НЕВЕРАГОДНАЯ КАМЭДЫЯ

Характэрная зьява саўковай псіхалогіі — калі нейкае палажэньне рэчаіснасьці выносіцца як пазыцыя палітыкі і прапускаецца праз прапаганду і тэлевізар, і калі тое ўспрыме савок, тады яму хоць кол на галаве чашы, будзе тупа стаяць насьмерць і паўтараць тое, як папугай, нягледзячы ні на што.

Усе гэтыя ганебныя гады мы бачылі такія паводзіны адносна Лукашэнкі. “Сукін сын” (як афіцыйна называюць яго расейцы) прывёў да акупацыі краіны расейскім войскам, хоча ўцягнуць беларусаў у вайну супраць Украіны. І ўсяроўна для добрай чвэрці насельніцтва, нават у гэтых умовах, ён “прэзідзент харошы”. Вось што робіць з інтэлектам русіфікацыя.

Рэпрадукцыя

Потым зьявіліся новыя “саўкі”, так званыя “невероятные” (ці “ніякія”), што ня любяць старых “саўкоў” і гукаюць, што ўжо не Лукашэнка, а Ціханоўская ёсьць іх лідар і “прэзыдэнт”. Маўляў, большасьць прагаласавалі за яе. Ім так здаецца — і ўсё тут. Можна таксама кол на галовах часаць. Ніякія высновы юрыстаў, амэрыканскіх і беларускіх заканадаўцаў, палітыкаў для іх ня маюць значэньня. Ім так хочацца думаць.

І вось гэтую саўковую паставу ўжо спэцыяльна (быццам нічога не разумеючы) пачынаюць падтрымліваць розныя прапагандысты, журналісты ды палітычныя прайдзісьветы. Шум і гам стаіць па сёньняшні дзень. Але фальшывая роля “Сьвета — наш прэзыдэнт” ужо заканчваецца. У стане расейскай акупацыі Беларусі і ў час ваеннай агрэсіі супраць Украіны гэтая роля і прарасейская групоўка ня маюць беларускай палітычнай пэрспэктывы

Фальсіфікацыя ад Лукашэнкі

і фальсіфікацыя ад Ціханоўскай

У сувязі з гэтым нагадаю заканадаўчыя, юрыдычныя і паліталагічныя палажэньні. У 2020 годзе прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя, і прэзыдэнт ня быў выбраны. Прытым фальсіфікацыя адбылася з абодвух бакоў (з боку Лукашэнкі і з боку Ціханоўскай). Ні адзін, ні другі бок ня мог прадставіць выбарчых дакумантаў, якія пацьвярджалі б вынікі галасаваньня. Згодна інструкцыі Цэнтральнай Выбарчай Камісіі (ЦВК) выбарчыя бюлетэні галасаваньня былі зьнішчаны на працягу 24 гадзінаў пасьля галасаваньня. Лукашэнка залічыў сабе 80 адсоткаў галасоў падтрымкі на аснове непацьверджанага рэальнымі дакумантамі (бюлетэнямі) вызначэньня ЦВК. (Паўтараю, бюлетэні былі зьнішчаны.) А калі так, то аб'яўлены вынік ня можа прымацца пад увагу як сапраўдны. Гэта фальсіфікацыя.

З боку Ціханоўскай не было ніякай спасылкі на адсотак выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за яе. (Гэтая лічба невядомая.) Агулам аднак Ціханоўская і яе прыхільнікі адвольна сцьвярджалі, што яна перамагла на выбарах. Пры гэтым ішла спасылка на ўяўленьні, на эмоцыі, на эмацыйныя меркаваньні і на масавыя дэманстрацыі выбаршчыкаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Падразумевалася, што гэтыя масы пратэстоўцаў галасавалі за Ціханоўскую, а таму, маўляў, у яе ёсьць падстава казаць пра перамогу на выбарах. Такога меркаваньня было дастаткова для новых “саўкоў” (якім надакучыў Лукашэнка), каб у гэтае лапідарнае сцьвярджэньне паверыць.

Тут усё так не сур'ёзна, так прымітыўна, што, у прынцыпе, няма пра што нават гаварыць.

На пратэсты выходзіла ў Менску ад 200 да 300 тысячаў людзей. Па ўсёй Беларусі разам зь Менскам — ад пяцісот тысячаў да аднаго мільёна.

Нават калі дапусьціць, што ўсе пратэстанты галасавалі за Ціханоўскую (што недакладна), то гэта 10 адсоткаў ад усяго насельніцтва Беларусі і 15 адсоткаў ад усіх выбаршчыкаў.

Тыя, што не выходзілі на пратэсты, — за каго яны (па логіцы адносінаў) маглі галасаваць? Ня тры ж адсоткі было за Лукашэнку. Акрамя таго шмат беларусаў (якраз тыя, хто супраць Лукашэнкі) заўважна і вынікова галасавалі яшчэ і за “спойлераў”, а іх было чатыры вядомыя ў палітыцы кандыдаты. Увесь набытак Ціханоўскай на выбарах тут быў — максімум — 30–35 адсоткаў галасоў.

Цікава, што калі агентурная платформа “Голас” захацела выявіць і сабраць усіх тых, што галасавалі за Ціханоўскую, то сабрала ўсяго 700 тысяч. Гэта, ізноў жа, тыя 10 адсоткаў ад усіх выбаршчыкаў.

Фальсіфікацыя Ціханоўскай, якая пабудаваная на эмоцыях, на домыслах і на невядомасьці, ня можа быць прадметам для высноваў пра рэальнасьць выбару, пра легальнасьць і, тым больш, пра легітымнасьць выбару.

(Цікава, што, маючы крыху больш за дзьвесьце чалавек у групе зборшчыкаў падпісаў за балатаваньне на выбарах, яна і подпісы цалкам не сабрала (бо не магчыма было сабраць з такой малой групай). Пра гэта нават Ярмошына пазьдзеквалася калі насуперак закону рэгістравала Ціханоўскую (інфармацыя зафіксавана).

Фальшывая роля для электарату пад назовам “Сьвета — наш прэзыдэнт” ужо заканчваецца. У становішчы калі Беларусь акупаваная расейскім войскам і ў час ваеннай агрэсіі і вайны Расеі супраць Украіны гэтая прарасейская групоўка ня мае беларускай палітычнай пэрспэктывы.

Прамаскоўская група

Нагадаю якая палітычная роля ўскладзена Масквой на так званую “газпрамаўскую” групоўку апазыцыі супраць Лукашэнкі (Ціханоўская-Латушка-Цапкала). Лукашэнка і цяпер для іх галоўны вораг.

Крэмль праз “Газпрам” і ФСБ вельмі моцна падрыхтаваўся да выбараў у 2020 годзе ў Беларусі. Праект “Бабарыка” пачаўся з 2017 года. Задзейнічалі шмат новых людзей, агентуру і каласальныя фінансавыя сродкі.

На нейкім этапе (пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі) усе прамаскоўскія сілы аб'ядналіся (“объединение штабов”) і паставілі на “цёмнага коніка”, нікому не вядомую хатнюю гаспадыню Ціханоўскую. Праект часткова спрацаваў сваёй нечаканасьцю, але быў паламаны рэжымам Лукашэнкі. Цяпер праект працягвае сваё існаваньне за мяжой у стадыі квазібеларускага палітычнага маразму.

Сэнс іхнай “дзейнасьці”, як яны кажуць, — “вызваленьне палітзьняволеных і новыя выбары прэзыдэнта”. На практыцы гэта азначае, што ўся маскоўская крэатура будзе ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта па лукашысцкіх законах і пад лукашысцкім ЦВК, і пад уплывам ФСБ. Выбраны прэзыдэнт (па існуючым рэжымным законе) будзе валодаць абсалютнай паўнатой улады. Масква і яе пятая калона (“невероятные”) фінансава, арганізацыйна і па-прапагандысцку даўно падрыхтаваныя, каб правесьці на пасаду абсалютнай улады ў Беларусі сваю крэатуру Бабарыку. Групнікі на тое і спадзяюцца.

Пры гэтым застаюцца ўсе нелегальныя і незаконныя дамовы з Расеяй (АДКБ, Мытны зьвяз, СНД і інш.). Законная Канстытуцыя 1994 года адкідаецца. Прапануецца іншая, зманіпуляваная канстытуцыя, дзе зьнятае палажэньне аб дзяржаўнай беларускай мове і ўводзіцца каляніяльная мова расейскіх акупантаў.

Гэта ёсьць электаральны план дзяржаўнага перавароту з маніпулятыўным ашуканцтвам беларусаў (падобнае здарылася ў 1994 годзе). Першаснымі выканаўцамі гэтага плана якраз ёсьць групоўка вакол Ціханоўскай-Латушкі, плюс Цапкала.

Вось чаму па гэтай групоўцы і па гэтых асобах павінна быць усчата судовае сьледзтва ў вольнай Беларусі.

Бабарыка

Віктар Бабарыка — гэта адкрытая крэатура Пуціна, падрыхтаваная Газпрамам і ФСБ. У выніку канфлікту аб уладзе (паміж Пуціным і Лукашэнкам) Лукашэнка пасадзіў Бабарыку ў турму за карупцыю і фінансавыя махінацыі. У вольнай Беларусі, пасьля вызваленьня з турмы ўсіх зьняволеных па палітычных матывах, Бабарыка (і ягоная сакратарка Калесьнікава) пойдуць пад сьледзтва па абвінавачваньні ў антыбеларускай дзейнасьці і ў здрадзе незалежнасьці Айчыны.

Бабарыка, будучы афіцыйнай публічнай асобай (спаборнікам на выбарах прэзыдэнта) адкрыта агітаваў аб уваходзе Беларусі ў склад імпэрыялістычнай Расеі, называў Беларусь дэградаванай і паміраючай дзяржавай, казаў, што ў складзе Расеі ўсім беларусам будзе добра жыць, усе будуць багатыя. Гэтая прапаганда зафіксаваная ў сродках інфармацыі і зьяўляецца парушэньнем дзеючай Канстытуцыі (Прэамбула, арт.1, 3, 9), парушэньнем законнай Канстытуцыі 1994 года (арт. 1, 9), парушэньнем арт. 361 (ч.1) Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь.

(Прыклады прапаганды Бабарыкі супраць Беларусі:
— “Став частью России, большинство из них (беларусау) скажет радостно: “наконец то!” Скажут, поверьте!”
— “Беларусь как страна находится “в состоянии умирания”, и большинство белорусов обрадуется вхождению в состав России” (інтэрв'ю regnum.ru).

Групнікі

Цяпер Бабарыка і групнікі з “штабоў” так за Расею не агітуюць. Але не таму, што сталі думаць інакш ды перамяніліся. Пасьля акупацыі Беларусі і пасьля нападу Расеі на Украіну, казаць як раней — гэта значыць засьведчыць сваё русацяпства і падтрымку рускаму фашызму. Увесь сьвет убачыў што такое подлая Расея вораг чалавецтва. Таму групнікі карэктуюць рыторыку, сталі хавацца за беларушчыну, нават беларускі нацыянальна-вызвольны рух спрафанаваць хочуць, канфэрэнцыі плануюць. Толькі ня зь іхным рылам у нацыянальна-вызвольны рух. Як кажуць у Адэсе — “каво вы хаціце абмануць?”

Саўковая публіка, аднак, ня можа абыйсьціся без хлусьні. Яны не перастануць хлусіць да той пары, пакуль беларускае грамадзтва будзе гатовае верыць ва ўсялякую авантуру і ва ўсялякую лухту ў каляровай абгорцы. Але скора ўжо будзе скончана гэтая групніцкая камэдыя.

24 ліпеня 2022 г.

Зянон ПАЗЬНЯК