УСПАМІН АБ ПАБІЦЬЦІ РУСКІХ ФАШЫСТАЎ

У сувязі з загадкавай ліквідацыяй у Маскве рашысткі Д. Дугінай інтэрнэт-Свабода зьмясьціла інфармацыю пра гэтую руска-фашыстоўскую публіку. Сяргей Навумчык выклаў копію інфармацыі з газэты Свабода пра падзею 28-гадовай даўніны. Успамінаю таксама той крыху камічны (у беларускім успрыняцьці) выпадак. Але напачатку тэкст з інтэрнэт-выданьня:

“У 1993 годзе Дугін выступае адным з заснавальнікаў Нацыянал-бальшавіцкай партыі Расеі, якая ўвабрала ў сябе ідэалёгіі нэабальшавізму і нэафашызму. Кіраўніком партыі быў пісьменьнік Эдуард Лімонаў.

У сьнежні 1994 году Дугін і Лімонаў прыяжджаюць зь лекцыяй у Менск. Яны меліся выступаць у ДК тонкасуконнага камбінату. Аднак сустрэча так і не адбылася. Яе сарвалі прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту, якія прыехалі туды проста зь мітынгу.

Тагачасная прэса пісала, што ў ДК чуліся крыкі: “Фашысты, прэч зь Беларусі!”. Ахоўвалі Дугіна і Лімонава чальцы беларускага аддзяленьня РНЕ, многія зь якіх мелі фашыстоўскую сымболіку.

Урэшце Лімонаў і Дугін уцяклі з сустрэчы праз акно ў грымэрцы. Пазьней Лімонаў успамінаў, што іх затрымалі супрацоўнікі КДБ на кватэры лідэра гурту “Красные звезды” Ўладзімера Селіванава, адвезьлі ў КДБ, там дапыталі, а пасьля выслалі зь Беларусі.

Дугін сьцьвярджаў, што на іх напалі людзі зь бітамі і пнэўматычнай зброяй, але відавочцы кажуць, што нічога такога не было і блізка. “Гэта быў адзін з самых адрэналінавых момантаў у маім жыцьці. Практычна зона баявых дзеяньняў”, — казаў Дугін.

Пасьля гэтага выпадку наведваць Беларусь больш не рызыкавалі ні Лімонаў, ні Дугін.”

З. ПАЗЬНЯК: У той час быў вялікі мітынг БНФ на плошчы каля Опэрнага тэатра. Крытыкавалі антыбеларускую палітыку новай лукашысцкай ўлады. У час майго выступу мне перадаюць запіску, дзе напісана, што якраз цяпер у залі палацу Тонкасуконнага камбіната на вуліцы Матусевіча рускія фашысты, што прыехалі з Масквы (Лімонаў ды Дугін) ладзяць свай “зьезд”.

Я спакойна агучыў інфармацыю без ацэнак і заклікаў, сказаўшы толькі, маўляў, да чаго дайшло — нам, беларусам, русьня ўжо сваіх фашыстаў на карак садзіць. І знайшлі ж куды прыехаць. Я ведаў, што ў такіх выпадках беларусам да двух лічыць ня трэба.

Скончыўся мітынг і ўсе ціхенька пабеглі. Плошча імгненна апусьцела. Усе сьпяшаліся на тралейбусы ды аўтобусы ехаць на вуліцу Матусевіча.

Потым мне расказвалі, што першымі ўварваліся нашыя пэнсіянеры (гэта зразумела, на фашыстаў бо). Рашысты пробвалі супраціўляцца, выбрыквалі там нагамі розныя “каратэ”, але раз'ятраныя фронтаўскія цёткі ў авангардзе атакі, лупячы фашыстаў гаспадарскімі сумкамі, ды парасанамі, зьмялі супраціў, як гарох са стала. (Я заўсёды кажу, што нашыя беларускія жанчыны — гэта залаты запас нацыі, калі трэба — поўдуць на рускія танкі з голымі рукамі і дагары нагамі іх перакуляць развм з маскалямі).

А потым было пабоішча маскалёў. Дугін зь Лімонавым выкінуліся праз вакно ў туалеце. Іх тут жа схапіля міліцыя (тады яшчэ пакуль нашая). Раззлаваныя дзядзькі казалі, што рашы пашанцавала, ато б за ногі павешалі, каб павіселі і зразумелі куды прыехалі.

Дарэчы, у Фронце (у Менску, Гародні і іншых гарадах) існавала Фронтаўская беларуская ветэранская арганізацыя партызанаў і ўдзельнікаў вайны, насуперак афіцыйнай савецкай ветэранскай арганізацыі ўдзельнікаў НКВД і т.п. Вось яны то, гэтыя нашыя фронтаўскія ветэраны, найбольш і зьмясілі фашыстаў (паказалі, як цяпер кажуць, “майстар-клас”).

А ўвогуле рускім фашыстам тады велмі не шанцавала ў Беларусі. Адзін раз у Менск (яшчэ да лукашызму) прыязджаў Жырыноўскі. За два дні яго адлупілі два разы. Першы раз, калі паспрабаваў выступаць ля палацу спорту (уратаваўся ўцёкамі у гасьціньніцу “Юбілейная”, паказваў адтуль хфігі). Другі раз у... Вярхоўным Савеце дэпутаты БНФ Навумчык і Садоўскі гэтак брутальна і недыпляматычна спусьцілі яго зь лесьвіцы. Больш у Менску гэты клоун (таксама як і Дугін зь Лімонавым) не зьяўляўся.

Цяпер маскалі акупавалі Беларусь, лукашысты кідаюцца і хапаюць людзей за беларускую мову. Усё, пакуль што як бы ціха, галасоў з турмы не даносіцца. Але капае вада з рукамыйніка, напаўняецца чаша. Кветачак болей ня будзе. Яны нават не ўяўляюць, што іх чакае.

Жыве Беларусь!

Дадатак: 1) — копія (скан) інфармацыі з газэты “Свабода”. 2) — Менская ветэранская арганізацыя БНФ (1993 г.).

22 жнівень 2022 г.

Зянон Пазьняк