“ГЭТА Ж ЯК ТРЭБА НЕАВІДЗЕЦЬ...”

Беларусы шмат прысылаюць мне лістоў і паведамленьняў у ФБ і на Э-по. Рэакцыя на падзеі, звычайна, эмацыйная, а вызначэньні катэгарычныя. Але тут часам і ёсьць сэнс праўды, сказанай груба і наўпрост.

“Гэта ж як трэба неавідзець беларускі народ! Самаеды!” — ускліквае мой карэспандэнт. І ўнізе цытата, як напісана, зь “нянашай Нівы”.

У газэце паведамляецца, што “Краіны Балтыі, Польшча і Ірландыя выступаюць за тыя ж санкцыі ЕС супраць Беларусі, што і супраць Расіі ... Гэтая тэма абмяркоўваецца ў Брусэлі ўжо даўно, — паведамляецца далей. — На думку дыпламатаў ЕС, зь якімі гутарыла карэспандэнтка “Польскага радыё”, мэты дзве. Па-першае, як мага мацней нанесьці ўдар па беларускай эканоміцы і прымусіць рэжым у Менску спыніць дапамогу Маскве ў вайне на Украіне.”

Ну як яшчэ ясьней (і дурней) можна сказаць, распрануцца і агаліцца!? Прытым заўважце, — піша карэспандэнт, — што за антынародныя санкцыі супраць акупаванай Беларусі выступаюць менавіта тыя краіны, дзе пастаянна пасецца “штабік” (маецца на ўвазе, відаць, група вакол Ціханоўскай). Ізноў моцныя словы і ўскліканьне: “Гэта ж як трэба ненавідзець беларускі народ!”

Ня думаю, што “яны” ненавідзяць беларускі народ. Ім проста на яго начхаць, што ў Брусэлі, што ў Вільні. І гэта пасьля ўсяго таго што сталася і што сказана пра санкцыі, пра акупацыю, пра тэрор і рэпрэсіі і пра Лукашэнку.

Словам няма пра што гаварыць. Усё даўно зразумела. Стварайма хутчэй і разбудоўваем шырока наш Нацыянальна-Вызвольны Рух Вольная Беларусь, каб зьнесьці ўсю нечысьць, каб духу ад яе не засталося.

15 кастрычнік 2022 г.

Зянон Пазьняк