ПРА СУТНАСЬЦЬ РУСІФІКАЦЫІ ДЗЯЦЕЙ
Некаторыя дзеячы беларускай замежнай палітыкі моцна замаркоціліся, што лукашысцкі рэжым прывозіць украінскіх дзяцей ў Беларусь і русіфікуе іх, каб перарабіць на рускамірцаў.
Русіфікацыя — гэта злачынства і, відаць, шчырая тут ёсьць маркота ў палітычных дзеячоў, хоць лукашысцкі рэжым нічога спэцыяльнага дзеля перавыхаваньня ўкраінскіх дзяцей на практыцы ня робіць. Прывезеных дзяцей проста механічна ўключаюць у сістэму рэжымнага існаваньня школы ў Беларусі. Гэтая школа стараньнямі асабіста Лукашэнкі даўно перастала быць беларускай. Тут даўно ўжо русіфікуюць беларускіх дзяцей у цемрашальстве “русского міра”, вучаць іх на сфальшаванай гісторыі, у школе выкладаюць расейскі “патрыятызм” і “русскій язык”, убіваюць у галовы дзяцей, што яны маскалі. Лукашысцкія “мянты”, згодна з рэжымным законам, курыруюць школу і школьніцтва ў Беларусі. Міліцыя (а праз міліцыю — АМОН і КГБ) назіраюць за выхаваўчым працэсам у школе, абучаюць сваім навыкам і свайму думаньню беларускіх дзяцей.
Вось такая сістэма дзікага гвалтаваньня сьвядомасьці беларускіх дзяцей і пераробліваньня іх на маскалёў утворана антыбеларускім рэжымам і асабіста вярхоўным паўвар'ятам, што прыслужвае Маскве.
Амаль два мільёны беларускіх дзяцей ад 6-ці да 18-ці год праходзяць праз гэтую пачварную школьную выбівачку нацыянальнай душы. Гэта ёсьць этнацыд і праява генацыду супраць усёй беларускай нацыі.
Дзеячы, магчыма, пра гэта не задумваюцца. Але вось у гэтую чортаву школьную рэжымную малатарню патрапілі ўкраінскія дзеці. І тут беларускія палітычныя дзеячы замаркоціліся іхным лёсам.
Разумеем. Падтрымліваем. Малайцы, панове былыя лукашысты. Толькі як быць з двухмільённай маладзёвай генэрацыяй Беларускай нацыі? Як быць з рэжымнай школьнай душагубкай, куды ўкінулі таксама і ўкраінскіх дзяцей. Гвалт над беларускімі дзецьмі падходзіць пад Гаагу, ці не? Ці можа тут усё асобна? Можа запатрабуйце яшчэ больш эканамічных санкцыяў супраць нашай акупаванай дзяржавы, каб у гэтай акупаванай дзяржаве тым шкалярам нават есьці ня стала чаго.
10 чэрвень 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК