АБ РУСКІХ ДЫВЕРСАНТАХ

Дызарыентацыя беларусаў чужароднымі СМІ дасягае разбуральнага маштабу. Асабліва, улічваючы сацыяльную бескантактнасьць цяперашняга пакаленьня. Людзі глядзяць наўпрост і ня бачаць на што глядзяць.

Нядаўна ў Фэйсбуку можна было прачытаць зьбянтэжаныя і нават роспачныя (і нават ненавісныя) заўвагі беларусаў з прычыны масавай дэманстрацыі “русского міру” ў Гародні на канцэрце нейкага рускамірскага сьпевака. Я растлумачыў зьяву ў камэнтары. Як ні дзіўна, камэнтар зьнік. Значыцца, нехта глядзіць на авантуру ў Гародні вельмі зацікаўлена.

Таму тлумачу тут. У Гародні, яшчэ за месяц да канцэрту расейскага сьпевака былі зафрактаваныя і зарэзарваваныя расейцамі ўсе гатэлі і ўсе вольныя кватэры горада (і нават у суседніх гарадках). На канцэрт у Гародню прыехала некалькі тысячаў расейцаў. Яны то і наладзілі дэманстрацыю з расейскімі сьпевамі і з ліхтарыкамі.

У Гародні такое першы раз. Да гэтага часу расейскія дэсанты і дэманстрацыі “рускага міру” рабіліся ў асноўным на ўсходзе Беларусі і асабліва ў Віцебску (там, дзе “Базар”). Зьвязана дэсантура з усходу, у асноўным, з падзеямі культуры (канцэртамі) і са спортам (міжнародныя матчы, чэмпіянаты і т. п.

У 2008 годзе быў масавы дэсант расейцаў у Менску ў сувязі з футбольным чэмпіянатам. Тысячы маскалёў на Цэнтральнай плошчы Менска глядзелі на экране матч “Расея-Іспанія”, галёкалі і крычалі, жавалі і пілі, пакінулі пасьля сябе бруд і горы сьмецьця. (Беларусы як культурны народ ніколі так сябе не паводзяць.)

У нумары 63, стар. 3. “Беларускіх Ведамасьцяў” я нават зьмясьціў фотаздымак, як выглядала наша плошча пасьля прысутнасьці маскалёў. Ніжэй паказваю рэпрадукцыю гэтага здымка.

Расейская дэсантура і набегі маскоўцаў на Беларусь — гэта звычайная зьява за часы рэжыму Лукашэнкі. Адначасова гэта кіруемая палітыка. Такім чынам (пад выглядам турыстычнай дэсантуры) былі захопленыя ад Украіны ў 2014 годзе Данбас і Луганск.

Ня трэба толькі сюды (у гарадзенскую авантуру) злосна прыплятаць беларусаў (чым займаецца агентура), і асабліва ня трэба пры гэтым абзываць наш народ брыдкімі словамі.

Гэтае пакаленьне беларусаў зрусіфікавана маскоўскай палітыкай, яно дызарыентаванае, і можа сьвяціць ліхтарыкамі і падпяваць цемрашалам разам са сваімі ворагамі, нічога пры гэтым не разумеючы. Але ў будучай вольнай Беларусі яны засьпяваюць разам з усімі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” ды “Магутны Божа”. Тым часам прыбыш-маскаль такое не запяе. Зь беларуса народзіцца беларус, з варвара — варвар.

Адзначу яшчэ, што расейская рускамірская дэсантура праз адчыненыя межы — гэта агрэсіўная антынацыянальная зьява (Украіна засьведчыла).

Рускамірная турыстычная дысантура можа быць выкарыстана пры акупацыі вольных краінаў. Гэта частка расейскай гібрыднай вайны.

Каб запабегчы гэтаму і ўзяць справу ў свае рукі, беларусы прыдумалі для Беларусі даволі рацыянальны план “Перамога”. (Цяпер ён, на жаль, забуксаваў з суб'ектыўных прычын і наўрад ці будзе ўжо разумна скарыстаны. Але магчымасьці ня зьніклі.)

Сутнасьць адносінаў з расейскімі турыстычнымі дыверсантамі і ступень небясьпекі залежыць ад нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва. У час футбольнага чэмпіянату сьвету я назіраў за расейскім турыстычным дысантам у Варшаве. Іх прыехалі тысячы. З пагрозамі палякам яны дэманстратыўна прайшлі па вуліцах польскай сталіцы, пачалі правакацыі і напады на людзей. У выніку польская моладзь сабралася і ўваліла дыверсантам. Паехалі ў Расею, “не солоно хлебавші”.

11 траўня 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК