ЛІСТЫ ЎКРАІНЦАМ АБ СТАНОВІШЧЫ БЕЛАРУСІ

Для сумеснай барацьбы народаў супраць расейскіх акупантаў (цяперака і ў пэрспэктыве) важна правільнае вызначэньне статус-кво краінаў, што трапілі пад агрэсію нападнікаў.

У гэтай сувязі для Беларусі неабходна адзначыць стан акупацыі краіны, інвазію чужога войска і выкарыстаньне ім беларускай акупаванай тэрыторыі для агрэсіі супраць іншых краін (канкрэтна — супраць Украіны).

Важна тое, што расейскую агрэсію і вайну супраць Украіны не падтрымлівае бальшыня Беларускага народа.

Асобна трэба падкрэсьліць нелегітымнасьць і непрызнаньне ў дэмакратычным сьвеце ўлады Лукашэнкі з прычыны грубай фальсіфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года. Таксама трэба ўлічыць засьведчаную экстрэмісцкімі антызаконнымі дзеяньнямі, рэпрэсіямі і рыторыкай антынацыянальную пазыцыю Лукашэнкі супраць народа Беларусі, супрацоўніцтва яго з рускімі акупантамі і фактычнае выкананьне ім і ягоным рэжымам ролі акупацыйнай адміністратацыі ў Беларусі.

Беларускі Нацыянальны Сакратарыят руху “Вольная Беларусь” ужо ў пачатку акупацыі зьвяртаў увагу на гэтае становішча, апэлюючы да Міжнароднага Суду ў Гаазе, да структураў ААН, Эўразьвязу і ЗША, усьведамляючы таксама палітычныя складанасьці з існуючым міжнародным заканадаўствам. Тым ня менш знойдзена падтрымка і разуменьне ў міжнародных структурах.

Аднак зразумела, што сітуацыя з акупацыйным статусам Беларусі найбольш датычыць Беларусі і Украіны, правільная кваліфікацыя існуючага становішча будзе ўплываць на характар і мэтады сумеснага змаганьня супраць акупантаў.

У прынцыпе вызначыць кваліфікацыю акупацыйнага становішча дзяржавы і прыняць рашэньне можа адна асобная краіна, калі тое не пярэчыць заканадаўству і адпавядае яе інтарэсам у барацьбе супраць агрэсіі агульнага ворага. Такім чынам, цалкам стасуючыся з правам, Украіна прызнала акупаванай тэрыторыяй змагарную Ічкерыю (Чачэнію).

27-га кастрычніка гэтага году Беларускі Нацыянальны Сакратарыят Руху “Вольная Беларусь” падрыхтаваў лісты з абгрунтаваньнем прызнаньня цяперашняй Беларусі акупаванай дзяржавай і накіраваў ва Украінскія ўладныя ворганы прыняцьця рашэньняў. Пра гэта праінфармаваныя таксама Міністэрства Замежных справаў Украіны і амбасадар Украіны ў Менску.

Нам вядома, што ва ўкраінскіх палітычных колах абмяркоўваюць гэтае беларускае пытаньне, выказваюць розныя погляды. Мы атрымалі ўжо некалькі прыхільных лістоў у адказ. Напрыклад “Урядовий контактний центр” зрабіў сяброўскі рух і паведаміў нам, што:

“Ваше звернення (лист) надіслано на розгляд до Секретаріату Кабінету Міністрів України за номером вих. № 3564-22 від 28.10.2022 р.

Одночасно інформуємо, що електронна пошта 1545@ukc.gov.ua, якою Ви скористалися, належить державній установі “Урядовий контактний центр” як юридичній особі публічного права та не призначена для отримання звернень до Верховної Ради України, Офісу Президента України, Кабінету Міністрів України, інших державних органів.”

(Дзякуем. Слава Украіне!)

Таксама прыхільны сяброўскі ліст мы атрымалі з Міністэрства Замежных Справаў. Нам напісалі, што:

“Міністерство закордонних справ України повністю поділяє думку руху “Вільна Білорусь” про те, що війну, яку Російська Федерація веде проти України за сприяння адміністрації Лукашенка, не підтримує основна частина Білоруського народу.

Питання юридичного визнання Білорусі окупованою державою лежить поза межами компетенції МЗС України.

Україна високо цінує зусилля усіх демократичних білоруських сил, які направлені на допомогу нашій державі у боротьбі з російським агресором. Дякуємо вам за небайдужість та допомогу Україні у цей надзвичайно важкий час нашої історії. Слава Україні! Жыве Беларусь!”

Што асабліва каштоўна для нас, беларусаў і ўкраінцаў, што мы размаўляем і пішам кожны на сваёй мове і нам, практычна, не патрэбны перакладчык.

Ніжэй мы даем вытрымкі тэксту з абгрунтаваньня статус-кво Беларусі як акупаванай дзяржавы. (Падпісантамі тэксту адзначаны Павел Усаў, Зянон Пазьняк, Юры Беленькі)

“Рух “Вольная Беларусь” падтрымлівае намер ўкраінскага палітычнага кіраўніцтва аб прызнаньні Беларусі акупаванай дзяржавай, лічыць неабходным і прапануе заканадаўча аформіць палажэньне гэтай пазыцыі.

Заўвага. Пад акупацыяй разумеецца заняцьце (часовае) узброенымі сіламі агрэсіўнай дзяржавы тэрыторыі, якая ёй не належыць, без атрыманьня суверэнітэту над ёй.

Палітычная сітуацыя, якая склалася ў Беларусі і вакол яе, амаль цалкам адпавядае такой зьяве, як зьнешняя акупацыя. Тыя крокі, якія сёньня рэалізуе адміністрацыя Лукашэнкі, не адпавядаюць жыцьцёвым інтарэсам Рэспублікі Беларусь і яе народу. Больш таго, палітыка гэтай адміністрацыі зьнішчае суверэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі, ператварае яе ў інструмент агрэсіўнай палітыкі Крамля ў дачыненьні да Украіны і заходніх суседзяў.

Акупацыя Беларусі адбылася ня толькі ў выніку вайсковага ўварваньня Расейскай Федэрацыі і заняцьця тэрыторыі краіны, але таксама праз доўгатэрміновы працэс унутраннай акупацыі, праз узьдзеяньне на залежнае ад Масквы кіраўніцтва Беларусі і асобу Аляксандра Лукашэнкі, праз рэалізацыю мэтадаў гібрыдных уплываў, палітычнага і эканамічнага ціску праз палітыку саюзнй інтэграцыі ды правакаваньне крызісаў, што ў выніку прывяло да ўвядзеньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі і ўцягненьне правячага рэжыму ў расейскую вайну.

На сёньняшні дзень можна канстатаваць:

1. Адміністрацыя Лукашэнкі не зьяўляецца канстытуцыйнай прадстаўнічай уладай беларускага народу, ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць выключна абапіраючыся на падтрымку Расейскай Федэрацыі і на рэжым унутранага тэрору;

2. Адміністрацыя Лукашэнкі не ажыцьцяўляе суверэннага кантролю над тэрыторыяй Рэспублікі Беларусь, якая цалкам выкарыстоўваецца для вайскова-стратэгічных патрэб Расейскай Федэрацыі ў мэтах ажыцьцяўленьня ваенных дзеяньняў у дачыненьні да Украіны;

3. Са студзеня 2022 года на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца войскі Расейскай Фэдэрацыі, мэта якіх была ня толькі ў ажыцьцяўленьні нападу на Украіну, але і ўтрыманьне геапалітычнага кантролю над Рэспублікай Беларусь. Ад 10 кастрычніка 2022 года адміністрацыя Лукашэнкі заявіла пра разгортваньне Рэгіянальнай Групоўкі Войскаў, якая прадугледжвае ўвядзеньне ў Беларусь расейскага ваеннага кантынгенту колькасьцю каля 9 тыс., чалавек (рэальна больш). Гэта азначае сталую наяўнасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі краіны, а таксама далейшую інтэграцыю беларускага войска ў расейскую вайскова-палітычную прастору.

Можна канстатаваць, што працэс акупацыйнай прысутнасьці РФ у Беларусі завяршыўся. Рэжым Лукашэнкі выконвае выключна функцыі па забеспячэньні ўнутранага парадку і ў ролі акупацыйнай адміністрацыі кіруе тэрыторыяй праз рэжым надзвычайных дзеяньняў, дзеля эканамічнай стабільнасьці, а таксама дзеля матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня расейскай вайсковай прысутнасьці.

Прызнаньне Беларусі акупаванай дзяржавай азначае цэлы шэраг палітычных і інфармацыйных канструктыўных наступстваў для Беларусі і для беларускага народу.

1. Расея вядзе вайну ня толькі супраць Украіны, але і супраць Беларусі. Беларусь, у выніку гібрыдных палітычных дзеяньняў РФ, гэтую вайную прайграла;

2. Асэнсаваньне часткай насельніцтва Беларусі таго факту, што палітыка Расеі мае дэструктыўнае значэньне для народу Беларусі і краіны. Папярэднія інтэграцыйныя працэсы мелі на мэце выключна падпарадкаваньне Беларусі Расеі, знішчэньне яе незалежнасьці і далейшую русіфікацыю і асіміляцыю беларусаў;

3. Вайна, якую вядзе Расейская Федэрацыя пры садзейнічаньні адміністрацыі Лукашэнкі, не падтрымліваецца народам Беларусі. А сама Рэспубліка была ўцягнута ў вайну па прычыне акупацыі яе тэрыторыі;

4. Беларускі народ, які знаходзіцца пад акупацыяй і пад сталым рэжымам рэпрэсій і сілавога тэрору, ня можа несьці адказнасьці за дзеяньні адміністрацыі Лукашэнкі;

5. Разуменьне склаўшайся сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь створыць умовы для зьмяншэньня напружанасьці ў адносінах паміж беларускім і украінскім народамі, узмоцніць кансалідацыю дзеля супольнай барацьбы супраць расейскай агрэсіі;

6. Вайна ва Украіне – ня толькі барацьба за гістарычнае існаваньне Украіны, але і Беларусі;

7. Беларускі народ павінен аказваць пасільны супраціў расейскім акупацыйным войскам і адміністрацыі Лукашэнкі;

8. Узаемадзеяньне з украінскім народам і дапамога Украіны будзе неабходным чыньнікам для палітычных перамен у Беларусі;

9. Беларусы, якія знаходзяцца ў эміграцыі, не павінны адчуваць сябе дыскрымінаванымі і мусяць быць прыраўняныя ў правах з украінцамі;

10. Заходнім краінам, у сувязі з рэжымам акупацыі ў Беларусі, прапануем ажыцьцяўляць палітыку спрошчанага ўезду ў Эўразьвяз для грамадзян Беларусі.

Шчыра дзякуем і выяўляем упэўненасьць у перамозе над агульным ворагам — агрэсіўным расейскім імпэрыялізмам, бачым далейшае разьвіцьцё добрасуседзтва паміж украінцамі і беларусамі цяпер і ў мірны пераможны час.”