“РАЗГРОМНАЯ ПАРАЗА Ў ІНФАРМАЦЫІ”
Нядаўна я абмяркоўваў з сябрам Вызвольнага Руху становішча ў Беларусі і ва Украіне. Між іншым калега мне напісаў: “Мушу канстатаваць, што беларускі кірунак інфармацыйнай вайны Украіна цалкам прайграла. Разгромная параза”.
Усё правільна. Толькі ў мяне склалася ўражаньне, што ўкраінцы на гэтым беларускім інфармацыйнам фронце ўвогуле не ваявалі і, як ня дзіўна, наўрад ці разумеюць яго асаблівае для Украіны значэньне. Усё аддадзена ў вотчыну расейскай прапагандзе, і перомага яе тут ашаламляючая.
Галоўны чыньнік, які стрымліваў марыянэтку Лукашэнку, каб не паддавацца націску Пуціна і не аддаваць загад войску на вайну з Украінай, — гэта антываенная настроенасьць беларусаў і прыхільнасьць народа да ўкраінцаў. Сатрап разумеў, што можа фатальна страціць уладу, бо ні народ, ні войска ня хочуць вайны з Украінай, беларусы ня зьбіраюцца страляць ва ўкраінцаў і паміраць за маскоўскія імпэрскія інтарэсы.
З гледзішча інтарэсаў расейскай стратэгічнай дэзінфармацыі і прапаганды (а ў цяперашнім сьвеце гэта магутная зброя) трэба было нэўтралізаваць гэты страх для Лукашэнкі (выдаліць прычыну), настроіць беларусаў супраць Украіны і выклікаць у іх давер да Расеі. Для расейцаў вельмі важна было, каб украінцаў і беларусаў зрабіць ворагамі і пасеяць нянавісьць.
З гледзішча інтарэсаў Украіны, украінцам у гэтай сітуацыі выпадала інфармацыйна і па-прапагандысцку падтрымліваць прыхільную настроенасьць беларусаў да Украіны, ськіроўваць беларускія веды і пачуцьці супраць агульнага ворага — расейскага акупанта і здрадніка нацыі Лукашэнкі (які ўпусціў акупантаў у Беларусь).
Прыхільнасьць беларускага народа — гэта палітычны капітал для ўкраінцаў і стрымліваючы чыньнік супраць далейшай агрэсіі Расеі. Яго трэба было зьберагаць і павялічваць.
На жаль, гэтая простая чыннасьць у цэлым не была зразумета (хоць частка ўкраінцаў тое ведала). Ініцыятыву перахапіла Масква, працуючы нібыта на ўкраінскім баку.
Сярод украінскай палітычнай супольнасьці, практычна (за невялікім выключэньнем), амаль не знайшлося асобаў, якія б пасьлядоўна, пастаянна і публічна тлумачылі становішча, у якім знаходзіцца акупаваная маскалямі Беларусь, які тэрор, рэпрэсіі і вынішчэньне нацыі там адбываецца, колькі тысячаў беларусаў у турмах з жоўтымі латкамі палітычных на адзеньні, як іх там катуюць за тое, што яны беларусы, за тое, што паставілі “падабайку” ў Сеціве ў падтрымку Украіны і г. д.
Дзейнічаючы нібыта на ўкраінскім баку, скарыстаўшы саўкоў і агентуру, расейская прапагандысцкая атака, прафэсійна апрацаваўшы, узлаваўшы і выкарыстаўшы масы ўзбуджаных украінцаў, накіравала іх злосьць супраць беларусаў. Маўляў, глядзіце: маскалі напалі на Украіну з тэрыторыі Беларусі, з боку Беларусі яны пускаюць па Украіне ракеты, а беларусы маўчаць, бо яны, маўляў, разам з маскалямі, бо яны акупанты, бо яны нясуць калектыўную адказнасьць і г. д.
Змасаваная псіхічная атака на беларусаў пайшла па шмат якіх украінскіх каналах, асабліва па сацыяльных сетках.
З поўным веданьнем справы скажу: такой дзікай нянавісьці, такіх брудных зьняваг, такога зларадства, такога нізкага і несправядлівага абзываньня і зьневажэньня беларускага народа яшчэ не было ў гісторыі. Беларусы ўсё гэта чуюць і чытаюць. І трэба ведаць (маскоўцы тое ўлічваюць), што абраза, несправядлівае нацыянальнае зьневажэньне выклікае ахоўную пазыцыю ў адказ, якая хутка не мінае.
У гэты ж час аўтэнтычная расейская прапаганда (а гэта магутная хмара), ськіраваная на Беларусь з Расеі, усяляк паліваючы брудам украінцаў, станоўча адзываецца аб беларусах, падхвальвае іх, дэманструе нават павагу і захапленьне. З Масквы беларусаў не абзываюць (хоць думаюць гэтак жа, як і пра ўкраінцаў). Прафэсійны падыход, маўляў, адчуйце розьніцу.
І цяпер пра вынік. Сацыялагічны зрэз грамадзтва, паводле беларускага “незалежнага” дасьледваньня ў траўні і верасьні паказаў, што спачуваючых Украіне ў вайне з Расеяй за чатыры месяцы зменшылася ў Беларусі на 17 адсоткаў. І ў той жа час амаль на столькі ж адсоткаў павялічылася колькасьць спачуваючых Расеі. (Адзначу, што тут якраз той аспэкт дасьледваньня, якому можна давяраць, бо выяўляе дынаміку ў апытаньні, якое праводзілася аднолькавым мэтадам.)
Вось што такое граматная з аднаго боку і бязграматная з другога прапагандысцкая стратэгія ў інфармацыйнай вайне.
Карціна паказвае, што ў выніку посьпехаў расейскай агентурнай прапаганды (якая дзейнічае праз Украіну) паступова павялічваецца магчымасьць уводу беларускага войска ў расейскую вайну з Украінай. Тым больш, што інфармацыйная вайна тут працягваецца з поўнай перавагай расейцаў. Павялічваецца таксама магчымасьць Пуціна душыць на Лукашэнку, а Лукашэнка зноў паволі перастае баяцца беларускага народа, бачачы зь якой апантанасьцю украінцы робяць сабе ворагаў зь беларусаў.
Тэатр абсурду. Але трэба прызнаць: расейцы стварылі ня толькі самае страшнае ў сьвеце ЧК-ГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ, але і самую моцную ў сьвеце і самую разбуральную па ўплыву сістэму прапаганды і дэзінфармацыі. І не лічыцца з гэтым нельга.
Можна дакладна ўявіць, якое дрэннае і разбуральнае значэньне для ўсяго рэгіёну Усходняй Эўропы мела б уцягваньне Беларусі ў расейскую вайну супраць Украіны. Супрацьстаяць гэтаму ўжо цяжка, бо шмат страчана, але і украінцам (тым якія разумеюць небясьпеку паразы ў прапагандзе), і беларусам, якія дапамагаюць Украіне, неабхадна схамянуцца, каб крок за крокам вяртаць пазыцыі, гледзячы ў будучыню і разумеючы сэнс супольнай перамогі над “скопішчам зла” і злачынствамі двух разбойнікаў.
9 кастрычнік 2022 г.
Зянон Пазьняк