніг (2000 злотых) была ахвяравана на лячэньне сябра “Вольнай Беларусі” Сяргея Пантуса, які нечакана моцна захварэў і знаходзіцца ў цяжкім стане.

Выступы і дыялог запісвалі журналісты з радыё “Рацыя” і аматары. Матэрыялы і фота ў той жа дзень зьявіліся ў Сеціве.

Пытаньні былі аб лёсе Беларусі, аб адказнасьці за злачынствы супраць беларусаў, аб генацыдзе беларускага народа, аб беларускай эміграцыі і інш.

Сябры “Вольнай Беларусі” адзначылі станоўчасьць паездкі ў Беласток, спадзяюцца на павелічэньне ўдзельнікаў Руху “Вольная Беларусь”, улічваючы добрае ўзаемаразуменьне.

НВР “Вольная Беларусь” падтрымлівае Полк Каліноўскага. Палку Каліноўскага пастаянна патрэбныя пікапы (машыны прастасаваныя да ваенных умоў, якія беларусы нвучыліся перарабляць ў Варшаве). “Вольная Беларусь” перадала палку ўжо чатыры такія машыны, закупленыя на сродкі сабраныя беларусамі. Трэба прадаўжаць збор сродкаў на машыны для палка. Вайна працягваецца.

Беларусы, дапамагайма палку Кліноўскага. Гэтым самам дапамагайма Беларусі. Ахвяруйце грошы на перамогу над расейскім мордарам. (Рэквізіты на Стар. Каардынуючай Управы НВР “Вольная Беларусь” — https://facebook.com/groups/682349893425191/permalink/728005318859648). Слава Айчыне!

1 жнівень 2023 г.
Зянон Пазьняк