АБ ПРАПАГАНДЗЕ СУПРАЦЬ ВЫЗВОЛЬНАГА РУХУ
Апошнім часам у Польшчы, Летуве і ва Украіне ўзбудзілася раптам у соцыуме і ў Сеціве шмат асоб супраць майго імя. Для мяне такое звыклая зьява — ўжо 35 гадоў у палітыцы. Як працуе кантора — ведаю. Але цікавыя дэталі. Аказваецца ўзбуджальнікам і каардынатарам гэтага ўзбуджэньня зьяўляецца якраз віленскі “штабік”. Апэратыўную функцыю ажыцьцяўляе “Раймон”. Гэта ён напалохаў кансэрватараў правячай партыі, каб са мной не спатыкаліся, бо я, маўляў, хачу адабраць у іх Вільню.
“Раймон” абзвоньваў установы, каб адмовілі нам у арэндзе заляў для сустрэчы зь беларусамі. І ўсюды яму ўдалося. Толькі з польскай амбасадай не атрымалася. Не паслухалі “Раймона”. (Прасіў, каб не давалі залю беларусам у польскім гатэлі “Пан Тадэвуш”.) Пасьля імпрэзы быў яшчэ адзін званок у польскую амбасаду і паведамлена, што на беларускім сходзе былі правакацыі супраць Польшчы, і што Пазьняк казаў супраць Польшчы. У амбасадзе зноў не паверылі (на імпрэзе было польскае тэлебачаньне “Палёнія” і рабіла запіс.)
Словам, узбудзіліся найбольш у Летуве і ва Украіне (аказалася, што паміж узбуджальнікамі тут шчыльная сувязь). Энтузіясты спаліліся, але ўжо далі, дык далі Пазьняку. Ляйтматыў — натравіць на яго палітыкаў Летувы, Украіны і Польшчы і ўсіх, каго можна (казалі, што гэта “агент Масквы”, ФСБ, КГБ і т. п., нехта нават паведаміў, што “Пазьняк протів белорусского языка”, “прэдацель” народа, “бандзіт”, заклікаў яго забіць і “паліць такіх у газавых камэрах”).
Магчыма, і праўда — у энтузіястаў праблемы з розумам. Але сьмецьце плыве. Тут тыповая “гёбельсаўшчына”, “рашызм” — стварэньне брыдоты вакол імені. І чым больш глупстваў, тым лепш для рэжысуры.
Ва ўсёй гэтай дурнаватай канторскай руціне мяне зьдзіўляе па-сапраўднаму толькі адна зьява. Гэта дзіўная службовасьць летувіскіх кансэрватараў ва ўладзе перад “офісам” і поўны давер да “Раймона”.
Аб прычынах можна, хіба, здагадвацца. Уласна аб гэтым я хацеў пагаварыць з дэпутатамі кансэрватыўнай большасьці. Пра “офіс” існуюць засьведчаныя ўлікі. Прарасейская гнасеалогія і канторскасьць “групы” відавочныя, падстаўная роля Ціханоўскай проста маніфэстуе.
У Летуве ж ёсьць свая служба бясьпекі. Чаму так безаглядна носяцца з гэтай групоўкай, выдаткоўваюць па 400 тысяч эўра на пэрсанал і каля пяці мільёнаў эўра — на ўсё (гульня ў “картэжы”, у “ахову” і г. д. — такое толькі ў камэдыйным кіно).
Эўразьвяз інвэстуе на групоўку, бо тут стандарт разьліку, немцам і французам тое патрэбна. Але што тут ёсьць для віленскіх кансэрватараў ва ўладзе — гэта ўсё ж пытаньне.
Мяркую, што адказ на яго знойдзем у Вільні разам з віленчукамі.
Ніжэй — матэрыял, які мне прыслалі (гл. лінк: https://youtu.be/2WbBhhOK8ec), — ілюстрацыя, на якім узроўні працуюць выканаўцы.
10 травень 2023 г.
Зянон Пазьняк