ХАЙ ДУХ ВОРШЫ ЎВАСКРЭСЬНЕ!

Дарагія беларускія ваяры, змагары за вольную Украіну і вольную Беларусь! Віншую Вас з Днём Беларускай Вайсковай Славы, якая зьзяла ў залаты век беларускай гісторыі, калі нашыя продкі білі маскалёў, аж ад іх пыл курэў.

І тады, бачачы сваю бязраднасьць, маскоўская імпэрская арда злучыла свае сілы з дзьвюма нямецкімі імпэрыямі — Аўстрыйскай ды Прускай — і разам утрох, як зьвяры, разарвалі нашу краіну.

Ужо два стагоддзі ідзе цяжкае змаганьне за волю і будучыню нашай нацыі. Крок за крокам мы здабываем гэтую будучыню цаной вялікіх ахвяр. Шлях наш усланы магіламі ды Курапатамі. Але няма ўжо ні Аўстрыйскай імпэрыі, ні Прускай, ні Райха, ні СССР. Толькі засталася яшчэ недабітая рашысцкая арда, кіруемая чэкістамі-энкавэдзістамі — сусьветнымі злачынцамі і ворагамі чалавецтва. Яны зноў захапілі нашу краіну Беларусь і напалі на украінцаў. Палае вайна. Ізноў ідзе таемны гандаль за Украіну і Беларусь паміж левай Эўропай і рашысцкай ардой. Аднак ведайма: не балбатнёй вырашаецца лёс вайны за свабоду, але ваярамі на полі змаганьня.

Беларусы! Разам з украінцамі трымайце высака сьцягі перамогі і годнасьцуь жаўнераў свабоды. Памятайма пра дух нашых продкаў пад Воршай 8 верасьня 1514 года, калі нашае 30-тысячнае войска Вялікага Княства Літоўскага нашай гістарычнай дзяржавы, страціўшы 500 сваіх рыцараў, разьбіла ўшчэнт утрая большую маскоўскую арду, паклаўшы на дол 40 тысячаў маскалёў.

Дык няхай жа дух Воршы ўваскрэсьне ў беларускіх ваярах у барацьбе за вольную Украіну і за вольную Беларусь!

Віншую са сьвятам Беларускай Вайсковай Славы беларускіх змагароў палка Каліноўскага і палка Пагоня, жаўнераў беларускіх батальёнаў і тактычных груп у шэрагах украінскай арміі, віншую нашых слаўных беларусак, што вучацца страляць, адклаўшы кветкі да Дня Перамогі.

Беларусь перад усім!

Слава Украіне! Жыве Беларусь! Слава Айчыне!

8 верасень 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК