“ГЭТА БІТВА ЙДЗЕ СУСЬВЕТНА МІЖ СЬВЯТЛОМ І АПРАМЕТНАЙ”. ЯНКА КУПАЛА

Жывуць людзі, гавораць, выказваюць думкі і меркаваньні, і бывае — мала хто на тое зважае, пакуль за думкі і за словы ні пачнуць забіваць.

Скопішча зла

Пачынаючы ад акупацыі Беларускай Народнай Рэспублікі (1918 г.) і да 1953 года (сьмерці Сталіна) маскавіты, па маіх падліках, забілі агулам 1.800.000 чалавек насельніцтва Беларусі. Гэта было планавае людабойства, у матывацыі якога яўна (і найбольш схавана) была этнічная і моўная прычына. Ставілася задача ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі фізічна дэнацыяналізаваць Беларускі народ, зьнішчыць моцных і пэрспэктыўных людзей.

Тое ж самае маскавіты рабілі ва Украіне, дзе, акрамя ўсяго, утварылі штучны голад і вымарылі на сьмерць мільёны ўкраінцаў.

Потым, за часы СССР, маскавітам удалося ў значнай ступені прыхаваць свае злачынствы, абылгаць гісторыю і нахлусіць цэлым пакаленьням.

Паўраспад Савецкага Саюза ў 1991 годзе, незалежнасьць краінаў далі магчымасьць аднаўляць праўду. І тады маскавіты зноў пачалі забіваць: у Малдове, у Абхазіі, у Чачэніі, у Грузіі, у Беларусі і Украіне.

Унутраная акупацыя Беларусі, якая праз маскоўскі марыянеткавы рэжым трывае з 1994 года, зьмянілася маскоўскай вайсковай акупацыяй у студзені 2022 года і наступным нападам Масквы з тэрыторыі Беларусі на Украіну.

У гэты час Масква адкінула маску і камуфляж сваёй антычалавечай палітыкі. Забараняюць беларускія словы, кнігі, паэтаў і пісьменьнікаў, беларускія культурніцкія арганізацыі, дзеяньні культуры аб'яўляюць экстрэмісцкімі, тэрарыстычнымі, беларускіх дзеячоў кідаюць у турму, б'юць, калечаць, катуюць, ствараюць невыносныя ўмовы, з мэтай адабраньня здароўя, пазначаюць жоўтымі латкамі на адзеньні дзеля распазнаваньня і перасьледу. На сьнежань 2022 года забаронены і разбураны 1108 беларускіх грамадзкіх арганізацыяў. Фактычна, зьнішчана грамадзянская супольнасьць нацыі.

Беларускія школы ліквідаваныя, у маскавіцкіх школах настаўнікі-калабаранты абзываюць дзяцей маскоўцамі і кажуць, што яны маскавіты (рускія), адкрыта нішчаць Беларускую мову, рыхтуюць мабілізацыю, каб пад кіраўніцтвам акупантаў штурхнуць беларусаў у вайну супраць Украіны.

Украінцаў маскалі аб'явілі “ненародам”, украінскую мову — “нямовай”. Забіваюць мірнае насельніцтва Украіны, каб вызваліць тэрыторыю ад украінцаў.

Маскоўская агрэсія і вайна супраць Украіны адчыніла і наглядна паказала народам злачынную антычалавечую сутнасьць маскоўскага грамадзтва і маскоўскай імпэрыялістычнай дзяржавы як скопішча сусьветнага зла.

Патоп

Ад часу поўнага распаду панаваньня Арды манголаў (Канец XV пач. XVI ст.) Масковія захавалася як яе былая частка з азіяцкім укладам жыцьця, мэнтальнасьці і палітыкай агрэсіўнага пашырэньня, з герархіяй задушэньня і падпарадкаваньня асобы, якая ў маскоўскім соцыюме не лічылася індывідуальнасьцю.

Агрэсія і вынішчэньне акупаваных тэрыторыяў была экзістэнцыяльнай сутнасьцю Масковіі, якую (гэтак жа, як і ў Ардзе) усьведамлялі ўсе маскавіты. Цікава, што нават у XIX стагоддзі маскоўкі цар Мікалай-1 казаў, што Расея — гэта “военное государство”. (Дарэчы, ваеннай дзяржавай якраз была Вялікая імпэрыя манголаў, якія ня мелі нават сваёй пісьмовасьці). Ідэалогія агрэсіі, разбурэньня і “военного государства” сфармавалася ў маскавітаў яшчэ пад манголамі. Масковія стала пагрозай для ўсіх суседніх краін.

Самай магутнай, найбольш праўна кадэфікаванай, рэлігійна талерантнай і сацыяльна збалансаванай краінай Эўропы ў позьнім сярэднявеччы было Вялікае Княства Літоўскае (у аснове яго старажытная Беларусь).

Культура, рэлігійная дамінацыя і багацьце Вялікага Княства не давалі спакою маскоўскай ардзе. Набегі і войны чаргаваліся хвалямі. Паражэньні на полі бітвы не спынялі агрэсіі. Міналі гады і напады пачыналіся зноў.

У пачатку XVI-га стагоддзя маскоўцы, сабраўшы велізарнае войска, думалі пераламаць ланцуг няўдач і захапіць Вялікае Княства. Спроба скончылася разгромнай паразай маскавітаў у 1514 годзе пад Воршай.

Амаль праз 150 гадоў у сярэдзіне XVII-га стагоддзя, Масква, скарыстаўшы ўнутранныя супярэчнасьці ў Вялікім Княстве і аслабленьне дзяржавы, падрыхтавала генэральны план заваёвы і ліквідацыі Вялікага Княства Літоўскага, зьнішчэньня яго насельніцтва, культуры і грамадзкай структуры.

Велізарнае войска варвараў рынулася на Вялікае Княства. Вораг захапіў Вільню. Шмат гарадоў было спалена, зьнішчана разам з насельніцтвам. Маскавіты стварылі спэцыяльныя атрады, якія гойсалі па краіне, вёсках і мястэчках, палілі іх, пускалі з дымам і забівалі ўсё насельніцтва. Зь вялікімі цяжкасьцямі і стратамі Вялікае Княства, пабіла і прагнала маскавітаў. Галоўную ролю ў пазбаўленьні ад навалы сыграў сам народ. Людзі зразумелі, што вайна йдзе ня толькі за тэрыторыю, але за іх людзкое існаваньне на гэтым сьвеце. Беларусы (ліцьвіны) арганізоўваліся ў партызанскія атрады па ўсім Княстве і секлі, зьнішчалі ворага. Вайна доўжылася 13 гадоў (1654–1667) і атрымала найменьне ў гісторыі як “Патоп”.

Разбурэньне было страшнае. Маскалі забілі больш за палову насельніцтва Вялікага Княства. А ва ўсходніх ваяводзтвах Смаленскім ды Магілёўскім больш за 70 адсоткаў людзей было забіта. Гарады і вёскі ляжалі ў руінах і галавешках. Толькі праз 120 гадоў была адноўлена дапатопная колькасьць насельніцтва. Пасьля Патопу Вялікае Княства ўжо не змагло адбудаваць сваю ранейшую веліч і ў канцы XVIII-га стагоддзя, было ліквідавана сумеснымі стараньнямі імпэрскіх немцаў і маскавітаў. Беларусь трапіла пад Расею.

Другі патоп пачаўся ў канцы 1918 года — бальшавіцка-расейская акупацыя Беларускай Народнай Рэспублікі і вынішчэньне Беларусі пад выглядам пабудовы сацыялізма.

Маскоўска-бальшавіцкая мэтода забіваньня беларускага народа была, практычна, такой жа, як і ў XVII стагоддзі, — забіваньне і вынішчэньне лепшых людзей, разбурэньне беларускага этнаса праз увядзеньне калгаснага рабства, дэнацыяналізацыя соцыюма і культуры, зьнішчэньне беларускай мовы, маскалізацыя людзей, антыбеларускі тэрор.

Балшавізаваныя маскалі стварылі ў Беларусі, як піша Цімаці Снайдэр, — “зону сьмерці”, сістэму тэрора і планавую машыну расстрэлаў. Забілі безьліч людзей. У асноўным расстралялі сацыяльную, навуковую, творчую і адміністратыўную эліту і найбольш працавітых сялян. Сімвалам 2-га Патопу зьяўляюцца Курапаты.

Жорсткасьць сістэмы забіваньня і кантрольная магутнасьць расейскай структуры забіваньня, падмацаваная татальнай сацыялістычнай ідэалогіяй, была такой, што, практычна, выключала арганізаваны супраціў. Бяспраўны народ быў тады, “як лес пад сякерай” (Гусоўскі).

Трэці Патоп (які мы перажываем цяпер) пачаўся з узыходжаньня агента КГБ і маскоўскага стаўленьніка Лукашэнкі на прэзідэнцкі пасад у Беларусі. Першымі акцыямі рэжыму былі спальваньне беларускіх падручнікаў для школ, ліквідацыя і парваньне Дзяржаўнага Нацыянальнага сьцяга і ліквідацыя беларускай школы (перавод школы на маскавіцкую мову).

Гэты рэжым таксама забівае беларусаў, але ягонае разбурэньне нацыі яшчэ (пакуль што) не суправаджаецца масавымі расстрэламі. Там ня менш шкода якую ён ужо пасьпеў зрабаць у нішчэньні беларускага народа часам перавышае пагром краіны маскоўскімі бальшавікамі.

Мэтанакіравана панішчаны беларускі аўтэнтычны этнас, сацыяльна і нацыянальна разбурана, абязьлюднена і маскалізаваная беларуская вёска. Зроблена тое, чаго не пасьпелі зрабіць бальшавікі нават адабраньнем зямлі ад сялян і сістэмай калгасізацыі сяла. Шмат вёсак зьнішчана фізічна, сьцерты з твару зямлі, дажываюць у бязлюднасьці. Гэта страшэнны ўдар па нацыі, па мове, па аўтэнтычным вобразу беларуса.

З 2020-га году рэпрэсіі супраць беларусаў сталі насіць масавы тэрарыстычны характар. Тое што беларускае, нацыянальнае, тое аб'яўляецца па-за законам. Людзей, якія зьяўляюцца носьбітамі нацыянальных каштоўнасьцяў пасьлядоўна (па сьпісах) перасьледуюць, кідаюць у турму, прысуджаюць вялікія тэрміны.

Расейская акупацыя краіны, якая пачалася ў студзені 2022 года, зрабіла бяспраўе беларусаў перад рэжымам нормай сацыяльнага існаваньня. Сотні тысячаў беларусаў уцяклі за мяжу ад турмы, ад сьмерці і перасьледу, нібы адчуваючы, што вяршыня, пік тэрору яшчэ не насталі.

Усе вынішчэньні Беларусі (“патопы”) мелі адну прычыну, зыходзілі з аднаго месца — з Масквы. І ўсё больш беларусаў цяперашняга пакаленьня пачынаюць разумець, што без ліквідацыі прычыны, крыніцы і месца разбою ніколі ня будзе добрага жыцьця для людзей і спакою для нашай краіны.

Мова

Сутнасьцю чалавецтва ёсьць мова. Мова была першаснай і навучыла чалавека думаць. Нічога няма больш важнага і больш каштоўнага для людзей, чым мова.

Тое ж самае адносіцца і да нацыі. Галоўнай і найважнейшай каштоўнасьцю, якая стварае і трымае нацыю, ёсьць нацыянальная мова. Гэта ведалі ўсе сьветлыя і разумныя людзі, якія дбалі пра добрае існаваньне, разьвіцьцё і жыцьцё нацыі.

Варвары (гэта значыць людзі супольнасьці, што існуе на нізкім узроўні культурнага і сацыяльнага разьвіцьця), захапіўшы чужыя землі, рабавалі іх, але не зьнішчалі мову народаў, бо ня бачылі ў ёй каштоўнасьці і небясьпекі для свайго панаваньня.

Гісторыя, аднак, спарадзіла фэнамэн “асьвечанага варварства”, якое вылілася ў квінтэсэнцыю сусьветнага зла.

Гэта той выпадак, калі ў варварскую імпэрыю стэпу (арду) быў унесены элемэнт цывілізацыі.

Першы этап адбываўся ў X–XII стагоддзях, шляхам экспансіі Хрысьціянства (праваслаўя) з Кіева і Полацка ў Фінна-Вугорскія землі на ўсходзе. Туды была занесена старабаўгарская царкоўная мова, пісьмовасьць і заехалі першыя Кіеўскія, Полацкія і Смаленскія “піянеры-каланізатары”. Праваслаўе было асноўным чыньнікам каланізацыі земляў варварскага ўсходу. Аднак, у XIII стагоддзі ўсе яны прымусам увайшлі ў вялікую Мангольскую імпэрыю, рэалізаваліся потым пад назовам Масква (па найменьню ракі і мясцовай народнасьці) і стварылі Маскоўскае княства. Масква, будучы пад манголамі, і населеная Фінна-Вугорскімі народамі, пераняла сістэму і сэнс улады Мангольскай імпэрыі варвараў.

Кіеўска-Полацкая каланізацыя Усходу цывілізацыйна і палітычна правалілася. Замест пашырэньня цывілізацыйнага ўплыву на Ўсход, у выніку ўтварыўся варварскі маскоўскі клон арды — вораг Кіева, Смаленска, Полацка і ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Ад цывілізацыйнай прышчэпкі засталася толькі афіцыйная (насельніцтва гаварыла па-фінску) моцна рэдукаваная стара-баўгарская мова і пісьмовасьць заснаваная (праз Хрысьціянства) на гэтай жа мове. (Пазьней імпэрцы назавуць яе “царкоўна-славянскай” і нават яшчэ мудрэй — “древне-русской”.)

Фінна-Вугорскі субстрат апрыёры паўплываў на расавыя прыкметы і псіхалагічныя асаблівасьці маскавітаў. Але ідэалогія агрэсіі і мэнтальнасьць нянавісьці да ўсіх на сьвеце сфармавалася тут, безумоўна, пад уплывам нявольніцтва і 250-гадовага панаваньня Мангольскай імпэрыі.

Другі этап зьнешняга прышчапленьня цывілізацыйнай формы маскавітам адбыўся ў XVIII-м стагоддзі, і зрабілі гэта цывілізаваныя немцы. Пад уплывам немцаў Масковія назвала сябе Расеяй і пераўтварылася ў Расейскую імпэрыю, пачала прыдумваць сабе імпэрскую гісторыю, ствараць імпэрскую літаратуру і абгрунтоўваць ваеннае пашырэньне Расеі як сістэму асаблівай палітыкі, накіраванай на зьмяненьне адносінаў у сьвеце. Зьявілася імпэрская міфалогія аб асаблівай ролі Расеі і аб апраўданьні агрэсіі.

Тут яшчэ адзначу, што як пры Пятры Шалёным, так і пры Кацярыне 2-й імпэрыя стваралася шляхам фальсіфікацыі гісторыі і шляхам варварскага абкультурваньня імпэрыі. Чаго варты той факт, што безьліч старажытных рукапісаў былі папраўленыя пад імпэрскую міфалогію, перапісаныя, а арыгіналы зьнішчаны. Сутнасьць фальсіфікацыяў — схаваць гнасеалагічныя сьведчаньні тоеснасьці маскавітаў з фінна-вуграмі і татара-манголамі і вывесьці цягласьць імпэрыі з Кіеўскай Русі.

Падкрэсьлю яшчэ раз: абкультурваньне маскавіцкіх земляў у XVIII–XIX стагоддзях і некаторыя зьнешнія цывілізацыйныя формы ў Расеі, практычна, не закранулі перанятую ў Арды сістэмную псіхалогію стэпу і нявольніцкія паняцьці аб ролі асобы, улады і дзяржавы ў расейскім шчарбатым соцыюме. Зьявілася новае імпэрскае ўсьведамленьне соцыюма, але засталіся варварскія паняцьці аб зьмесьце яго існаваньня.

Імпэрскі тып асобы, які зьявіўся ў Расеі, па зьнешнім выглядзе ўжо быў без халата, без кушака, армяка і бяз доўгай барады, хадзіў у эўрапейскім адзеньні, часам пры гальштуку, але ўнутрана застаўся тым жа варварам, злодзеям і гвалтаўніком, як і раней, толькі варварскія паняцьці яго ўжо былі ўзьвялічаны ўсьведамленьнем прыналежнасьці да сваёй вялікай імпэрыі. Асьвечаны тып маскоўскага варвара ў новых імпэрскіх варунках ужо па-новаму, па-імпэрску меркаваў, што, захапіўшы тэрыторыю, трэба зьнішчаць дзеля імпэрыі ня толькі захопленых чужых людзей, але найперш мову і культуру гэтых людзей, набыткі іхняга жыцьця і духа, архітэктуру, пісьмовасьць, кнігі і мастацтва, рэлігію і традыцыі, крыніцы працы і багацьця, абзываць, хлусіць, ілгаць, прыніжаць гэтых людзей, каб яны самы перасталі сябе паважаць.

Сімбіёз дзікунства і ўсходняга варварства з формай эўрапейскай культуры спарадзіў у Расеі антычалавечую зьяву, якую ня ўмее рэальна зразумець Эўропа і ўвесь заходні сьвет, бо ў адрозьненьні ад Расеі форма і зьмест у заходняй культуры павязаныя разам. Эўропа іншая па сутнасьці соцыюма і па вобразу асобы — заснавана на законе і на прызнаньні каштоўнасьці чалавека.

Некаторыя інтэлектуалы на Захадзе, праўда, усё ж разумелі дзікую і цёмную прыроду Расеі і нават пісалі пра гэта ў фігуральных уяўленьнях. Але гэта нічога не зьмяніла.

Маскоўская акупацыя Беларусі ў 2022 годзе і агрэсія супраць Украіны ў чарговы раз прыадкрылі заслону і паказалі сьвету антылюдзкую сутнасьць маскоўскага грамадзтва і злачынную прыроду расейскага імпэрыялізму.

Сумняваюся, аднак, што і на гэты раз заходні сьвет зробіць для сябе нейкія каардынальныя высновы. Але беларусам, бачачы, што вытвараюць маскоўскія акупанты ў Беларусі супраць беларусаў і ва Украіне супраць украінцаў, адпаведныя высновы трэба рабіць усім, і як найхутчэй, асабліва тым, хто йшчэ быў пад расейскай хлусьнёй і не задумваўся над існаваньнем.

Вернемся аднак да галоўнай каштоўнасьці людзей — да мовы. Ведаем, што першаснай лучнай асновай супольнасьці была мова. Пазьней зьявілася грамадзкае ўсьведамленьне народнай агульнасьці і нацыянальная ідэалёгія, пагрунтаваная на адзінстве мовы, тэрыторыі, гісторыі, традыцыяў і культуры, дзе мова была галоўнай каштоўнасьцю, якая яднала сваіх людзей і аддзяляла іх ад чужых.

Акупацыйная палітыка цывілізаванага варварства Расеі была галоўным чынам накіраваная на ліквідацыю мовы акупаванага народа, каб зьнішчыць падзел і завалодаць без астатку чужым нацыянальным рэсурсам. У Расеі была выпрацавана шырокая канцэпцыя зьнішчэньня нацыянальнай мовы: ад ідэалягічных хімэр тыпу “дружбы народаў”, “славянскага брацтва”, “пабудовы камунізму” і да рэпрэсіўнага закрыцьця нацыянальных школаў, друку, нацыянальнай літаратуры і лапідарнага перасьледу людзей за нацыянальную мову.

Злачынствы маскавітаў супраць беларускай мовы, якія яны зьдзейсьнілі, ёсьць такія вялікія, што часам зьдзіўляешся, як беларус яшчэ існуе. Але прыйдзе час, і за ўсе зьверствы супраць Беларускай мовы маскавіт адкажа на Судзе народаў, якія асудзяць імпэрыю зла.

Усё стагоддзямі нарабаванае маскоўцамі ў Беларусі ў барацьбе зь беларускай мовай, усе архівы, бібліятэкі, музэі, украдзеныя ў беларусаў, уся Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага і ўсе кнігі Францыска Скарыны — усё будзе рэквізавана ў захопнікаў і вернута беларусам у Беларусь.

Пасьля ўсяго зьверства, што пры ўсіх уладах учыніў маскаль супраць Беларускай мовы, гэтае маскоўскае разбурэньне будзе залічана ў стан крымінальных злачынстваў супраць нацыянальнай мовы і культуры народаў. Будзе пастаўлена пытаньне ў Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў аб прызнаньні злачынства супраць нацыянальнай мовы злачынствам супраць чалавецтва ў статусе міжнароднага заканадаўства.

Адраджэньне Беларускай мовы ў вольнай Беларусі стане аднаўленьнем справядлівасьці пасьля маскоўскага крыміналу супраць Беларускай нацыі і будзе адлюстравана ў заканадаўстве па адраджэньні культуры.

Дэкаланізацыя і Адраджэньне маглі б адбывацца па ўжо адпрацаванай у сьвеце сістэме. Этапы яе наступныя.

Распаўсюд акупацыйнай мовы, за якой (мы ведаем) ідзе агрэсія, акупацыя і вайна, мат і безкультур'е, павінен быць спынены і ліквідаваны.

Вывучэньне маскоўскай акупацыйнай мовы будзе магчымае ва ўнівэрсітэтах як факультатыўны прадмет і на спэцыяльных факультэтах як абавязковы прадмет для падрыхтоўкі спэцыялістаў па архівах і гісторыі акупацыі.

У школе акупацыйная мова вывучацца ня будзе. Яна там непатрэбная, тым больш, што ў пэрспэктыве (пасьля распаду імпэрыі) маскоўская мова можа вырадзіцца ў мёртвую мову, цікавай толькі для вучоных і архівістаў.

Зло, якое прынесла беларусам акупацыйная расейская мова, нават цяжка абмераць, настолькі яно аб'ёмнае. З маскоўскай мовай ішла акупацыя, вынішчэньне людзей і нацыянальнай культуры. Русіфікацыя пашкодзіла думаньне і рэалізацыю здольнасьцяў беларусаў, нэгатыўным чынам уплывала на эканоміку. З русіфікацыяй у галовы беларусаў упіхвалася і насаджалася дэфэктная расейская літаратура, заснаваная на імпэрскай нянавісьці да народаў, на адмоўных, шчарбатых, скасабочаных вобразах без духоўных ідэалаў, без разуменьня і павагі да асобы і чалавечага шчасьця, пагрунтаваная часта на паўкрымінальным маскоўскім “фальклоры” пра разбойнікаў ды бандзюганаў, дзе галоўнымі героямі ў якасьці станоўчых вобразаў былі “дурак”, “балда” ды гультай на печы.

Усё гэтую нізасьць расейцы штурхалі ў галовы дзецям акупаванай краіны.

Мат

Велізарную шкоду для разьвіцьця асобы і фармаваньня розуму стварала для беларусаў расейская мова праз так званы расейскі “мат”. “Мат” — гэта сурагатная моўная зьява, якая адлюстроўвае дэградацыю асобы і грамадзтва і выяўляецца ў лексічнай неадпаведнасьці мовы пры ацэнцы рэальных падзей і паведамленьняў. Гэта набор грубых слоў, выслоўяў і выклічнікаў, якія замяняюць фармулёўкі думак. Чалавек гаворыць матам, бо ня можа рацыянальна сфармуляваць думку і выявіць яе словамі існуючай мовы. У выніку ён выказвае толькі эмацыйныя словы-знакі, не зьвязаныя са зьместам, якія абазначаюць яго псіхічны стан і адносіны да рэчаіснасьці на знакавым умоўным узроўні. Гэта прота-думкі, якія ня здолелі стаць думкамі і сфармулявацца ў мове.

Падобная знакавая сістэма камунікацыі існуе ў жывёльным сьвеце. Калі варона трывожна крычыць “кар”, ці калі качка выдае сваё “крак”, — уся чарада ўспрымае знак і ўздымаецца ў паветра.

Расейская сурагатная мова “мат” выконвае прыблізна падобную функцыю — камунікацыі на ўзроўні эмацыйных знакаў.

Паўтаруся: тут відавочная праява дэградацыі думаньня, адыход ад рацыё, адыход ад рацыянальнай мовы.

Паразітная мова “мат” ёсьць на зямлі толькі ў расейцаў. У прынцыпе нешта падобнае магло б існаваць у моўнай культуры як паразітнае адхіленьне, бо паразітызм у цэлым як шкодная зьява распаўсюджаная ў прыродзе і ў соцыюме. У маўленьні ён ёсьць таксама. Калі людзі, напрыклад, бяз перастанку і недарэчы ўжываюць неадэкватна словы-паразіты тыпу “так сказаць”, “э-э”, “клёва”, “абалдзенна” і г.д. Аднак шкоднасьць расейскай сурагатнай мовы “мат”, якая навязваецца акупаваным народам, ня толькі ва ўплыве на дэградацыю розуму і маўленьня. У мове “мат” выяўляецца квінтэсэнцыя маскоўскай антылюдзкай злабы і нянавісьці да чалавека, выказаная ў крайне грубым, нізкім і абразьлівым для людзкай годнасьці сэнсе і ў вульгарнай форме.

Цэнтрам зла мовы “мат” (адкуль і назоў) ёсьць подлае зьневажэньне маці і вобразу жанчыны. Такое магло зьявіцца толькі ў ардзе вандроўнікаў, у стэпе і на ўсходзе, дзе, як правіла, не шануюць жанчын.

Для беларусаў, у якіх існуе мэнтальны культ маці, дзе вобраз і слова “маці” зьяўляецца, фактычна, сакральным паняцьцем, адлюстраваным у паэзіі і публіцыстыцы, для беларусаў — расейская мова “мат” выглядае кашчунствам.

Карыстаньне “матам”, дарэчы, было забаронена ў БССР маральнымі і юрыдычнымі нормамі грамадзтва (звычайна спасылаліся на артыкул 201 Крымінальнага Кодэксу БССР “Хуліганства”).

І цяпер што мы маем у Беларусі на выхадзе ў выніку дзікай расейскай русіфікацыі, у выніку 28-мі гадоў прамаскоўскага рэжыму хама і прадажных грубых людзей! Маскоўскі бруд шлюзам плыве, сьвішча ў Беларусь.

У 2000-м годзе да ўлады ў Расеі прыйшоў КГБ. У 2001 годзе ў Пецярбургу Пуцін у сваім выступе так і сказаў (цытую па памяці): “Задача, пастаўленая КГБ СССР, выкананая. Улада ў нашых структур.”

У гэты час у расейскую ўладу, у палітыку, у бізнэс, культуру, у інфармацыю і мастацтва хлынула гэбісцкая агентура і зьвязаны зь ёй крымінальны сьвет. Яны прынесьлі свой слэнг у палітыку і прапаганду, на тэлебачаньне і ў шырокі быт. Расейскі “мат” загучэў на ўвесь голас, замяняючы паступова сабой расейскі “язык”.

Маскоўская агрэсія супраць Украіны высьветліла рэальнае становішча. Перахоп тэлефонных размоваў маскоўскіх акупантаў-вайскавікоў з жонкамі, дзецьмі і бацькамі засьведчыў такое падзікунства адносінаў, якіх яшчэ ня ведаў сьвет. Гучыць напоўніцу толькі расейскі “мат”, які наглядна, грунтоўна і агрэсіўна выціскае з гаворкі расейцаў “расейскі язык”. Практычна, “языка” ўжо не чуваць. Гучаць толькі мат.

