“ШТАБ-ОФІС” ПАВІНЕН ЗЬНІКНУЦЬ

"Штаб-Офіс" заявіў пра стварэньне "пераходнага кабінэту". Аднак справа зроблена так, што з так званага "пераходнага кабінэту" рэальна нічога ня будзе. Усё складзена насуперак правілам і нават насуперак здароваму сэнсу. Але з гэтым пагадзіліся самы ўдзельнікі "кабінэту".

Абсурд выглядае наступным чынам. Склад "кабінэту" фармальна прызначае, зьмяняе і адклікае С. Ціханоўская (рэальна -- групоўка вакол яе). Пры гэтым удзельнікі "кабінэту" пішуць Ціханоўскай справаздачы, а Ціханоўская будзе мець права "вета" (да гэтага трэба было дадумацца). Фінансаваньне разьмяркоўвае фармальна таксама Ціханоўская (рэальна -- Франак Вячорка). Адбываецца яно так: "кабінэт" (альбо іншая структура) піша заяўку на грант "куды трэба". "Адкуль трэба" -- звоняць у "штаб-офіс" і пытаюць, ці можна даць. З "штаб-офісу" Франак адказвае "так" альбо "не".

Сістэма, дарэчы, класічна мафіёзная, працуе як "палітбізнэс". (Па зьвестках Дзярждэпартамэнта ЗША, у сістэме грантавай дапамогі раскрадаецца 30 адсоткаў усіх грошай.)

Выніковая дзейнасьць такой структуры ("кабінэту") магчыма толькі тады, калі яна будзе мець сваё незалежнае фінансаваньне і калі "кабінэт" стане самадастатковай зьявай са сваім статутам (палажэньнем), кіраўніцтвам і вырашэньнем усіх кадравых і дзейных задач, а сувязь са "штаб-офісам" пяройдзе ў чыста намінальны характар.

Некаторыя людзі толькі цяпер заўважылі, што "штаб-офіс" пабудаваны па прынцыпу падстаўной вертыкальнай сістэмы з падстаўным аўтарытарызмам, які разыгрываецца ўжо ня толькі групоўкай, але і самой Ціханоўскай. (Ёй такая роля і жыцьцё спадабаліся.)

Першапачатковая прамаскоўская ідэалёгія і палітыка гэтай агентурнай групы ў сутнасьці не зьмянілася, нягледзячы на кардынальныя перамены палітычных абставінаў (расейская акупацыя Беларусі, маскоўскі напад на Украіну).

Групоўка па-ранейшалму стаіць не за выбары парляманту, а за выбары прэзыдэнта Беларусі па лукашысцкім заканадаўстве. Яны супраць вяртаньня законнай Канстытуцыі 1994 года, хочуць навязаць новую прамаскоўскую канстытуцыю.

Усе гэтыя маніпуляцыі павінны абавязкова прывесьці да ўлады чарговага прарасейскага "прэзыдэнта" (тыпу Бабарыкі) з абсалютнымі паўнамоцтвамі ўлады. Тады каланіяльны лукашызм пойдзе на другі круг пад маскай прамаскоўскай "дэмакратыі" і пэрспэктывай настойлівай "інтэграцыі" з Расеяй (усе ж лукашысцкія "дамовы" з Масквой пакінуць).

(Па вялікаму кошту групнікам не пра тое трэба б было гаварыць, бо цяпер праблема ў тым каб дапамагчы Украіне разграміць рускіх акупантаў і збавіцца ад акупацыі Беларусі. Ад гэтага ўсё залежыць. А яны тут за лукашысцкія законы чапляюцца, ад якіх тады пылу не застанецца. Але такая публіка.)

Важна ўбачыць, што "штаб-офіс" з прычыны сваёй заганнай і чужой палітычнай устаноўкі не рэфармуецца (гэтак жа, як не рэфармуецца прамаскоўская сістэма ўлады Лукашэнкі). Такі "штаб-офіс" мусіў бы зьнікнуць з мапы беларускай палітыкі. Тут аб'ектыўная неабходнасьць, бо шкода ад яго ўвесь час павялічваецца. Ён тармозіць усе беларускія грамадзка-палітычныя працэсы, нават зрухі ў самым сабе (маргіналізм Цапкалы тут ня маецца на ўвазе, гэта поўны апендыкс).

Аднак дзеля расчысткі дарогі нацыянальнага разьвіцьця ад сурагату і шкодных сіл мусіць быць рэальная беларуская нацыянальная сіла. Аб гэтым трэба клапаціцца беларусам.

Нацыянальна-вызвольны рух "Вольная Беларусь", які быў моцна пагромлены ржымам у Беларусі, вырастае цяпер зьнізу. Ён фармальна яшчэ не ўвайшоў у сілу. Але ў пэрспэктыве -- толькі тут, толькі на гэтым шляху можа стаць нацыянальная будучыня Беларусі.

14 жнівень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК