РЭПЛІКА АБ ПАЛІТЫЧНАЙ БАРАЦЬБЕ

Нядаўна я зьмясьціў у Сеціве допіс аб некаторых тыповых прыёмах таталітарнага рэжыму ў змаганьні з дэмакратычным нацыянальным рухам (“ПРА АНТЫДЭМАКРАТЫЧНЫ ТЭЗІС “ОБЪЕДИНЕНИЯ ВСЕХ ДЕМОКРАТИЧЕСКИХ СИЛ”). Гэта быў паўтор напісанага ў 90-х гадах, калі кожны фронтавец на практыцы разумеў і меў справу з такой рэжымна-маскоўскай палітыкай.

Сутнасьць яе была простай. Рэжым (дакладней, КГБ) ствараў свае партыі (тыпу “Нацыянальна-дэмакратычная”, АГП, “Сялянская партыя”, партыя “Згода” і нават “Хрысьціянская”, якіх было некалькі і т. п.). Потым тут жа, зьвяртаючыся да БНФ, пачынаўся лямант аб аб'яднаньні ўсіх дэмакратычных сіл.

Разьлік быў нескладаны: аб'яднаць гэтыя малыя, створаныя пры дапамозе канторы, “дэмакратычныя” партыі з моцным на той час Беларускім Народным Фронтам і такім чынам — разваліць яго. Фронт на гэтыя хітрыкі нават не рэагаваў. Адпаведна, гучэў наступны лямант, што БНФ “протів демократіі і протів об'едіненія демократіческіх сіл”, што Фронт недэмакратычны, таталітарны і г. д.

У цяперашняй падобнай сітуацыі, якая ўзьнікла ў беларускай эміграцыі за мяжой, у сувязі з існаваньнем розных палітычных зьяў (тыпу “Офіс”, “Пераходны кабінет”, “НАУ”, “Каардынацыйная рада”, “Байпол”, нейкі яшчэ “хаб” і т. п.), і ў сувязі з Адраджэньнем Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху, зноў зьявіўся лямант пра “аб'яднаньне” так званых “усіх дэмакратычных сіл”. (Калі лапідарна — дык для таго, каб разбурыць нацыянальны рух і полк імя Каліноўскага.)

Давялося нагадаць пра мінулае ды пра стандарты тактыкі антывызвольнага змаганьня.

І вось тут мушу адзначыць даволі сумнае становішча. Здаецца, што цяпер людзі, не разумелі, пра што напісана.

Прычына ня толькі ў Расеі і ў прапагандзе. Прычына таксама ў тым, што ў Беларусі за часы лукашысцкага рэжыму быў зьнішчаны нацыянальны палітычны клас. У выніку — страчана арыентацыя ў нацыянальнай палітыцы.

(Нагадаю, што палітычны клас ствараецца зь людзей, якія прайшлі ў палітычным змаганьні праз парлямант, выбары, партыі і кіраваньне дзяржавай.)

Нашае становішча пакуль што вымагае значных высілкаў. Прыдзецца прадзірацца праз нетры неразуменьня, запруды інфантыльных уяўленьняў (дзе свабодную Беларусь параўноўваюць з “губной памадай”) ды праз гнятучыя ўплывы чужой палітыкі.

Тым ня менш, надзея расьце. Яна ня толькі ў структурах і справах, але таксама ў тым, што ажывае і падымаецца “наш магутны сьмелы”, “наш беларускі вольны дух”. З Духам і пераможам.

10 чэрвень 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК