ПАЛІТЫЧНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ АРГАНІЗАЦЫІ І ЗАДАЧЫ РУХУ “ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ”
Рух “Вольная Беларусь” (поўная назва “Нацыянальна-Вызвольны рух “Вольная Беларусь”) — гэта дэмакратычнае грамадзка-палітычная рушэньне нацыянальна-вызвольнага зьместу, накіраванае на нацыянальную кансалідацыю беларусаў дзеля захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, мовы, культуры і дзяржавы, з мэтай вызваленьня Беларусі з-пад расейскай акупацыі і з-пад антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі і дзеля ўсталяваньня дэмакратычнага кіраваньня ў Беларусі.
Рух абапіраецца на беларускую нацыянальную ідэю “Адраджэньне” і дэмакратычныя каштоўнасьці, грунтуецца на палітычных прынцыпах, якія вынікаюць з нацыянальнай ідэі “Адраджэжньне”. Рух арыентуецца на пабудову будучай незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, канцэпцыя якой адлюстравана ў “Народнай Праграме “Вольная Беларусь”, якая была падрыхтавана беларускімі нацыянальнымі палітыкамі ў 2017 годзе*.
*(Заўвага 1. У сувязі з акупацыяй Беларусі расейскім войскам і агрэсіяй Расеі супраць Украіны некаторыя палажэньні Праграмы могуць быць удакладненыя альбо дапоўненыя, але канцэптуальная ідэйная аснова не зьмяняецца.)
Статутная Структура Руху (гл. Статут) фармуецца зьнізу шляхам утварэньня аўтаномных суполак, якія кіруюцца “Палітычнымі прынцыпамі”, Праграмай і Статутам Руху “Вольная Беларусь”.
Рух абымае абсягам усіх беларусаў ва ўсім сьвеце, улічвае заканадаўства розных краінаў, але, фактычна, падзелены на дзьве часткі — айчынную і замежную.
Замежная частка, якая існуе ў вольным сьвеце, можа вольна існаваць і дзейнічаць, даваць інфармацыю пра сваю дзейнасьць.
Айчынная (мэтрапольная) частка існуе ў акупаванай Беларусі пад антынародным рэжымам, пад рэпрэсіямі і перасьледам, дзе шмат хто зь беларусаў знаходзіцца ў турме.
Існаваньне і дзейнасьць айчынных суполак Руху “Вольная Беларусь” улічвае акупацыйнае становішча, генацыд народа, антыбеларускі характар рэжыму ўлады і разьвіваецца падземна, узяўшы за аснову суполку з 2–3 чалавек, разьвівае толькі гарызантальныя ланцуговыя сувязі, не ствараючы вертыкальнай структуры.
Такі схаваны падыход айчынных суполак ёсьць вымушанай часовай зьявай, дае магчымасьць дзеля сацыяльна-кантактнай асьветніцкай працы і падрыхтоўкі і спрыяе захаваньню сяброў Руху ад зьнішчэньня і рэпрэсіяў. Гарызантальная структура айчыннага Руху адразу будзе сістэматызавана пры зьмене палітычных абставінаў.
Палітычныя прынцыпы Нацыянальна-Вызвольнага Руху “Вольная Беларусь” — гэта сьцісла вызначанае кола абавязковых пазыцыяў, на прызнаньні якіх магчымае ўзаемаразуменьне, салідарнасьць і яднаньне ўдзельнікаў Руху ў змаганьні за ідэалы вольнай Беларусі.
Прынцыповыя пазыцыі ўзаемадзеяньня наступныя:
1. Дзяржаўная незалежнасьць Беларусі.
2. Дзяржаўная Беларуская мова.
3. Вольнае дэмакратычнае грамадзтва.
4. Імпэрыялістычная Расея – вораг Беларускай нацыі і пагроза для існаваньня незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.
5. Вяртаньне законнай Канстытуцыі 1994 года, як канцэптуальнага базісу для развіцьця новага дзяржаўнага і дэмакратычнага ладу ў Беларусі.
6. Вяртаньне Беларускага дзяржаўнага Бел-Чарвона-Белага Сьцяга і гэрба Пагоня.
7. Парляманцкая рэспубліка.
8. Выбары Вярхоўнай Рады (новага Першага скліканьня) па мажарытарнай сістэме (пакуль ні створыцца партыйная сістэма палітыкі).
9. Перагляд і адмена рэжымнага заканадаўства якое было прынята пад час кіраваньня Лукашэнкі, якое супярэчыць канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 1994 году, інтарэсам нацыянальнай дзяржавы і грамадзтва.
10. Выхад з усіх антынародных дамоваў і саюзаў з Расеяй і з іншымі з краінамі, падпісаных Лукашэнкам
11. Новая рэгіянальная сістэма бясьпекі на падставе Балта-Чарнаморскай канцэпцыі супрацоўніцтва.
12. Супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі Амэрыкі і з дэмакратычнымі краінамі Эўропы, а таксама з Канадай, Аўстраліяй, Японіяй, Новай Зеландыяй і іншымі дэмакратычнымі дзяржавамі. Супрацоўніцтва з НАТА, з рэгіянальнымі і міжнароднымі арганізацыямі, якія аб'ядноўваюць дэмакратычныя краіны.
13. Дабраахвотная падтрымка Украіны ў вайне супраць расейскай агрэсіі. Развіцьцё палітычных, эканамічных дабрасуседзкіх адносінаў з Украінай пасьля перамогі над расейскім агрэсарам. Выбудаваньне асноў дзеля ўзаемаразуменьня і выпраўленьня палітычных злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны.
14. Дэсаветызацыя і дэрусіфікацыя.
15. Вызваленьне і рэабілітацыя палітычных зняволеных.
16. Люстрацыя**.
**(Заўвага 2. Люстрацыя магчымая пасьля стварэньня Парляманту. Парлямант — “Вярхоўная Рада” — згодна Канстытуцыі прымае закон аб люстрацыі.)
Асобнай аўтаномнай структурнай адзінкай Руху зьяўляецца Беларускі Нацыянальны Сакратарыят (БНС) Руху “Вольная Беларусь”, які выконвае ідэалагічныя і каардынуючыя функцыі ў палітыцы Беларускага нацыянальнага Адраджэньня.
2 кастрычнік 2022 г., г. Варшава
Зацьверджана на Вальным Сойме (Сходзе) суполак
Руху “Вольная Беларусь”