ПА СУТНАСЬЦІ ПАЛІТЫКІ ІЛЖЫ
Апошнім часам “дэмсмі” падхапілі выказваньне С. Ціханоўскай аб тым, што яна, аказваецца, “прэзыдэнт-элект” (ёй патлумачылі значэньне гэтага слова) і што яе, маўляў, у 2020 годзе “выбралі” на гэтага “электа”.
Пакуль што тут пустая фраза. Аднак калі ілжывае вызначэньне трапляе ў плынь прапаганды, яно робіцца зьявай палітычнага ашуканства, існаваньне якой ёсьць шкодным для грамадзтва як у сфэры палітыкі, так і ў сістэме ўлады (рэжым Лукашэнкі — тыповы прыклад).
Такая зьява цягне за сабой адказнасьць. Бяда толькі ў тым, што разбуральная дзейнасьць палітыкі ілжы, як правіла, шматкроць перавышае меры адказнасьці, якія ў такіх выпадках мала значаць у параўнаньні з нанесенай шкодай. (Ізноў жа, тыповы прыклад, — існаваньне Лукашэнкі.
Выбары 2020 года былі сфальсіфікаваныя з абодвух бакоў. Прэзыдэнт ня быў выбраны, бо няма (не засталося) аснованай на законе дакумэнтацыі аб выбраньні і аб колькасьці галасоў.
У выбарах удзельнічала пяць асобаў. Малаверагодна, каб у той сітуацыі Лукашэнка набраў больш за палову падтрымкі.
Тое самае адносіцца і да С. Ціханоўскай. (Рэальна, максімум, што яна магла набраць, — гэта 30–35 адсоткаў). Тым ня менш абодва бакі — лукашысцкі і агентурна-газпрамаўскі — выступілі з фальсіфікатарскімі сцьвярджэньнямі. Лукашэнка заявіў пра 80 адсоткаў падтрымкі, спасылаючыся на пратаколы камісіяў, якія нельга праверыць, бо бюлетэні былі зьнішчаныя на другі дзень пасьля галасаваньня.
Газпрамаўска-агентурная група ў сваёй фальсіфікацыі абапіралася толькі на эмоцыі і на фантазіі аб перамозе і абмежавалася прыдумкай для Ціханоўскай палітычнага тытула, назваўшы яе “лідэрам” дэмакратычных сіл (“лідаркай” па збочанай тэрміналогіі)
Цяпер, калі агентурная група разам са сваёй падапечнай зайшла ў палітычны тупік,“групоўцы” раптам пачалі сцьвярджаць, што два гады таму Ціханоўская “перамагла” на выбарах і зрабілася цяпер “прэзыдэнтам-электам”.
Жаласна і бездапаможна гэта ўсё выглядае.
І тым ня менш адказнасьць за фальсіфікацыю існуе, і ніколі ня будзе адкінута, бо вынікі ілжы не бываюць станоўчымі і вымяраюцца мерай шкоды, адпаведна — мерай адказнасьці і пакараньня.
21 лістапад 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК