ПРА КАМЭНТАРЫ ДА РЭПЛІКІ “ХТО ЗМАГАЕЦЦА ВА УКРАІНЕ?”

Бывае, што людзі ўважліва не прачытваюць таго, што напісана і абмярковаюць свае паняцьці і ўяўленьні, якія не вынікаюць з напісанага. Непаразуменьні часам бянтэжаць.

Тады паўтару лапідарна.

Спадарыня Івонка сказала: “Мы маем пэўныя заданьні цяпер, якія вельмі важныя для нашага народу. Па-першае, абвясьціць сьвету, што ня мы змагаемся ва Украіне, а дыктатар, які не прадстаўляе беларускі народ.”

Сутнасьць крытыкі гэтай агучанай фантазіі такая: — У сапраўднасьці ва Украіне “дыктатар” (маецца на ўвазе Лукашэнка) не змагаецца (гэта рэальнасьць). Ва Украіне якраз змагаемся “МЫ” (гэта значыць каліноўцы) разам з украінцамі супраць расейскага агрэсара.

Казаньне недарэчнасьці, што ва Украіне мы “не змагаемся”, а змагаецца дыктатар (я ўжо не кажу пра дэкламацыі спадарыні Сурвілы пра Ціханоўскую, навеяныя чытаньнем прапаганды інтэрнэт-“Свабоды”) сьведчыць пра пагаршэньне і страту арыентыраў.

26 сакавік 2023 г.
Зянон Пазьняк

ЗАЎВАГА.

Што датычць Ціханоўскай, то дзеля ўзбуджэнья сьледзтва супраць яе (якое ўзьнікне ў Вольнай дэмакратычнай Беларусі) цяпер прысутнічае разгалінаваны склад злачынства. Акрамя махлярства аб нібыта выбраньні яе на выбарах 2020 года (што з прычыны махлярскіх дзеяньняў пауплывала на эканамічнае і палітычнае пагаршэньне грамадзтва) ёсьць учынкі, у выніку якіх за лукашысцкія краты ў турму трапілі сотні людзей (здача страйкамаўцаў у выніку нечаканага “ультыматума” Ціханоўскай і завал усяго страйкавага руху, сьведамая авантура аб лукашысцкім рэфэрэндуме 27 лютага 2022 г.; у тым ліку патрабаваньне да людзей фатаграфаваць свае бюлетэні галасаваньня і адпраўляць на кантралююмую інтэрнэт-плятформу і інш.). Па сьпісах гэтых “фатаграфаваньняў” цяпер адбываюцца хапаньні і рэпрэсіі беларусаў, разьлічаныя на доўгі час.

Ніякая агентура, ніякія эўрапейскія левакі, што здалі Беларусь ды праводзяць цяпер дыскрымінацыю беларусаў у сьвеце, і ніякае “пераабуваньне” і зьмена рыторыкі прарасейскіх сілаў, якія вылезьлі ў час выбараў 2020 года і атабарыліся ў Вільні, не ўратуюць іх ад адказнасьці перад беларускім народам. Кара немінучая. Мы не дадзім ім і іхным пастухам зноў пасьля Лукашэнкі асядлаць уладу ў Беларусі. Лукашэнка 2,0 не паўторыцца.