ВЫНІКІ ЭКАНАМІЧНА-САНКЦЫЙНАЙ ВАЙНЫ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСІ

Эканамічныя санкцыі — гэта мэтад гібрыднай вайны, які ўжываюць эканамічна разьвітыя краіны супраць іншых (як правіла, эканамічна слабейшых) краінаў дзеля дасягненьня палітычных мэтаў і эканамічных пераваг.

Дэкляруецца палітычная мэта, пад выглядам якой робіцца эканамічнае разбурэньне дзяржавы. Але сама палітычная мэта тут недасяжная, не дасягаецца і, калі па гісторыі, — нідзе не была дасягнута.

Гэта мэтад, накіраваны супраць дыктатуры, але ў рэальнасьці — зьяўляецца выключна антынародным. Ні адна дыктатура не абвалілася з прычыны эканамічных санкцыяў, але народ даходзіў да галечы, дзяржава слабела і трапляла ў залежнасьць, а дыктатура ўмацоўвалася і станавілася нязьменнай. Найбольш выразныя прыклады: Куба, Паўночная Карэя, Беларусь.

Эканамічныя санкцыі разьвітых краінаў дэмакратыі супраць Беларусі дэкляратыўна накіраваныя на ліквідацыю дыктатуры Лукашэнкі, але ў рэальнасьці — сталі санкцыямі супраць беларускага народа і супраць эканамічнай і дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі.

Вынік гэтых санкцыяў такі:

1. Зьнішчаныя эканамічныя сувязі і беларускі гандаль з Эўропай і краінамі дэмакратычнага сьвету, які складаў 50 адсоткаў гандлёвага абмену.

2. У выніку ўся эканоміка і гандаль Беларусі вымушана цалкам пераарыентаваліся ў Расею і трапілі ў залежнасьць ад расейскага рынку і расейскага рэжыму. Цяпер, на 2023 год, усе заводы, прадпрыемствы, бізнэс, усе галіны эканомікі працуюць на расейскі рынак, на расейскую эканоміку, сталі залежнымі ад расейскага капіталу і ад расейскай палітыкі. Беларуская маёмасьць пераходзіць у рукі расейцаў.

3. Адбылося абніжэньне ўзроўню жыцьця беларускага народа.

4. Дыктатарскі антынародны рэжым Лукашэнкі страціў магчымасьць заходняга эканамічнага і палітычнага манэўру. Сітуацыю скарыстала Расея. Дзеля захаваньня ўлады Лукашэнка здаў Беларусь у поўную палітычную залежнасьць ад Расеі і ад фашысцкага рэжыму Пуціна.

5. Гэта акалічнасьць, а таксама адсутнасьць тактычнага падыходу з боку Захаду ў расейска-беларускіх супярэчнасьцях, блакіроўка Беларусі эканамічнымі санкцыямі, садзейнічалі акупацыі Беларусі Расеяй і наступнай агрэсіі Масквы супраць Украіны з захопленай беларускай тэрыторыі.

6. Эканамічна-санкцыйная гібрыдная вайна супраць Беларусі паспрыяла страце суверэнітэту Беларусі, увядзеньню расейскай ядзернай зброі ў Беларусь, пагрозе ліквідацыі Беларускай дзяржавы, пэрспэктыве ядзернага ўдару па Беларусі.

Гібрыдную эканамічна-санкцыйную вайну супраць Беларусі і Беларускага народа вядуць (пад выглядам барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі) найперш разьвітыя краіны Захаду. У Беларусі яе не падтрымлівае ніхто. За межамі Беларусі эканамічна-санкцыйнай вайне супраць дзяржавы і народа аддана спрыяе і патрабуе яе працягу ад Захаду былая газпрамаўская прарасейская апазыцыя — група, створаная цяпер вакол падстаўной асобы Ціханоўскай, якую фальшыва аб'явілі “прэзыдэнт-электам” і якую, ня гледзячы на хлусьню і абсурд, падтрымлівае санкцыйны Захад, зыходзячы з прагматычных інтарэсаў.

Эрго:

— У інтарэсах народа Беларусі, беларускай незалежнасьці і Беларускай дзяржавы, справядлівасьці і дэмакратыі павінны быць патрабаваньні не аб санкцыях, а аб дэакупацыі Беларусі і вывадзе расейскіх акупацыйных войскаў з Рэспублікі Беларусь.

— Беларусы, спасылаючыся на “Будапэшцкі Мэмарандум” 1994 года года маюць права спадзявацца і патрабаваць ўльтыматуму ад краін Захаду ў бок Расеі аб недапушчэньні ўвядзеньня ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі.

— У інтарэсах народа Беларусі, беларускай незалежнасьці і Беларускай дзяржавы, справядлівасьці і дэмакратыі мусяць быць адменены ўсе (!) эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку Захаду. Застаюцца толькі індывідуальныя санкцыі супраць злачынцаў і функцыянераў антыбеларускай, антыдэмакратычнай палітыкі рэпрэсіяў і тэрору.

За гэта трэба змагацца беларусам у замежжы і ў замежнай палітыцы. Прыярытэтамі ў нацыянальнай палітыцы заўсёды павінны быць дзяржава, незалежнасьць, свабода і Беларускі народ.

14 травень 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК