ЭЦЮД АБ АДКАЗНАСЬЦІ

Агентурны "палітканцэрт", які наладзілі каманды са зьменай груповак, выглядае сапраўды камічна. Але калі, пасьмяяўшыся, гланеш на тое сур'ёзна, то робіцца ня добра ад усьведамленьня таго, да якога нізу апусьцілася беларуская палітыка пасьля рэжымнага вынішчэньня нацыянальнага складніка. Не засталося ніякага ўцямнага ўяўленьня пра лёс дзяржавы і нацыі. І з аднаго, і з другога боку на паверхні плаваюць і правяць паказушны баль варожая агентура, палітгандляры, зрусіфікаваныя сацыяльныя энтузіясты. Беларусь тут толькі на языку, а калі чаго дакладна яны хочуць, дык гэта -- хіба, толькі грошай з чужой халявы.

Здаецца, што грызьня ў лагеры агентурнай пены стала нават выходзіць за рамкі правілаў.

Сёньня, 5 жніўня, на Юцюбе зьявіўся запіс відэа-дыялогу паміж Ціханоўскай і... Азаронкам. Побач з Ціханоўскай сядзеў агент і прафэсійны дыплямат В. Кавалеўскі і назіраў за пагромам Ціханоўсквй, ведаючы, зразумела, што тут парушаныя няпісаныя правілы ў палітычных адносінах.

"Няпісаныя правілы" такія: прыстойны палітык, які валодае аўтарытэтам, пасадай, добрай апініяй, займае вядомае становішча і г. д., не павінен апускацца да сустрэчы і дыялогу з адыёзнай, адвязанай, неадэкватнай, фіглярскай і эпатажнай фігурай ці з палітычным клоўнам, тыпу Жырыноўскага. Сэнсу ў размове з клоўнам няма.

Нагадаю 90-я гады. Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі. На тэлебачаньне запрасілі ўсіх кандыдатаў за адзін стол. У тым ліку Ельцына і Жырыноўскага. Ельцын не прыйшоў. Жырыноўскі "выкабеньваўся" і аж сьлінай пырскаў на пустое крэсла Ельцына. У выніку -- выйграла пустое крэсла Ельцына. Тут прыклад правільных куртуазыйных паводзінаў Ельцына і ягонай каманды.

Яшчэ можна было б зразумець сітуацыю, калі б на размову з фіглярам пагадзіўся б спадар Кавалеўскі ці спадар Франак. Але яны (спадзяюся, усё разумеючы) падставілі пад пагром Ціханоўскую, ведаючы, што ёй складана думаць і цяжка фармуляваць думкі.

Гэта "званочак", пра які я нагадваю ад пачатку: за ўсё будзе адказваць Ціханоўская. Незалежна ад таго, як скончыцца камэдыя групавых перамен. А калі прысмаліць, то і здадуць яе, як Зяньковіч здаў віртуальных "змоўшчыкаў" у віртуальнай камэдыі "Пераварот".

5 жнівень 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК