АТРУТНАЯ ПРЫВАБНАСЬЦЬ ДЭЗІНФАРМАЦЫІ
Агульная ацэнка
Дэзінфармацыя выкарыстоўвае эмоцыі і грунтуецца на пачуцьцях. Дэзінфарматары імкнуцца зразумець і злавіць агульнае пачуцьцё, на якое можа адклікнуцца пэўная група людзей, і тады ўпуск дэзінфармацыі ў грамадзтва — справа тэхнікі і магчымасьцяў сродкаў распаўсюду інфармацыі.
Дэзінфармацыя аб адносінах да асобаў, да падзей, да эміграцыі, да палітычнай зьявы і г. д. пабудавана на такім прынцыпе.
Канкрэтны прыклад
У артыкуле “Пра атаку на Сахашчыка” я рацыянальна па пунктах растлумачыў сутнасьць агентурнай атакі і становішча, якое датычыцца падпалкоўніка Сахашчыка.
Потым я паглядзеў камэнтары ў Сеціве (якіх даволі шмат) і ўбачыў тыповую ў такіх выпадках сацыяльную карціну. Уражаньне, што ніхто не чытаў тэкст. І што парадаксальна (але на справе тыпова) — практычна, усе камэнтатары працуюць у парадыгме дэзінфарматараў, абараняюць і ўмацоўваюць дэзінфармацыю. Такі псіхалагічны перакос.
Я заўважыў толькі адну асобу (пэўна іх было і болей), якая засумнявалася ў сэнсе ўзьнятага скандалу, задаючы пытаньне: навошта гэты нікчэмны вэрхал пра пашпарты, калі тут усё відавочна і проста.
Дакладна так. Тут проста, і ўсё напісана ў артыкуле. Паўтару яшчэ прасьцей.
Беларусы цяпер ствараюць свае вайсковыя аддзелы і змагаюцца з расейскім агрэсарам у шэрагах украінскай арміі. Для паўнавартасных вайсковых аддзелаў патрэбныя прафэсійна падрыхтаваныя ваяры, сержанты і, што важна, — афіцэры (якія цяпер у беларускіх аддзелах запатрабаваныя). Падпалкоўнік Валеры Сахашчык — ваенны прафэсіянал высокага класу, які можа і згодны такую падрыхтоўку вайскоўцаў ажыцьцявіць. Дзеля справы яму трэба падрыхтаваць палітычную базу і даць паўнамоцтвы. Тут закладзены нашыя нацыянальныя інтарэсы.
Валеры Сахашчык не замешаны ў злачынствах, не парушаў закон і выйшаў прэч з рэжымнай сістэмы. Сістэма перасьледуе яго ня толькі за адыход ад сістэмы, ня толькі дзеля помсты, але галоўным чынам, каб не дапусьціць той вайсковай справы, якую ён можа рабіць для вольнай Беларусі.
Апэрацыя дыскрэдытацыі задумана на шырокую нагу. Нават ва ўкраінскіх крыніцах пачалі пісаць пра Сахашчыка, прыпісваючы яму ў дадатак яшчэ і службу ў ГРУ (што няпраўда).
Дэзінфармацыя супраць Сахашчыка пабудавана на выкарыстаньні эмоцыяў беларусаў, якія належаць да антырэжымных нацыянальна-сьведамых сілаў. Адбыўся ўкід эмацыйна раздражняючай (па сутнасьці — палітычна нікчэмнай) факталогіі ў беларускае нацыянальна арыентаванае асяроддзе. Беларускае асяроддзе (пры дапамозе пэўных суб'ектаў) праглынула нажыўку. Пачаўся скандал у Сеціве і самаедзтва на ўзроўні нацыянальна-занепакоенай сьвядомасьці.
На ўзроўні гэтай сьвядомасьці істотнае толькі адно пытаньне: ці можна давяраць падпалкоўніку Сахашчыку. Гарантыяў на ўсё жыцьцё ніхто даць ня можа (бо жыцьцё мяняецца). Але ўлічваючы сітуацыйнае становішча — так. Сітуацыя, якая склалася, паказвае, што чалавек, які, разумеючы небясьпеку для сваёй асобы, публічна парваў з сістэмай, кіруючыся здаровым сэнсам, адказнасьцю і пачуцьцём справядлівасьці, такі чалавек, стаўшы на антыакупацыйныя антырасейскія пазыцыі, будзе выконваць задачы, дзеля якіх пайшоў на канфлікт з уладным рэжымам. Нават з прагматычнага гледзішча сітуацыя даволі тыповая.
Стан у сучаснасьці
Дэзінфармацыя цяпер стала вельмі небясьпечнай зьявай у сувязі з усеагульным доступам і глабалізацыяй сродкаў інфармацыі. Зьмяшаньне ў галовах людзей стала прагназуемым і кіруемым станам.
У першай палове ХХ стагоддзя лідарам дэзінфармацыі была Нямеччына (Гёбэльс). За Нямеччынай ішоў Савецкі Саюз. Цяпер адзінаасобным і непакананым лідарам ілжы і маніпулятыўнай інфармацыі зьяўляецца Расея. Яе разбуральныя дасягненьні ў дэзінфармацыі ўражваюць. Заходні сьвет рэальна мала што можа супрацьпаставіць расейскай дэзінфармацыі і пакуль што ў гэтым церпіць паразу.
Беларусы ў выніку акупацыйных абставінаў цалкам пакрыты расейскай дэзінфармацыйнай палітыкай, якая (па меры ўдасканаленьня тэхналёгіі) уплывае нават на беларускую эміграцыю.
Асаблівасьць канфлікту
Супрацьстаяць дэзінфармацыі і хлусьні ў цяперашнім інфармацыйным соцыюме цяжка па двух прычынах. Дэзінфармацыя цяпер распаўсюджваецца імгненна і віртуальна (асацыяльна, без кантакту), што зьніжае працэс абмеркаваньня, крытыкі і праверкі.
Але галоўнае ў тым, што ілжа распаўсюджваецца хутчэй, чым праўда, выклікае хуткі давер, бо арыентавана і ўспрымаецца праз эмоцыі, пачуцьці і страсьці чалавека, у той час калі праўда даходзіць праз рацыё, думкі і здаровы сэнс, што вымагае часу і асэнсаваньня. Прытым ілжа (дэзінфармацыя) заўсёды атакуе, таму бяжыць першай.
Канфлікт у соцыюме паміж дэзінфармаванай асобай і асобай са здаровым сэнсам часта адбываецца на ўзроўні двух маналогаў, дзе адна асоба ня чуе другую, а другая — не разумее першую.
Мы, беларусы, такое назіраем усьцяж і даўно, і ўсяму таму ёсьць прычыны.
Стратэгія ёсьць
У сьвеце яшчэ няма ўніфікаванага падыходу, як змагацца з дэзінфармацыйным злом, што апаноўвае нашу інфармацыйную цывілізацыю.Тысячы людзей чакалі канца сьвета ў 2012 годзе, іншыя перакананыя, што Зямля плоская, што Зямлю апанавалі касьміты з другіх плянэт і т. п. Тут — шырокі раскід разбурэньня сьвядомасьці.
Тым часам дэзінфармацыйная атака на Беларусь зыходзіць толькі з Расеі і падпарадкавана адной парадыгме: сацыяльна, духоўна, культурна і мэнтальна ліквідаваць беларускую нацыю і паглынуць яе ў склад расейскага каланіяльна-імпэрскага арганізму.
Але на ўніфікаваную стратэгію расейскай дэзінфармацыі ў беларусаў аб'ектыўна існуе ўніфікаваная абарона, якую трэба скарыстаць. Гэтай абаронай ёсьць дэрусіфікацыя, практычнае вяртаньне да беларускай мовы, да нацыянальнай сьведамасьці, і да нацыянальных каштоўнасьцяў.
Русіфікаванае грамадзтва ёсьць нацыянальна асьлепленае грамадзтва, людзі трацяць нацыянальны розум і здаровы сэнс, ня могуць супроцьстаяць антынацыянальнай ілжы.
Тым часам у выніку дэрусіфікацыі да беларуса вяртаецца ягоны здаровы рацыянальны сэнс, усьведамленьне сябе нацыянальнай асобай у сваёй нацыянальнай сям'і, зьяўляецца адказнасьць за лёс нацыі.
Гісторыя эўрапейскіх народаў тое пацьвярджае, а прыклад Украіны, якая з прычыны расейскай агрэсіі рашуча вярнулася да ўкраінскай мовы і да ўкраінскіх каштоўнасьцяў, — гэты прыклад разьвіваецца ў нас на вачах.
Расейская дэзінфармацыя правальваецца ва Украіне і адэкватна ацэньваецца ў нацыянальна адроджаным украінскім соцыюме.
Зброя ў руках
Па лініі “русіфікацыя-дэрусіфікацыя” — вось ужо два стагодзі то гарыць, то тлее акупацыйны беларуска-расейскі цывілізацыйны канфлікт (па-праўдзе — вайна).
Побач з генацыдам, расстрэламі і рэпрэсіямі маскоўская дэзінфармацыя, бадай, ці ні найбольш разбуральная зброя, якую практыкуюць расейцы супраць беларусаў. Масава ўжытая, гэтая зброя пазбаўляе нацыю магчымасьці дзейснага супраціву і часам бывае атрутна прывабнай сваёй хлусьнёй ды падладжваньнем пад сьляпыя зьбянтэжаныя адчуваньні.
Пара масава браць у рукі нашу нацыянальную зброю — нашу Беларускую мову, наш народны розум і нашу нацыянальную годнасьць. Прынамсі, за мяжой, дзе тое адкрыта можна рабіць.
Падымайма высака нашу Беларускую мову. Хай лунае яна, як сьвяты наш Бел-Чырвона-Белы Беларускі Сьцяг. Перамога будзе.
19 верасень 2022 г.
Зянон ПАЗЬНЯК