ПРЫЕЗД КРАМЛЁЎСКАГА ГНОМА АЛЬБО АНТЫЛЮДЗКІЯ НАМЕРЫ І ДЗЕЯНЬНІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ

Галоўныя вынікі прыезду маскоўскага гнома ў Беларусь (візіт Пуціна 19 сьнежня 2022 г.) і пазьней працягу перамоваў з Лукашэнкам у Пецярбурзе 26–27 сьнежня — гэта інтэнсіфікацыя вынішчэньня нацыянальных прыкмет Беларускага народа, рэпрэсіі супраць тых беларусаў, якія маюць патрыятычныя пазыцыі, інтэнсіфікацыя паглынаньня Беларусі ў Расею і (увага!) прадстаўленьне Лукашэнку магчымасьці выкарыстоўваць расейскую ядзерную зброю і нанясеньне ядзернага ўдару па Украіне.

Ніякага камюніке не было прынята (між бандытамі тое ня робіцца). Але пазьней было паведамлена пра аб'яўленьне 2023 года ў Беларусі годам “рускава языка” і аб тым, што яны (цытата) “дамовіліся весьці падрыхтоўку экіпажаў баявых самалётаў арміі Беларусі, якія ўжо пераабсталяваныя “для магчымага прымяненьня боепрыпасаў паветранага базаваньня з спэцыяльнай баявой часткай”. Гэта значыць, што размова йдзе аб атрыманьні ў рэжымнае карыстаньне для Лукашэнкі самалётаў здольных вазіць і выкарыстоўваць “зброю спэцыяльнага прызначэньня” (гэта зн. атамную), якую можа перадаць Расея.

Выснова. Перасьлед за Беларускую мову яшчэ больш узмоцніцца. Беларусаў будуць хапаць яшчэ больш інтэнсіўна, прыдумваючы ім “экстрэмізм”, “тэрарызм”, “дзейнасьць супраць дзяржавы” і т.п., што прадугледжвае доўгі (да 25 гадоў) турэмны тэрмін зьняволеньня.

Толькі што (як у 1930-х гадах) лукашысцкія нішчыцелі назвалі нацыяналізм злачынствам і кваліфікавалі юрыдычным тэрмінам. Пачаліся суды за беларускі “нацыяналізм”.

Ужо сьпешна падрыхтаваныя ў поўным сэнсе крымінальныя папраўкі ў Закон аб грамадзянстве, згодна якіх будуць пазбаўляць беларусаў беларускага грамадзянства па дзясятках прыдуманых абвінавачваньняў і артыкулах. У тым ліку, напрыклад, за пагрозу ў дачыненьні да службовай асобы альбо за “паклёп на прэзыдэнта”. (У Беларусі па закону не існуе прэзідэнта. Па факту прэзыдэнтам сябе называе Аляксандар Лукашэнка).

Зазначу, што згодна Закона аб грамадзянстве, падрыхтаваным дэпутацкай Апазыцыяй БНФ і прынятым Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня, ніхто ні пры якіх абставінах ня можа грамадзяніна Беларусі, беларуса па паходжаньні і па нараджэньні пазбавіць грамадзянства яго краіны. (Гэта, калі па-людзку. Па-бандыцку, — як бачым, зь людзьмі можна не лічыцца). Адбываецца грубая і маніпулятыўная палітыка генацыду Беларускай нацыі, звярстаная ў Маскве.

Пасьля менскага візіту Пуціна і потым перамоваў з Лукашэнкам у Пецярбурзе трэба ведаць, што з двух псіхапатаў і злачынцаў ужыць ядзерную зброю супраць людзей рэальна можа адзін зь іх — гэта Лукашэнка. Варыянт ядзернай вайны рукамі менскай марыянэткі ў Маскве ўжо праглядаецца. Пуцін на ўсялякі выпадак няўклюдна рыхтуе сабе прымітыўнае алібі, каб ацаліць Расею і стаць назыўным пераможцам у вайне, як ён, магчыма спадзяецца, пасьля таго калі Беларусь і Украіна будуць чужымі рукамі ператвораны ў ядзерны друз.

Ну, трэба ж задумацца — навошта Лукашэнку спэцсамалёты з расейскім ядзерным зарадам? Навошта? Ружжо на сцэне павінна ж выстраліць. І Пуцін тады, як быццам, ні пры чым. Гэта, маўляў, той вар'ят стрэльнуў. Па ім лупіце.

Пускавым рычагом такога намеру можа стаць правакацыя расейскага войска з тэрыторыі Беларусі.

Падазрэньне выклікае тое, што цяпер гэтак жа, як увесь час перад 24 лютым 2022 года, дружна амаль у адзін голас чуецца хор, што, маўляў, нападу на Кіеў зь Беларусі ня будзе. Дзіўнае гуканьне. І гэта ўсё насуперак таму, што Беларусь адкрыта шпігуюць расейскай ваеншчынай, лятаюць маскоўскія самалёты, едуць цягнікі з жывой сілай, машынамі і бронетэхнікай, швэндаюцца маскоўскія генэралы і халуі зноў плануюць сумесныя з маскалямі “вучэньні”. Беларусы супраць вайны. Беларуская армія на хоча ваяваць супраць украінцаў. Лукашэнка баіцца народа. Але пры выбуху атамнай бомбы гэта ўсё страціць значэньне.

Падсумую. Прыезд крамлёўскага гнома ў Менск і скасабочаныя яго паводзіны на сустрэчы ў Піцеры зьвязаныя з намерамі далейшага зьнішчэньня Беларускай нацыі і падрыхтоўкай бясьпечнага для Расеі варыянту лякальнай ядзернай вайны на тэрыторыі Украіны і Беларусі. Трэба ўважліва сачыць за бандытамі.

10 Студзень 2023 г.

Зянон Пазьняк