ЗВАРОТ
Беларускі Нацыянальны Сакратарыят
Руху “Вольная Беларусь”
bielnacsak@gmail.com
ЗВАРОТ
Гэты зварот у друк да ўрадаў краін і людзей добрай волі.
Мы, патрыёты Беларусі, краіны, акупаванай расейскімі войскамі і здрадніцкай антыбеларускай клікай Лукашэнкі, якая забівае і катуе мірных беларусаў, зьвяртаемся да людзей дэмакратычных краінаў і ўрадаў.
24 лютага спаўняецца год ад нападу расейскага войска на Кіеў і пачатку татальнай варварскай агрэсіі Масквы супраць Украіны. Пуцінскі рэжым пры падтрымцы расейскага таталітарнага грамадзтва аб'явіў аб намерах зьнішчыць Украінскую дзяржаву і Украінскі народ. Бомбамі і ракетамі разбураюць украінскія гарады, жылыя дамы і паселішчы, па-зьверску катуюць мірных людзей на захопленых землях, дэманструюць сярэднявечную жорсткасьць і нянавісьць да чалавецтва, адкрыта пагражаюць вайной усёй дэмакратычнай цывілізацыі.
Украіна мужна змагаецца супраць расейскага агрэсара за сваё існаваньне, за свабоду і волю дэмакратычнага сьвету.
Колькасныя і тэхнічныя ваенныя рэсурсы расейскага агрэсара шматкроць большыя, чым колькасныя і тэхнічныя вайсковыя рэсурсы Украіны. Але гераічны Украінскі народ і яго армія ўжо амаль год стрымліваюць агрэсараў. Украінцы здольныя да перамогі, калі будуць мець неабходныя ўзбраеньні.
Цяпер крытычны час. Расея рыхтуе маштабную мабілізацыю, якая можа дасягнуць паўтары–два мільёны чалавек. Нельга дапусьціць, каб варварскі пуцінскі рэжым зьнішчыў Украіну і прымусіў Захад пагадзіцца са злачынствамі расейскага войска супраць народа Украіны.
Мы зьвяртаемся да дэмакратычнага грамадзтва і дэмакратычных урадаў адкінуць усе пабочныя супярэчнасьці і ілюзіі і тэрмінова, неадкладна, у неабходных колькасьцях і маштабах дапамагчы Украіне сучаснай зброяй дзеля абароны ўкраінскай Айчыны і ўсяго вольнага сьвету ад небясьпекі новага расейскага фашызму, агрэсіі і вайны.
19 студзень 2023 год
Зянон ПАЗЬНЯК
Павел УСАЎ
Юры БЕЛЕНЬКІ
(ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту
Руху “Вольная Беларусь”)
https://www.bns-volnayabelarus.org/post/zvarot-bns-19-01-2023