ПРА “ПАЛЫН-ПАЛЫН...” ПА-УКРАІНСКУ
Нядаўна трапіўся мне адзін украінец з тых, якія ўцяклі ад жахаў вайны і якіх цяпер шмат у Варшаве. Я падараваў яму свой раман у перакладзе на ўкраінскую, зроблены Івай Падольськай з украінскай назвай “Гіркій запах полиновий...” (Дрогобич: КОЛО, 2021, 392 с.).
Праз нейкі час ён мне кажа: “Прачытаў. Вельмі спадабалася. Цікава прыдумана, але ў жыцьці наўрад ці такое магло б быць.”
Вось тут і ёсьць парадокс успрыняцьця літаратуры, калі рэальнасьць пераўзыходзіць выдумку, бо рэальнасьць выглядае больш фантастычнай, чым сама літаратура. І таму ў напісанай рэальнасьці часам сумняваюцца, а выдумку прымаюць па ўмовах жанру.
У аснове рамана “Палын-палын” якраз рэальныя падзеі, якія часам цяжка б было прыдумаць, але пад саветамі яны былі звычайным бытам (што для тых, хто ня жыў у тыя часы, здаецца фантастыкай).
Як мне падаецца, тэкст раману мусіў бы быць складаным для перакладу, бо кожнага персанажа я стараўся надзяліць “сваёй” мовай і “сваёй” манерай гаварыць. Акрамя таго па тэксту шмат “трасянкі” (беларуска-расейскага суржыка), беларуска-польскай мяшанкі, расейскага жаргону і фразаў па-нямецку, плюс іншасказанасьці, падтэксты, пастаянныя звароты ў перыфразы зь беларускай паэзіі, гісторыі і літаратуры, шмат цытуецца вершаў.
Усё гэта (важнае для разуменьня ўспрыняцьця падзей раману) магло б складаць цяжкасьці для перакладу і разуменьня зьместу твора для ўкраінцаў.
Аднак, Іва Падольська справілася з задачай перакладу выдатна. Знойдзены адпаведнікі, тлумачэньні пад тэкстам, адпрацавана тэрміналёгія. Пазнаю свой тэкст у выдатнай украінскай мове.
Мне прыходзілася перакладаць старыя тэксты і вершы з польскай мовы. І таму па вопыце ведаю, што пераклад — гэта (асабліва ў паэзіі) тая ж самая творчасьць, і перакласьці можна ўсяляк. Але галоўнае, каб пераклад быў адпаведны ня толькі аўтарскаму тэксту, але і стылю, і нават падтэксту. Здаецца (наколькі я чытаю па-украінску), у перакладчыцы тое атрымалася дасканала.
У гэты цяжкі час, калі Беларусь акупаваная маскоўскім войскам, а Украіна ваюе супраць расейскай агрэсіі, хай жа гэты пераклад твора аб рэчаіснасьці савецкай акупацыі, якая была аднолькавая ў Беларусі і ва Украіне, хай гэтае ўкраінскае выданьне рамана спрыяе усведамленьню неабходнасьці праўды і свабоды дзеля волі і шчасьця людзей Украіны і Беларусі.
11 кастрычнік 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК