АРХІЎНЫЯ СТАРОНКІ (2)
Неяк адчыніў “Цяжкі час” (т.2), які выдаў 13 гадоў таму, і патрапіў на лісты аб абароне беларусаў (гл. у канцы). Звычайная зьява. Мы, фронтаўцы, змагаліся за кожнага беларуса. Тых, пра каго сказана ў дакумантах, абаранялі як маглі, але хлопцы ўсё ж адпакутвалі ў лукашысцкай турме. (Хлопцы — гэта Алесь Шыдлоўскі, Вадзім Лабковіч і Вадзім Кабанчук.)
Тады мной было арганізавана некалькі мітынгаў перад будынкам ААН у Нью-Ёрку ў падтрымку гэтых вызьняў. Я нават папрасіў Рыгора Барадуліна напісаць верш у падтрымку і ў гонар гэтых нашых трох арыштаваных хлопцаў. І Рыгор напісаў такі выдатны верш (надрукаваны ў “Беларускіх Ведамасьцях”).
Некалькі разоў я хадзіў у ньюёркскі офіс Human Rights Watch з просьбай дапамагчы вызваліць з-пад арышту КГБ паэта Славаміра Адамовіча і, фактычна, змусіў іх званіць у Беларусь у “Нашу Ніву” і іншы друк, каб яны маглі даведацца больш падрабязна пра гэтага вязьня і дапамагчы ў яго вызваленьні. (У Human Rights Watch яго ўважалі за экстрэміста і не хацелі абараняць. Але ўрэшце зьмянілі думку і гэта мела значэньне. Адамовіча выпусьцілі.)
Канец гэтай гісторыі тыповы для беларусаў (тут ніякага сарказму — проста рэальнасьць). Пасьля выхаду з турмы маладзён Алесь Шыдлоўскі першае, што зрабіў, гэта нечакана абгадзіў мяне ў друку (проста так). Потым ён заняўся журналістыкай і працягваў кусаць свайго абаронцу Пазьняка. (Фронтаўцы зразумелі, што тут “вярбоўка”, нажаль так).
Не адставаў ад яго і Славамір Адамовіч (які, магчыма, нават ня ведаў, хто спрыяў ягонаму вызваленьню). Вадзім Лабковіч ажаніўся і адышоў ад палітыкі і ад Беларусі. Захаваў годнасьць і беларускую пазыцыю Вадзім Кабанчук.
Гісторыяў з абаронай беларусаў было шмат, і шмат каму ўдалося дапамагчы. Інфармацыі ў мэдыях, зразумела, было мала (бо й мэдыяў беларускіх не было), хіба што мы ў сваіх ворганах пісалі (“Беларускія Ведамасьці”, напрыклад, і інш.)
У 1996 годзе я стварыў у Нью-Ёрку “Беларускуе Выдавецкае таварыства ў Амэрыцы” (афіляванае з БАЗА), дзе выдаваў за свой кошт беларускія брашуры і “экспрэс-інфармацыі”. (Ніжэй таксама зьмяшчаю старонкі такой “экспрэс-інфармацыі”, дзе апавядаецца пра дэманстрацыі перад сядзібай ААН і пра змаганьне за вызваленьне беларускіх вязьняў)
У канцы 90-х Дацкі Гэльсінскі Камітэт вырашыў нават выдзеліць мне прэмію за маю праваабарончую працу (6 тысячаў даляраў), якая выдзялялася штогод для асобаў, што добра працавалі ў справе абароны правоў чалавека. Тады гэта для мяне былі б вялікія грошы, бо ў той час цяжкага выжываньня прыходзілася нават пешшу хадзіць па Нью-Ёрку, таму што не было чым плаціць за праезд у мэтро.
Прэмію я не атрымаў. Абураная на Менск спадарыня Кэмпіньска-Якабсон (намесьніца дырэктара Гэльсінскага Камітэта) паказала майму калегу-фронтаўцу Міколу Стоме кляўзу, якая прыйшла на мяне ў Капэнгаген зь Менску з просьбай не выдаваць прэмію. Першым у падпісантах кляўзы стаяла прозьвішча Тацьцяны Процькі.
Што зробіш: чалавек слабы. У той час гэтая “агентурка” таптала мяне па сьледу. У 1996 годзе Сяргей Навумчык, будучы са мной у эміграцыі ў Варшаве, заходзіць у кабінэт да старшыні Польскага Гэльсінскага Камітэту Марэка Навіцкага, а там (сьпіной да Навумчыка) сядзіць спадарыня Процька і палівае на мяне Марэку, на чым сьвет стаіць. Як пісаў украінскі класік, быў такі “пасаж”.
Са мнай спадарыня Процька заўсёды была такой прыхільнай, такой мілай, “в глаза заглядывала”. Потым яна яшчэ ў “Говправде” адзначылася. Цяпер — на заслужанай пэнсіі.
Некаторыя жыхары Беларусі пакаленьнямі ня могуць уцяміць, што КГБ-НКВД-МГБ-ГПУ-ФСБ і т. п. — гэта не “учреждение”, а дзяржаўная палітычная сіла, супэрпартыя, якая адначасна зьяўляецца інструмэнтам генацыду і рэпрэсіяў. Архіўныя старонкі шмат што могуць нагадаць...
16 ліпень 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК