НЕДРУЖАЛЮБНЫЯ ПАВОДЗІНЫ

Сёньня (14-04-2023) прэзідэнт Летувы Наўседа наклаў вета на папраўлены закон аб адрозных абмежавальных захадах адносна грамадзян Беларусі і Расеі. Ён прапануе прымяніць не адрозныя, а аднолькавыя абмежавальныя захады да грамадзян Расеі і Беларусі, бо лічыць, што беларусы ёсьць удзельнікі агрэсіі супраць Украіны разам з расейцамі.

Гэтую ж па сутнасьці непрыймальную да Беларускага народа пазыцыю падтрымлівае бальшыня правячай партыі ў Сэйме. Аднак апошнім часам пасьля лістоў беларусаў і выбаршчыкаў у Сэйм пазыцыя кансэрватараў зьмякчылася і ў папраўленым праекце прапанавалі розны падыход — асобны ў дачыненьні да грамадзян Беларусі і асобны для жыхароў Расеі. Але тут заўпарціўся прэзідэнт Гітанас Наўседа.

Здаецца, што некаторыя спадары ў Вільні ў сваёй недружалюбнай да беларусаў палітыцы занадта далёка зайшлі і нават не разумеюць шкоды, якую робяць самы сабе.

Найперш першапачаткова прадстаўлены праект закона, які, відаць, падабаўся прэзыдэнту Наўседа, — антыдэмакратычны. У ім парушаны каля дзясятка палажэньняў Усеагульнай Дэклярацыі аб правах чалавека. Назаву некалькі істотных. Напрыклад, нельга дыскрымінаваць чалавека па нацыянальнай прыкмеце (а тут цэлы народ). Нельга пазбаўляць чалавека права свабоднага перамяшчэньня (а тут цэлы народ). Нельга пазбаўляць чалавека права на атрыманьне грамадзянства і інш. Ці, напрыклад, працытую: “Не павінна рабіцца ніякага адрозьненьня на аснове палітычнага, прававога або міжнароднага статуса краіны або тэрыторыі, да якой чалавек належыць, незалежна ад таго, ці зьяўляецца гэта тэрыторыя незалежнай, падапечнай, несамакіравальнай, або як-небудзь інакш абмежаванай у сваім суверэнітэце.” (Гэта якраз, фактычна, адносіцца да акупаванай Беларусі).

На гэтым грунтуецца пазыцыя ААН. Калі некаторыя палітыкі нязгодныя і думаюць інакш, то можа хай ставяць пытаньне аб выхадзе Летувы з ААН. Бо якая тады дэмакратыя з недэмакратычным падыходам?

І яшчэ. Лукашэнка і Пуцін ня вечныя. Беларусь будзе, і будзе дэмакратычнай, і прыйдзецца наладжваць зь Беларусяй адносіны. Навошта ж іх цяпер псаваць? Беларусы нічога не забудуць і не забыліся, ведаюць сваю гісторыю пра Вялікае Княства Літоўскае, пра яго значэньне, культуру, мову і моц. Можна ж усё па-людзку, як некалі хораша беларусы дамаўляліся з Саюдзісам.

Будучы нядаўна ў Вільні са спадаром Усавым я якраз хацеў пагаварыць з дэпутатамі правячай партыі пра гэтыя пытаньні і заадно пацікавіцца прычынай, чаму яны фінансуюць агентурную (створаную расейскім Газпрамам) групу вакол Ціханоўскай. Немагчыма ўявіць, каб палітыкі вышэйшага ўзроўню ў дзяржаве ня ведалі, у каго, у якога кшталту асобаў, у якую замежную палітыку, у якую групу і ў якую іхнюю дзейнасьць кансэрватыўная ўлада два гады ўлівае фінансы дзяржаўнага бюджэту.

Неверагодна, але тыя дэпутаты, зь кім было дамоўлена размаўляць, пад уплывам іншых, ухіліліся ад размоў, а той, каго спаткалі, ад страху ня мог гаварыць. І самае абуральнае, што тут жа пачалася паклёпніцкая прапаганда супраць маёй асобы ў Летуве і ва Ўкраіне, дзе расейска-канторскія палітычныя анальфабэты правакацыйна загаварылі пра гісторыю Вільні.

Складваецца ўражаньне, што некаторыя асобы ў палітыцы, сваімі паводзінамі (абзываньне беларусаў агрэсарамі, патрабаваньне эканамічных санкцыяў супраць акупаванага народа, прыняцьце дыскрымінацыйных законаў) імкнуцца пазбавіцца ад палітычных сяброў і дэмакратычных прыхільнікаў у Беларусі.

Шкода, вядома. Тым, хто прыйдзе на месца такіх палітыкаў, прыдзецца, напэўна, шмат разграбаць. Але беларускія дэмакратычныя сілы з разуменьнем паставяцца да добрых учынкаў, памятаючы прыклады літоўска-беларускай салідарнасьці (1990–1991) і ўзаемадапамогі ў змаганьні за волю, дэмакратыю і незалежнасьць (удзельнікам чаго я, дарэчы, быў).

14 красавік 2023 г.
Зянон Пазьняк,
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ,
арганізатар Нацыянальна-Вызвольнага руху “Вольная Беларусь”,
лідэр Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня.