ПРАРАСЕЙСКІ АГЕНТУРНЫ ТУПІК У ПАЛІТЫЦЫ І НЕАБХОДНАСЬЦЬ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСІ

1-га жніўня з Адэсы паплыў першы вадаплаў з украінскай кукурузай. Стамбульскія пагадненьні паміж Расеяй і Украінай пры гарантыях Захаду і пры ўдзеле ААН і Турцыі пачалі дзейнічаць насуперак таго, што йдзе вайна і насуперак вопыту, што з Расеяй нельга дамаўляцца. Сумняваюся, што расейцы не застануцца тут тым, чым яны ёсьць, але пакуль што вадаплавы паплылі, і ніхто гэтаму не зьдзіўляецца (нават у эўрадруку) і асабліва не абмяркоўвае.

Гэта зразумела, бо інакш трэба б было прызнаць заганнай і шкоднай сваю тупіковую палітыку эканамічных санкцыяў. Таму і так званыя беларускія "дэмсмі", што на датацыі Захаду, пра тое маўчаць.

А маўчаць вось пара што. Зерне з Адэсы для краінаў Афрыкі, Азіі, Бэльгіі, Нідэрландаў і т. п. паплыло таму, што былі выкананыя патрабаваньні Пуціна:

1. Уведзеныя прэфэрэнцыі для расейскага гандлю і зьнятыя санкцыі з Расеі (канкрэтна -- з Уралкалія) на пастаўкі калійных угнаеньняў.

2. Зьнятая забарона на пастаўку ў Расею запчастак для самалётаў.

3. Зьнятая забарона на пастаўку ў Расею мэдыцынскіх лекаў.

4. Зьнятая забарона на пастаўку расейскага зерня за мяжу.

5. У так званым "сёмым" пакеце заходніх санкцыяў ня ўключана эмбарга на рускі газ.

Заходняя палітыка эканамічных санкцыяў, як кажуць у народзе, ад пачатку накрылася медным тазам. Ад яе сама Эўропа ўжо церпіць. Праблемы санкцыяў для Эўропы якраз дыктуе Расея (асабліва па газе).

Хто сапраўды церпіць ад гэтай шкоднай палітыкі, дык гэта Беларусь і рэальна -- беларускі народ, на які наклалі эканамічныя санкцыі выходзіць за тое, што краіну акупавалі расейскія войскі, што народ гнобяць, рэпрэсуюць, што тысячы людзей катуюць у турмах, помсьцячы за супарціў рэжыму ў 2020 годзе.

І вось вынік. "Беларуськалій" гіне, а "Уралкалій" робіцца сусьветным манапалістам. Беларуская нафта-хімічная прамысловасьць разбураецца. Беларуская транспартная гандлёвая сістэма і "ІТ"-галіна занепадаюць, а рэжым Лукашэнкі, якога санкцыямі цалкам загналі пад Маскву, стаў рэжымам расейскай акупацыйнай адміністрацыі, які пачаў зьдзіраць сродкі з народа, павышаць цэны на камуналку, спажывецкія тавары, прадукты, уводзіць падаткі на кватэры, на жыўнасьць, на дрэвы і расьліны, на збор ягадаў і грыбоў, і нават на валоданьне мабільным тэлефонам. І гэта толькі пачатак зьдзёру.

Ніводзін дыктатар ад санкцыяў ня згінуў, а народы даходзяць да галечы. Прытым Расея на гэтай камбінацыі спраўна паразітуе.

Вось вынік сумеснай расейска-заходняй палітыкі санкцыяў супраць Беларусі.

Галоўным прапагандыстам і ашуканцам народа ў такой антыбеларускай палітыцы санкцыяў была і працягвае быць агентурная квазі-апазыцыйная групоўка вакол Латушкі-Ціханоўскай.

Цяпер Масква адчула, што беларусы вяртаюцца да нацыянальных каштоўнасьцяў і што яе стаўка на гэтую групу апазыцыйнай агентуры зайшла ў тупік. Вырашылі замяніць агентуру. У гэтым увесь сэнс крытычнага пагромнага вэрхалу, які ўзьняўся раптам супраць групоўкі вакол Ціханоўскай.

Трэба разумець, што гэты арганізаваны галас і шум ёсьць грызьня ў лагеры "сабе падобных". Нават калі б групоўку вакол Ціханоўскай перанялі і замянілі агентурныя маргіналы тыпу сужэнства Цапкалаў, Балкунца, Карач і т. п., -- нічога для Беларусі не перамянілася б. Гэта чужая публіка, узгадаваная на каланіяльнай ідэалогіі. Гэта не нацыянальныя палітыкі і ўвогуле -- не палітыкі. Галоўным ворагам для іх у гэтых умовах расейскай акупацыі па-ранейшаму застаецца Лукашэнка. Яны не разумеюць нават, што адбываецца ў Беларусі і што перамянілася ў сьвеце, ідучы ўсьлед за маскоўскай палітыкай. Няма нават сэнсу іх крытыкаваць, бо бяз толку, бо яны не ад нацыі, бо ідэалагічна чужыя, сьляпыя ад прыроды і па паходжаньні.

Цяпер яны зьбіраюць у Вільні "канферэнцыю", каб ацалець. Але дастаткова пачытаць праграму гэтай "канфэрэнцыі", каб убачыць, што там за публіка і што яна думае.

Наша беларуская нацыянальная ідэя, якая стварыла беларускую нацыю і дзяржаву Беларусь, вось ужо больш за сто гадоў ёсьць ідэя "Адраджэньня". Пры камуністах за гэтае слова каралі. Яно было забаронена. Бо ідэалёгія беларускага нацыянальнага Адраджэньня гэта ёсьць тое, што яшчэ ў 1918 годзе дало для Беларусі нацыянальнае дзяржаўнае жыцьцё, тое што ўздымае на змаганьне і стварае будучыню, за якую ўжо заплочана мільёнамі жыцьцяў у барацьбе з расейскімі варварамі. Гэтага нельга забыць, бо гэта наша беларуская Свабода, Воля і Незалежнасьць, гэта нашая вялікая Беларуская мова, гэта наша магутнае гістарычнае Вялікае Княства Літоўскае, на якім грунтуецца і стаіць беларускае Адраджэньне, і якое павінна быць адроджана ў вольнай Беларусі. Нарэшче, гэта Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне", які вярнуў незалежнасьць Айчыны.

"Беларусь перад усім!" Гэтага трэба трымацца цяпер у барацьбе, калі ворагі захапілі краіну і душаць народ.

Ёсьць рэчы простыя і канкрэтныя, зь якіх пачынаецца справа. Тыя беларусы, што шукаюць беларускай справы, камунікуйцеся між сабой і стварайце суполкі руху "Вольная Беларусь" па ўсім замежжы. Гэта першы крок, без якога нічога не пачнецца.

Ёсьць вопыт Беларускага Народнага Фронту. Гэтыя стваральныя крокі трэба рабіць дзеля мацаваньня будучай сілы і здабыцьця перамогі.

5 жнівень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК