КОРАТКА ПРА ВІЗІТ У ВІЛЬНЮ

На адзін дзень мы са спадаром Паўлам Усавым зьезьдзілі ў Вільню, але затрымаліся на два дні. Была размова з прадстаўніцай МЗС (амбасадарам у Беларусі) і з дэпутатамі Сэйма ад фракцыі сацыял-дэмакратаў. Мы гаварылі аб праекце так званага “дыскрымінацыйнага” (як яго ўжо ахрысьцілі) закона, падрыхтаванага кансэрватыўнай бальшынёй у Сэйме (абмежаваньне магчамасьцяў беларусаў на ўязныя візы, на статус жыхарства, на набыцьцё ўласнасьці, на грамадзянства і інш.).

Зьвесткі з размовы абнадзейваючыя. Праект пераглядаецца. Тэма Беларусі, магчыма, будзе ўвогуле выдалена з праекта (застанецца толькі тэма Расеі). Прытым крытыка праекта вядзецца таксама і з боку дэпутатаў кансэрватыўнай большасьці. Хутчэй за ўсё “драконаўскія” прапановы супраць Беларусі не атрымаюць падтрымкі і будуць выдаленыя. Гэта прагнозы дэпутатаў апазыцыйнай сацыял-дэмакратычнай фракцыі.

Тут мушу патлумачыць. Сацыял-дэмакраты ў Сэйме Літоўскай рэспублікі знаходзяцца ў апазыцыі да правячай кансэрватыўнай партыі “Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты”. Нядаўна сацыял-дэмакраты перамаглі кансэрватараў на мясцовых выбарах. Ім прадказваюць таксама перамогу на парляманцкіх выбарах, якія адбудуцца восеньню гэтага года. Сёньняшняя пазыцыя сацыял-дэмакратычнай групы вызначаецца канструктыўнасьцю і здаровым сэнсам і, відаць, невыпадкова мае падтрымку электарата.

Мы плянавалі таксама спатканьне з дэпутатамі правячай партыі. Акрамя размовы пра скандальны праект мы хацелі пагаварыць аб матывах інвэстыцый і падтрымкі зь іхняга боку групы Франака-Ціханоўскай у той час, калі дэманстратыўна вядома аб пачатковай прамаскоўскай арыентацыі гэтай групы і наступнай антыбеларускай выніковасьці іхных дзеяньняў.

Як ні дзіўна, з кансэрватарамі спаткацца не ўдалося. Яны аказаліся вельмі занятымі, але ўражаньне было, што дэпутатаў нехта напалохаў. І сапраўды, адказ знайшоўся ў Інтэрнэце. Кансэрватараў напалохаў Анатоль Лябедзька — прадстаўнік “штабу” (ці “штабіку”, як кажуць у Вільні).

У Сэйме перад сустрэчай з сацыял-дэмакратамі мы спаткаліся мімаходзь з даўнім сябрам беларусаў дэпутатам Эўрапарляманту Эмануэлем Зінгерысам і зь яго шаноўнай памочніцай. Але на доўгую дзелавую гаворку ўжо не хапіла часу.

Мы засталіся яшчэ на адзін дзень, каб спаткацца зь беларускай грамадзкасьцю Вільні. Зьнялі невялікую залю на сто месцаў і памыліліся, бо людзей прыйшло больш. Але неяк умясьціліся.

Галоўнае, аднак, ня толькі ў цікаўнасьці беларусаў да тэмы спатканьня, але ў тым беларускім нацыянальным адзінстве прысутных, якое мы адчулі ў залі. Задавалі шмат пытаньняў. Сярод выказваньняў прысутных трэба адзначыць меркаваньне, што беларусам неабходна змагацца супраць трох асноўных ворагаў беларускай нацыі — гэта супраць расейскай акупацыі, супраць здрадніка Лукашэнкі і пляжыць фальшывую групоўку Франака-Ціханоўскай, якая надзвычай шкодная для беларусаў. Нарэшце, беларусы Вільні тое зразумелі.

Было паведамлена таксама, чаму цяперашняя Эўропа (Эўразьвяз) падтрымлівае ілжывую міфалогію пра Ціханоўскую. Таксама з нашага боку было патлумачана аб складзе злачынства Ціханоўскай і аб матэрыялах будучага сьледзтва па гэтай асобе, тады калі Беларусь збавіцца ад акупацыі, адновіць законнасьць і дэмакратыю.

31 сакавік 2023 г.
Зянон ПАЗЬНЯК