АБ НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНІЦКАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ, БЕЛАРУСКАЙ АСЬВЕЦЕ І ЎМАЦАВАНЬНІ САМАІДЭНТЭФІКАЦЫІ БЕЛАРУСАЎ ЗА МЯЖОЙ

Заява

У выніку расейскай акупацыі Беларусі, перасьледу і рэпрэсіяў беларусаў з боку антынароднага рэжыму Лукашэнкі, за мяжой апынуліся сотні тысячаў беларусаў, што ўцяклі ад сьмерці, ад турмы, ад нападаў, зьдзекаў і катаваньняў. Гэта розныя людзі, сярод якіх шмат русіфікаваных, з каланіяльнай і яшчэ нават савецкай псіхалогіяй, якія, аднак, не адмаўляюцца ад Беларусі і ад Беларускай нацыі.

У эміграцыі нам, беларусам, вельмі важна, каб у новых незнаёмых умовах ня страціць самых сябе, свой беларускі дух, сваю мову і культуру; а тым беларусам, што з волі абставінаў падвергліся русіфікацыі, тым трэба дапамагчы вярнуцца да роднай беларускай мовы і да роднай Бацькаўшчыны Беларусі.

У гэтым можа паспрыяць беларуская нацыянальная асьвета, беларуская школа, беларускае рэлігійнае жыцьцё за мяжой.

Там, дзе ёсьць магчымасьці і ўмовы, там культурным адукаваным беларусам і энтузіястам руху “Вольная Беларусь” трэба ствараць асьветніцкія гурткі з рэгулярнымі сацыяльнымі кантактамі паміж удзельнікамі.

Асьветніцкая форма ўзаемаадносінаў прадугледжвае шырокае кола дзейнасьці, гуртуе беларусаў, салідарызуе нацыянальнае існаваньне.

Асабліва важнай сфэрай нацыянальнай беларускай дзейнасьці зьяўляецца адукацыя дзяцей і моладзі ў беларускай мове і ў беларускім духу. Трэба імкнуцца ствараць беларускія школы рознага ўзроўню і ў пэрспэктыве — арганізаваць Беларускі Нацыянальны Унівэрсітэт за мяжой.

Беларускім прадпрыймальнікам неабходна ствараць беларускія крэдытныя таварыствы, дапамагаць выдаваць беларускія кнігі, беларускія газэты і парталы ў Сеціве, падтрымліваць беларускія тэатры, хоры і аркестры, якія ўтворацца, каб гучэла наша мова, песьня і музыка.

Усё тое магчыма, калі Бацькаўшчына жыве ў сэрцы і калі беларусаў шмат. А цяпер за мяжой беларусаў шмат.

Разьвіваючы нашу беларускую культуру, зьберагаючы беларускую мову і дух, мы працягваем, прадаўжаем нас, беларусаў, у соцыюме і ў вечнасьці, набліжаем шчасьце свабоды ў роднай краіне, у вольнай Беларусі. Слава Айчыне.

2 кастрычнік 2022 г.

Вальны Сойм Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь”