А Б Н А П А ДЗ Е Н Ь Н І
Такое ўражаньне, што кантора здурэла. Чарговы прапагандысцкі напад на маю асобу (а было іх на маім шляху тысячы) спаліў ужо каля дзясятка канторскіх энтузіястаў. Гопніцкі ўзровень нападнікаў зраўняўся з лексікай і паклёпамі савецкіх камуністаў. Праўда, у тых чысам спрацоўвалі нейкія тармазы. У гэтых жа — нэўрастэнічны зрыў, быццам хто б'е іх у карак і гоніць перад сабай.
Нападзеньне (як я мяркую) выклікана трывогай перад працэсам кансалідацыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху і беларускіх арганізацыяў, апорай іх на полк Каліноўскага, у той час калі прапаганда фантомнай апартуністычнай палітыкі і падстаўной групоўкі вакол Ціханоўскай (якую ў сваіх інтарэсах трымае на паверхні старая Эўропа) пацярпела крах і знаходзіцца ў стане дэградацыі.
Па сутнасьці нічога новага (ў параўнаньні з камуністычнай брахнёй) няма. Камуністы таксама выкарыстоўвалі неадэкватных людзей з псіхічнымі недахопамі, гопнікаў, крымінальнікаў, сексотаў, агентаў уплыву, стукачоў, журналістаў і т.п.
Праўда, ўзровень маніфэстацыі службістаў і адпрацоўка паднявольных выканаўцаў апусьціліся на самае дно, сьведчыць пра нікчэмнасьць на нізах і ў кіраўніцтве рашысцкай прапаганды.
Аднак, калі падумаць, і па справядлівасьці, то да камуністаў гэтыя цяперашнія ўсё ж не дацягваюць. Тыя пісалі, што во время войны я быў немецким полицаем і расстреливал советских патриотов. Вось гэта клас.
Ці мае публічнае абгаджваньне палітычнай асобы уплыў на грамадзтва? Думаю, што мае, але ў асноўным на тым яго ўзроўні, на якім вядзецца агентурная прапаганда і нападзеньне. На разумных людзей гэта, практычна, не ўплывае. Але якраз на нізы і на прымітыўнае разьвіцьцё такая прапаганда і разьлічана. Сэнс яе — ствараць вакол атакаванай асобы нячыстае поле, каб вакол імя гэтай асобы брыдота круцілася. Мэтад правераны маскоўцамі і найбольш на іх самых і ўплывае.
У выніку нападу нечысьці часта адбываецца, аднак, сэлекцыя дабра і зла, што толькі спрыяе Нацыянальна-Вызвольнаму Руху Беларусі. Але ацэнку паклёпнікам даваць таксама трэба.
4 травень 2023 г.
Зянон Пазьняк