БЫКАЎ — НАВЕЧНА

19-га чэрвеня 99 гадоў таму нарадзіўся Вялікі Беларус і магутны пісьменьнік Васіль Уладзімеравіч Быкаў. Творчасьць яго бессьмяротная, узвышаецца над Беларусяй і над усёй Эўропай. Быкаў паказаў у вобразах экзыстэнцыяльную праўду чужой вайны, у якую быў уцягнуты сам і ўвесь наш народ. Пісьменьнік узвысіў над сьветам годнасьць Беларуса, паказаў яго існасьць і шчырую балесную яго душу.

Васіль Уладзімеравіч стаяў высока. Ён быў грамадзянінам нацыі, калі вырашаўся яе лёс — вызваленьне з-пад маскоўскага камунізму. Тады Быкаў падтрымаў Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і стаў яго сябрам, разам з усімі фронтаўцамі трымаў сьцяг Адраджэньня, пад якім здабылі Незалежнасьць Айчыны.

Слава, памяць і гонар вялікаму пісьменьніку-патрыёту. Купала, Колас, Багдановіч, Быкаў навечна ў першых шэрагах Беларусі.

19 чэрвень 2023 г.
Зянон Пазьняк