Маральная дэградацыя расейскай інтэлігенцыі, расейскіх вайскавікоў, бандытаў, катаў, галаварэзаў, дзеячоў гнілога расейскага мастацтва, ілгуноў і гвалтаўнікоў і дэградацыя расейскай мовы — тут усё ў адным аб'ёме, гэта ўзаемазьвязана.

Вяртаньне ў мову

Небясьпека, аднак, у тым, што расейскае маральнае выраджэньне праз сурагатную мову “мат” — гэта ёсьць заразная зьява для акупаваных грамадзтваў. Спыніць распаўсюд заразы можна праз абмежаваньне кантактаў і праз прафілактыку заражэньня, выключэньне з ужытку найперш “языка” як асновы расейскага “мату”. Адпаведна павінна вярнуцца беларуская мова і беларускае здаровае маральнае выхаваньне маладога пакаленьня.

Тут праблема нескладаная, але патрабуе здаровага сэнсу і часу. Дэрусіфікацыя ў вольнай Беларусі запатрабуе мінімум аднаго-двух пакаленьняў (гэта значыць ад 10 да 20 гадоў).

Акупацыйная русіфікацыя, асабліва пры хамскім рэжыме, пранікла вельмі шырока ў беларускае грамадзтва. У выніку па-расейску ў Беларусі гавораць ужо не маскалі, ня ворагі чалавецтва (якіх тут ня шмат), а вымушаны гаварыць самыя беларусы, якія аднак лічаць сябе беларусамі, шануюць сваю зямлю, радзіму і ведаюць, што іхняя нацыянальная мова — беларуская.

У гэтым становішчы адразу выключыць з ужытку расейскую мову нельга, бо яна існуе па факту. Расейская мова ў сістэме беларускага Адраджэньня мусіла б мець зацьверджаны законам часовы статус пераходнай мовы на дастаткова доўгі дастасаваны для людзей тэрмін, каб не ствараць нязручнасьцяў для самых беларусаў і дзяржаўных структур.

Аднаўленьню нацыянальнай мовы паспрыяе вернутая законная Канстытуцыя 1994 года. Выбраны парлямант у гэты час прымае палажэньне пра часовы пераходны статус расейскай мовы.

Вяртаньне да роднай беларускай мовы будзе адбывацца галоўным чынам разам з ростам пакаленьняў, якія скончаць беларускія школы і ўнівэрсітэты. Такім шляхам адраджэньня ў 20–30-х гадах XX-га стагоддзя ішла анямечаная Чэхія (пра якую, дарэчы, Карл Маркс у свой час памылкова пісаў, што ёй — канцы, што чэхі не адновяцца). Такім шляхам ішоў Казахстан і іншыя раней акупаваныя краіны.

У ідэальным разьліку пэрспэктывы адраджэньня Беларусі і беларускай мовы вельмі добрыя. Добрыя найперш таму, што маем вельмі харошы, кемлівы, працавіты і адукаваны Беларускі народ. Немалаважна і тое, што наша мова беларуская вельмі прыгожая, багатая, літаратурна і фальклорна разьвітая, і шмат выйграе ў параўнаньні з кандовай, грувасткай акупацыйнай расейскай мовай, якая цяпер, як мы ўжо паказалі, выраджаецца ў “мат”.

Для ажыцьцяўленьня беларускіх ідэалаў адраджэньня нацыі, мовы і культуры трэба збавіцца ад расейскай акупацыі, ад антыбеларускага рэжыму расейскіх марыянэтак і ўсімі сіламі дапамагаць украінцам разьбіць расейскага мордэра, каб разам пазбыцца ад маскоўскай навалы.

Усё гэта магчыма. Пачнем з простага і найважнейшага — гаварэм па-беларуску.

14 сьнежань 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК