ЛЁГКАЕ ЧЫТАНЬНЕ

Мне прыслалі арыгінальны і даволі сьмешны жарцік, быццам бы сп. Ціханоўская віншуе мяне з днём народзінаў і піша, што, маўляў, “ў нас агульная мэта..., за якую мы змагаемся”. Як кажуць “мудрыя” расейцы — “отэтада”.

Мне гэта нагадала адну рэальную гісторыю пятнаццацігадовай даўнасьці.

У 80–90-х гадах у барацьбе супраць Пазьняка і БНФ камуністы (ЦК КПБ) выдавалі ў Менску спэцчасопіс, які называўся “Політіческій собеседнік”. Актыўным прапагандыстам паскудззтва супраць БНФ і беларускага руху была такая Тацьцяна Бумажкова — вядомая тады адыёзная асоба, дачка энкавэдзісцкага партызанскага камбрыга Макара Бумажкова, пазьней ярая прыхільніца лукашызму.

І трэба ж было такому здарыцца, што лукашысцкія ўлады на глебе мэмарыяльных і матэрыяльных адносінаў моцна задзелі таксічную прапагандыстку. У 2009 годзе спадарыня напісала і надрукавала разгромны адкрыты ліст супраць Лукашэнкі, зьмяшаўшы яго з зямлёй. “Драка” скончылася нічым і Бумажкова неўзабаве зьнікае з радараў інфармацыі.

Але ў той час на маю электронную пошту раптам прышоў ліст ад разьятранай Тацьцяны (у жыцьці я яе ня ведаў і ніколі ня бачыў). У гэтым лісьце разьятраная Тацьцяна прапанавала мне “об'едзініць усілія” супраць “обшчэва врага Лукашэнкі”, паколькі “цэлі ў нас едіныя” (цытую па памяці, хоць гэты ліст у маім архіве застаўся). Вось на якія кульбіты здольная такая публіка.

Зноў пра “віншаваньне”.

Тое што гэта розыгрыш, я адразу зразумеў, бо аплікацыя была з камічным загалоўкам “прэзідэнт Сьвета”. Але праз нейкі час (ізноў жа, як кажуць “мудрыя” расеейцы, — “веліко ж было его ізумленіе”), калі ў “Інстаграм” я выявіў сапраўды такую старонку з такім гумарыстычным назовам. Праўда, “віншаваньня” я там не знайшоў. І вось тут загадка. Але ў любым выпадку гумар цаню. Праўда, у адрозьненьне ад Бумажковай “прэзідэнтсьвета” хутчэй за ўсё пойдзе пад суд у вольнай Беларусі. Аднак гэта потым.

1 травень 2023
Зянон Пазьняк